Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пахаваньні ў прамым эфіры і з тамадой. Як зьмянілася стаўленьне беларусаў да сьмерці


Больш сталі замаўляць сьвятароў для адпяваньня, менш — зьнешніх праяваў жалобы. Большы выбар трун і вянкоў. Менш плачуць. Значна скарацілася працягласьць апошняга разьвітаньня. Як зьмянілася стаўленьне беларусаў да сьмерці — у гутарцы Свабоды з кіраўніком рытуальнага бюро.

Сяргей Крэнгольд амаль 10 гадоў працуе ў рытуальным бізнэсе, узначальвае пахавальнае бюро ў Гомлі. Практычна штодзень Сяргей назірае, як праводзяць людзей з гэтага сьвету ў іншы.

Сяргей Крэнгольд
Сяргей Крэнгольд

«Штодзень бачачы жорсткасьць, людзі сталі абыякавымі да ўсяго»

Сяргей заўважае, што ўсе пахаваньні розныя.

«Нельга стрыгчы ўсіх людзей пад адзін грабянец. Вясельле, дарэчы, можна перайграць. Пахаваньне адбываецца толькі адзін раз. Блізкага чалавека варта з годнасьцю і пашанай праводзіць. Не заўсёды так адбываецца. Больш цяпер „халодных пахаваньняў“. Калі мала хто плача. Такія пахаваньні — нібыта „ўзьлёт — пасадка“. Па-хуткаму вынесьлі, разьвіталіся, завезьлі на могілкі, адвезьлі сваякоў назад у горад. Дзьве гадзіны на ўсё — цяпер прыкладна такі стандарт па часе. Дзьве гадзіны — час на шлях з гэтага сьвету на той», — кажа кіраўнік бюро.

Ён лічыць, што стаўленьне да сьмерці, пахаваньня залежыць ад агульнай сытуацыі ў грамадзтве.

«Людзі бачаць штодзень жорсткасьць, яны вымушаны выжываць — таму настолькі зрабіліся абыякавымі да ўсяго. „Будзе што будзе“. Цяпер шмат сьмерцяў ад анкалёгіі. Таму часта хто хацеў аплакаць, ужо адплакаў сваё», — кажа Сяргей.

Ён зазначае, што хаваюць людзей па-рознаму. Бывае, што людзі плачуць, гаруюць, падаюць на труну.

«Нельга сказаць, што ўсе людзі чэрствыя і абыякавыя. Але цяпер больш стала такіх выпадкаў, калі кажуць: „Ня трэба нам рытуалы, памінкі, вынесьлі-закапалі, і ўсё“.

Ёсьць і выпадкі, калі сваякі моцна пасварыліся і дзесяць гадоў ня зналіся адзін з адным. Потым чалавек памёр. Сваякі просяць: „Проста закапайце яго“, а самі могуць нават не прысутнічаць на гэтай працэдуры», — узгадвае кіраўнік бюро.

Нябожчыка ня вынесьлі, а ўжо кватэру дзеляць

Часам на пахаваньнях пачынаюцца маёмасныя спрэчкі.

«Нават у кватэры сварацца. Ужо няма нікому справы да нябожчыка. Спрачаюцца сваякі: „Я яго больш глядзела, а ты — менш“. Ці асуджаюць: „Во, яна яму лецішча пабудавала, а ён нават на пахаваньне не прыйшоў“. У нас кватэрнае пытаньне па-ранейшаму актуальнае. Бо ў некага пяць кватэр, а іншыя — пяцёра ў адной кватэры жывуць. Натуральна, гэтыя спрэчкі ад беднасьці. Часам прыходзяць праз шэсьць месяцаў пасьля пахаваньня і просяць чэкі аднавіць — каб даказаць у судзе, што яны хавалі чалавека, калі ідуць маёмасныя спрэчкі», — узгадвае кіраўнік бюро.

Няма таго, што раньш было: аркестру, нашэньня труны па вуліцы, прамоў і чорных хустак

Сяргей кажа, што ў вёсках яшчэ захавалася традыцыя абавязкова пранесьці нябожчыка да могілак паўз родны дом, па сваёй вуліцы. У горадзе цяпер нават ад пад’езда да канца дому не нясуць — як раней было. Зьнікае і традыцыя, каб нябожчык абавязкова пераначаваў апошнюю ноч дома.

«Людзі ня хочуць забіраць нябожчыка ў кватэру. Пакідаюць у моргу. Цяпер нават стараюцца ня ставіць нябожчыка для разьвітаньня пад пад’ездам. Некаторыя кажуць: „Навошта нам гэты цырк?“ Некаторыя нябожчыкі пры жыцьці прасілі, каб іх так не выстаўлялі, не хацелі, каб іх бачылі мёртвымі. Ёсьць людзі, якія саромеюцца пахаваньняў», — тлумачыць Сяргей.

Зьмена стаўленьня да сьмерці праяўляецца і вонкава. Цяпер мала хто носіць жалобу, хіба толькі блізкія сваякі і толькі ў дзень пахаваньня. І нават тыя нярэдка абазначаюць жалобу толькі чорнай хусткай, калі гаварыць пра жанчын.

«Цяпер такога няма, каб на пахаваньні былі ў чорным. Летам на пахаваньне могуць прыйсьці і ў шортах, і ў сланцах», — кажа кіраўнік бюро.

Не бяруць на сучасныя пахаваньні дзяцей.

«Памятаю, мне было 3–4 гады, я нёс вянок на пахаваньні маёй бабулі. Цяпер надзвычай рэдка бяруць дзяцей на могілкі. Можа, толькі тады, калі няма з кім пакінуць», — дзеліцца назіраньнямі Сяргей.

«Цяпер ціха закручваюць труну, ці зашчоўкваюць — і ўсё»

З гарадзкіх пахаваньняў цяпер зьнік аркестар.

«Такая паслуга не карыстаецца попытам. Раней з аркестрам і залпамі з аўтаматаў абавязкова хавалі вайскоўцаў, вэтэранаў. Цяпер — не заўсёды. Добра, што з Савету вэтэранаў прыходзяць на пахаваньні, могуць прамову зрабіць, расказаць пра жыцьцёвы шлях памерлага», — заўважае кіраўнік бюро.

На сучасных пахаваньнях зьмяніўся сам гукавы фон. Аркестру няма, людзі менш галосяць. Адышла ў нябыт традыцыя забіваць труну цьвікамі.

«Раней — аркестар грае жалобныя мэлёдыі. Рытуальная служба калоціць малаткамі па труне. У людзей псыхалягічны шок. Цяпер ціха закручваюць труну, ці зашчоўкваюць — і ўсё», — кажа кіраўнік бюро.

Ён заўважае, што рэлігійныя сьпевы ў асноўным суправаджаюць пахаваньні вернікаў пратэстанцкіх канфэсій.

«У праваслаўных больш старых, бабулек. А ў пратэстантаў і моладзь ходзіць. Яны і ў машыне па дарозе на могілкі сьпяваюць, і на могілках», — заўважыў Сяргей.

Беларусы сталі больш карыстацца такой паслугай, як «замовіць бацюшку».

«Не скажу дакладна, ці верыць больш сталі. Гэта ўсё ж больш падобнае да традыцыі ці моды — каб сьвятар адпяваў у царкве ці на могілках. Некаторыя людзі не хадзілі пры жыцьці ў царкву. Але сваякі замаўляюць сьвятара на пахаваньне — каб магілу пасьвяціў, адпяваньне правёў», — кажа Сяргей.

Ці хапае працы пахавальным канторам

Па назіраньнях кіраўніка бюро, у Гомлі ў сярэднім у дзень памірае 30 чалавек. Паслугі па пахаваньнях аказваюць каля 30 кантор.

«Аптымальна, каб добра выканаць сваю працу, якасна аказаць паслугі і ня бегаць з квадратнай галавой — гэта адно пахаваньне на дзень. Гэтага дастаткова. Больш ужо складана», — кажа Сяргей.

Канкурэнцыя сярод пахавальных бюро ёсьць. Сяргей працуе ад «сарафаннага радыё». У яго прыгажэйшы, чым у канкурэнтаў, катафалк, ён першым у горадзе набыў чорны Volkswagen Crafter.

«Людзі бачаць, што можна годна праводзіць нябожчыка ў апошні шлях. Напрыклад, бабулі бачаць у суседа такі катафалк. Просяць нумар пахавальнага бюро, даюць дзецям ці ўнукам, каб яны, калі бабуля памрэ, замовілі паслугу ў гэтай менавіта канторы», — кажа дырэктар бюро.

Ён кажа, што прынцып «хто валодае інфармацыяй — валодае сьветам» працуе і ў сфэры рытуальных паслуг.

«Больш кліентаў атрымліваюць тыя, хто мае доступ да інфармацыі пра памерлых. Хто памёр у шпіталях, трапіў у морг і гэтак далей», — заўважае кіраўнік бюро.

За перадаваньне інфармацыі пра нябожчыкаў «па лініі» моргу і міліцыі ў Гомлі некалькі гадоў таму асудзілі начальніка аднаго зь бюро і некалькі міліцыянтаў.

Пахаваньні: эканом, стандарт, эліт

Дзяржава выдзяляе кожнаму на пахаваньне дапамогу ў памеры 1238 рублёў і 70 капеек.

«Гэтых грошай дастаткова, каб зладзіць годнае пахаваньне. Набыць усё, што трэба, добрай якасьці, замовіць у кавярні памінальны абед на 15 чалавек. Некаторыя людзі стараюцца ашчаджаць. Можна і за 500 рублёў пахаваць. Без памінак», — кажа Сяргей Крэнгольд.

Паводле яго, памінкі цяпер сталі замаўляць радзей. Але па-ранейшаму ёсьць тыя, каму важна праводзіць чалавека ў апошні шлях «з пашанай, з годнасьцю», нягледзячы на кошты.

Людзі трацяць на пахаваньне, па назіраньнях кіраўніка бюро, ад 500 да 2000 рублёў. Месца на агульных могілках за горадам — бясплатнае, калі па агульнай чарзе. Калі хочаш сьпераду могілак быць пахаваным — да 1000 рублёў. Гэтыя грошы горад бярэ сабе.

Самая «эканомная» труна ў краме суразмоўцы каштуе 100 рублёў. Самая дарагая — 700. У менскіх крамах мы знайшлі труну за 3 тысячы. Называецца яна «М-69». Зроблена з таполі і ясеня. Мае бронзавыя і драўляныя ручкі, камплект бялізны.

Кіраўнік бюро кажа, што раней у старых абавязкова былі «прыхаваныя на сьмерць» грошы. Цяпер такога няма. Пэнсіянэры ведаюць, што дзяржава дае дапамогу на пахаваньне і што яе хапае.

«У жанчыны абавязкова знойдзецца ў шафе нешта прыстойнае»

Больш запатрабаваная ў рытуальным бюро мужчынская вопратка — клясычныя гарнітуры.

«У жанчыны абавязкова знойдзецца ў шафе нешта прыстойнае, каб апрануць на сьмерць. Мужчыны часта апранаюцца ў спартыўнае, джынсы, красоўкі. Калі ідуць на пэнсію — ім наогул ня важна, у чым хадзіць на лецішчы. Калі памруць — то і гарнітура няма. Ці, напрыклад, зь вясельля гарнітур застаўся, ды ўжо не налазіць. Наогул, мужчыны паміраюць раней, гэта факт. У нас пэнсійны ўзрост для мужчын — узрост сьмерці», — разважае кіраўнік бюро.

Калі пахаваньне ператвараецца ў цырк

Сяргей жартуе, што ў пахавальным бюро яму лягчэй працаваць, чым раней у будаўнічым бізнэсе.

«Колькі будаўнікі ў мяне крыві выпілі! А тут людзі маўчаць, у труне ляжаць. Адэкватныя людзі таксама разумеюць, што я ім дапамагаю з арганізацыяй пахаваньня, каб яны не пераймаліся, што труну ў адным месцы браць, вянкі — у іншым, транспарт недзе „выбіваць“. Каб годна праводзіць нябожчыка з гэтага сьвету на той», — кажа суразмоўца.

Ён кажа, што заўжды сочыць за тым, каб, напрыклад, разьвітаньне ля пад’езда не цягнулася больш за 30 хвілін.

«Бо суседзі ці калегі нябожчыка прыйдуць, пастаяць 15 хвілін — і пачынаецца балаган, размовы: хто колькі бульбы выкапаў, у каго якія закруткі, хто машыну зьмяніў... Пачынаюць усьміхацца ці жартаваць. Пахаваньне ператвараецца ў цырк», — тлумачыць кіраўнік бюро.

Пахаваньні ў прамым эфіры і з тамадой

На сучасных пахаваньнях зьявілася такая рэч, як «прамыя эфіры». Часам сваякі жывуць далёка — прыкладам, у ЗША, Ізраілі, або проста здароўе не дазваляе прыехаць разьвітацца.

«Сваякі тады ўсё пахаваньне паказваюць праз тэлефоны ў прамым эфіры. Чалавек з таго боку экрану нібыта прысутнічае на цырымоніі», — кажа кіраўнік бюро.

У іншых беларускіх гарадах на пахаваньне могуць паклікаць... тамаду.

«Калі паміраюць важныя людзі, ці сваякі хочуць аддаць асаблівую пашану нябожчыку, то пішуць гісторыю яго жыцьця і просяць зачытаць на пахаваньні. Мы, супрацоўнікі рытуальнага бюро, не красамоўныя людзі. Таму можам запрасіць, напрыклад, тамаду, які красамоўна зачытае гісторыю жыцьця чалавека. У Горадні ёсьць такая паслуга на пахаваньні, як міні-экскурсія. Калі нябожчыка вязуць па тых вуліцах, дзе ён нарадзіўся, жыў, працаваў, і гэта ўсё камэнтуецца», — кажа Сяргей Крэнгольд.

«Цяпер я бачыў усё»

Кіраўнік пахавальнага бюро кажа, што за гады працы ягонае стаўленьне да сьмерці зьмянілася.

«Як ёсьць, так ёсьць. Такая праца. Я працаваў па дамове з камунальнымі службамі — забіраў нябожчыкаў на экспэртызу. Рознае бачыў. Да выгляду мёртвых чалавечых цел прывыкаеш. Першы раз пры арганізацыі пахаваньня баяўся дакрануцца да труны. Многія людзі баяцца сьмерці, нябожчыкаў. Больш было б такіх людзей — у нас было б менш канкурэнтаў», — жартуе кіраўнік бюро.

Ён нагадвае, што ўсе памруць. «Але ніхто ня хоча паміраць. Хацелася б, каб пазьней, каб паглядзець, а што там далей будзе», — кажа кіраўнік бюро.

На разьвітаньне ён жадае, каб больш людзей адэкватна ставіліся і да жыцьця, і да сьмерці.

«Вам, журналістам, тады прасьцей было б працаваць. І нам», — кажа Сяргей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG