Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой мове ставім помнікі нашым продкам? ВІДЭА


Экскурсія па Вайсковых могілках
Экскурсія па Вайсковых могілках

Сьцісла:

  • На беларускіх нэкропалях мала помнікаў па-беларуску; гэта вынік і шматгадовай русыфікацыі і часткова палянізацыі, і памылковага разуменьня традыцыі, і нерашучасьці беларускамоўных у сямейных перамовах.
  • Аднак эпітафіка Беларусі традыцыйна шматмоўная: нават на адных і тых самых могілках знойдзем надпісы рознымі мовамі — расейскай, польскай, царкоўнаславянскай, мовамі іўрыт і ідыш.
  • І беларуская мова (надпісы кірыліцай або лацінкай) на помніку зусім натуральная. Помнікі сьведчаць пра зьмену правапісаў, а таксама пра паступовае вяртаньне тарашкевіцы.
  • Беларускія асаблівасьці прабіваюцца праз расейскую ці польскую мову ў стыхійных „непісьменных“ надпісах. Лепш бы адразу пісалі па-беларуску.
  • Імя па бацьку на -віч/-ўна — не ўласьцівы беларускай іменаслоўнай сыстэме элемэнт, нярэдка яго няма на помніках.
  • Заўсёды ў нас першым было асабовае імя чалавека, а прозьвішча потым: Францішак Скарына. Пасьля вайны пад уплывам савецкай канцыляршчыны памяняўся парадак частак імя на надмагільлі: спачатку прозьвішча. Але традыцыя вяртаецца.
  • Для абазначэньня роду, зь якога паходзіла нябожчыца, маем формы „З роду“, „З дому“, „Народжаная“.
  • ВІДЭА з Вайсковых могілак у Менску:

Далёкія нашчадкі, пабачыўшы надмагільныя помнікі нашага часу, вырашаць, што ў тую эпоху ніякай беларускай мовы і наагул Беларусі не было.

Мы рэдка думаем пра могілкі як моўныя помнікі. І наагул беларуская эпітафіка з мовазнаўчага (і сацыялінгвістычнага ў прыватнасьці) гледзішча — пакуль неаранае поле.

Але, прыкладам, Кальварыйскія і Вайсковыя могілкі — гістарычныя гарадзкія нэкропалі, якія памятаюць Менск як сталіцу БНР і як галоўны горад міжваеннай БССР, а таксама Ўсходнія могілкі сталіцы маюць дастаткова беларускіх эпітафіяў, каб адолець стэрэатып.

Як правіла, беларускую мову блізкія памерлага выбіраюць для надпісу сьвядома, пераадольваючы інэрцыю і забабоны. Кожны ведае, як адказна родзічы ставяцца да надмагільных надпісаў і эпітафіяў; часам і канфлікты бываюць.

Помнік гісторыку і палітыку Міхасю Ткачову, лявей помнік мовазнаўцу Мікалаю Бірылу па-расейску. Усходнія могілкі, Менск
Помнік гісторыку і палітыку Міхасю Ткачову, лявей помнік мовазнаўцу Мікалаю Бірылу па-расейску. Усходнія могілкі, Менск

Калі сьвядома выбіраюць беларускую мову — значыць, яна для іх каштоўнасьць. Але ж ня менш цікавыя і стыхійныя, г. зв. непісьменныя напісаньні — калі пісалі як умелі, за жывым маўленьнем.

Шматмоўныя нэкропалі

Насуперак цяперашняму стэрэатыпнаму ўяўленьню, беларускія могілкі шматмоўныя, прычым некалькі моваў суіснуюць на тым самым нэкропалі, асабліва калі ён стары і вялікі. Прыкладам, на Вайсковых у Менску пабачым усе чатыры афіцыйныя ў міжваенную пару мовы — беларускую, ідыш, польскую і расейскую.

Ушанаваньне памяці Рут Ўолер. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джордж Нол, сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасынга, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Віктар Чараховіч і Дзьмітры Бякцяжкін, дырэктар менскай сярэдняй школы № 130. 4 жніўня 2016 г.
Ушанаваньне памяці Рут Ўолер. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джордж Нол, сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасынга, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Віктар Чараховіч і Дзьмітры Бякцяжкін, дырэктар менскай сярэдняй школы № 130. 4 жніўня 2016 г.

А плюс яшчэ царкоўнаславянскую (помнікі сьвятарам і манашкам); францускую (помнік цешчы Янкі Купалы Эміліі Манэ-Станкевіч); ангельскую (сьціплы помнік супрацоўніцы гуманітарнай місіі ААН амэрыканцы Рут Ўолер, якая, выратаваўшы з вады беларускіх хлопчыкаў, захварэла і памерла); армянскую (знак памяці ахвяраў землятрусу ў Сьпітаку, дзе надпіс таксама і па-беларуску).

Беларускамоўных помнікаў магло быць значна болей. Але знакамітыя навукоўцы, творцы і палітыкі міжваеннай пары, якія маглі мірна спачыць на могілках пад беларускімі эпітафіямі, ляглі ў курапацкія ямы або ў вечную мерзлату.

Усталяваньне крыжа ў памяць Вацлава Ластоўскага. Курапаты, 29 красавіка 2016 году
Усталяваньне крыжа ў памяць Вацлава Ластоўскага. Курапаты, 29 красавіка 2016 году

Моўнае асяродзьдзе нэкропалю ўплывае на тых, хто ставіць там помнік блізкаму. Але надпіс па-беларуску не пярэчыць ніякай традыцыі. Бо беларуская традыцыя дапускае шматмоўнасьць.

Дарэчы, калі на нейкіх могілках пераважаюць надпісы, напрыклад, па-польску (натуральна, лацінскай графікай), то нішто не перашкаджае паставіць помнік там (і ня толькі там) па-беларуску, прычым беларускай лацінкай — адным з двух нашых нацыянальных альфабэтаў.

Надмагільле мовазнаўцу Яну Станкевічу і яго жонцы Марыі. Могілкі БАПЦ, Іст-Брансўік, ЗША
Надмагільле мовазнаўцу Яну Станкевічу і яго жонцы Марыі. Могілкі БАПЦ, Іст-Брансўік, ЗША

Настаўнік Каленчыц са Случчыны

Вельмі каштоўныя надпісы па-беларуску над магіламі знакамітых творцаў і дзеячоў беларускае культуры й палітыкі. Але для моўнай гармоніі ды сацыялінгвістычнага аналізу ня менш важныя эпітафіі па-беларуску іншым людзям — розных заняткаў і рознага статусу.​

Вайсковыя могілкі, Менск. Андрэй Данілавіч Каленчыц, настаўнік са Случчыны
Вайсковыя могілкі, Менск. Андрэй Данілавіч Каленчыц, настаўнік са Случчыны

Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Карбановічаў
Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Карбановічаў

Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Фабрыставых
Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Фабрыставых

Вайсковыя могілкі. Сям’я Багінскіх
Вайсковыя могілкі. Сям’я Багінскіх

А таксама эпітафіі з імёнамі Аляксандры Пуроўскай, Марылі Розум і Льва Розума, Юзэфы Саўрыцкай і Лёні Рубаніка ды многіх іншых.

Піанэрка, але яшчэ недастаткова інтэрнацыянальная...

На помніках, пастаўленых да 1933 году (да правапісна-моўнай „рэформы“), — надпісы клясычным правапісам, а таксама з адметнай граматыкай ды лексыкай.

Вайсковыя могілкі. Сьпявак Арсэн Арсэнко (цяпер афіц. Арсеній Арсенка)
Вайсковыя могілкі. Сьпявак Арсэн Арсэнко (цяпер афіц. Арсеній Арсенка)

Вайсковыя могілкі. „Піанэрка“ Галя Вайтэнкава
Вайсковыя могілкі. „Піанэрка“ Галя Вайтэнкава

Піанэрка — зь цьвёрдым Н адпаведна правілам клясычнага правапісу, а таксама з аканьнем. Слова ў БССР шматпакутнае, яго пісалі яшчэ і піянэр, і піянер, і піонэр. Урэшце ў 1933 годзе пастаўлена пагрозьлівая кропка:

Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз „о“: у нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы „комуна“, „комунізм“, „рэволюцыя“, „совет“, „соцыялізм“, „большэвік“, „піонер“, „Комінтэрн“, „комсамол“, „пролетарый“... пішуцца і ў нас праз „о“, г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма.

Так што напісаньне піанэрка ў 1933 годзе раптам стала праяваю нацдэмаўшчыны...

Надпісы клясычным правапісам аднавіліся ў найноўшы час. Гэта, прыкладам, эпітафія Сьвятлане Клімковіч; Вітаўт Кіпель паставіў помнік сваёй бабулі Марфе Ваўчок-Зубкоўскай і яе брату Лукашу Ваўчку.

Міхась, але Нікалай

Гістарычна ў нас не было моцнага кантрасту паміж статусам так званых афіцыйных (раней царкоўных, кананічных, пазьней „пашпартных“) і народных, фактычна нацыянальных формаў імёнаў. Гэты стэрэатып — нібыта народнае імя непрыдатнае для паперы і каменю — прыйшоў з Расейскай імпэрыі ды савецкіх канцылярскіх шаблёнаў.

І ўсё ж над магіламі пісьменьнікаў бачым беларускія нацыянальныя формы агульнахрысьціянскіх імёнаў, якімі яны сябе называлі: Янка (Купала), Паўлюк (Трус), Алесь (Гурло), Міхась (Клімковіч)...

Вайсковыя могілкі, Менск. Паэт Паўлюк Трус
Вайсковыя могілкі, Менск. Паэт Паўлюк Трус

Ніякія гэта не памяншальна-паблажлівыя, а паўнавартасныя, стылёва нэўтральныя імёны, калі нашчадкі творцаў палічылі магчымым увечніць іх у камені. Зрэшты, імёны такія годна насілі ня толькі творцы, а і вельмі патрэбныя гарадзкой гаспадарцы людзі:

Вайсковыя могілкі, Менск. Янка Вашкевіч. Імя прымальнае і ў расейскім напісаньні
Вайсковыя могілкі, Менск. Янка Вашкевіч. Імя прымальнае і ў расейскім напісаньні

Мужчынскія імёны грэцкага і лацінскага паходжаньня на -ios/-ius беларуская мова асвойвала або з нулявым канчаткам, або формамі без канцавога -й: Васіль, Арсен, Георгі (старая народная форма Юры). Напісаньні накшталт Георгій замацаваліся праз расейскі ўплыў.

Вайсковыя могілкі, Менск. Пісьменьнік Георгі Шчарбатаў
Вайсковыя могілкі, Менск. Пісьменьнік Георгі Шчарбатаў

У розныя пэрыяды рознае было і стаўленьне (у тым ліку навязанае звонку) да выразна беларускага характару іншых імёнаў. Усе прыклады, калі беларуса ў беларускамоўнай эпітафіі называюць Нікалай, паходзяць з 1930-х — 50-х гадоў.

Вайсковыя могілкі. Помнік акадэміку Мікалаю Блёдуху
Вайсковыя могілкі. Помнік акадэміку Мікалаю Блёдуху

Але ў наш час, як толькі імпэрская хватка была аслабленая, беларускія нацыянальныя формы імёнаў вярнуліся на магільныя камяні.

Помнік рэжысэру Міколу Трухану. Усходнія могілкі, Менск
Помнік рэжысэру Міколу Трухану. Усходнія могілкі, Менск

Пятроў сын

Імя па бацьку на -віч, -ўна як абавязковая частка найменьня чалавека не ўжывалася ў Беларусі цягам апошніх стагодзьдзяў, яно прыйшло разам з расейскай акупацыяй і савецкай уладай. Ужо ў XX ст. пры патрэбе, у дакумэнтах з абавязковай графой „імя па бацьку“, людзі запісвалі бацькава імя ў родным склоне: чый сын / чыя дачка? Янаў, Пятрова.

Знаходзім прыклады, калі расейская мадэль імя па бацьку не выкарыстоўвалася, і на розных могілках:

Беларуская народная форма імя па бацьку. Баслаўцы, Слуцкі раён
Беларуская народная форма імя па бацьку. Баслаўцы, Слуцкі раён

Паўлюк Трус? Не, грамадзянін Трус П.

У ХХ стагодзьдзі ў Беларусі памяняўся парадак кампанэнтаў імя ў эпітафіях.

Даўней было натуральна: перш асабовае імя, а потым імя па бацьку (неабавязкова) і прозьвішча. Наагул у нашым рэгіёне Эўропы асобу характарызуе найперш уласнае асабовае імя, яно гістарычна і зьявілася першым — задоўга да мянушак, патронімаў, геаграфічных азначэньняў, прыдомкаў, якія сталі прозьвішчамі.

На сучасных жа могілках пануе адваротны парадак: прозьвішча + імя + імя па бацьку.

Часам на адным і тым самым помніку бачым і ранейшую натуральную, і пазьнейшую адваротную пасьлядоўнасьць: Алесь Кандратавіч Гурло (памёр у 1938 г.) і Гурло Мария Владимировна (пам. у 1993). Або:

Вайсковыя могілкі. Розны парадак складнікаў імя на адным помніку
Вайсковыя могілкі. Розны парадак складнікаў імя на адным помніку

Зьмена пачалася да вайны, але пералом адбыўся прыблізна ў 1940-я. Хаця і раней бывалі прэцэдэнты, як гэты помнік „чырвоным партызанам“, сьпіс на якім, хутчэй за ўсё, з адпаведнага рапарту.

Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік „чырвоным партызанам“ 1920 г.
Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік „чырвоным партызанам“ 1920 г.

Прычына зруху, на маю думку, відавочная: савецкі канцылярскі стыль, „учотная ведамасьць“, дзе асоба была на апошнім месцы. Для пэўнасьці пашукаў працы іншых дасьледнікаў. Расейскія мовазнаўцы М. Кітайгародзкая і Н. Розанава ў грунтоўнай працы „К характеристике жанра современной эпитафии в социокультурном аспекте“ пацьвердзілі маю гіпотэзу:

„Компоненты имени умершего располагались в следующем порядке: ИМЯ+ОТЧЕСТВО+ФАМИЛИЯ.
На современных памятниках ... наиболее распространен инвертированный порядок следования компонентов имени: ФАМИЛИЯ+ИМЯ+ОТЧЕСТВО. Подобная форма представления имени собственного, характерная для официально-делового стиля, отражает влияние советского казенно-канцелярского стереотипа... Ниже полного имени располагаются годы жизни и смерти (часто без указания месяца и даты), которые даются через тире“.

Вось і на Вайсковых могілках спэцкамбінат Менгарвыканкаму скараціў да немагчымага эпітафіі на так званых „надгалоўніках“, як быццам зазіраючы ў гэтую навуковую працу — у поўнай адпаведнасьці з савецкім канонам.

Вайсковыя могілкі, Менск. Арыгінал надпісу. Фота Зьм. Юркевіча
Вайсковыя могілкі, Менск. Арыгінал надпісу. Фота Зьм. Юркевіча

Вайсковыя могілкі, Менск. „Надгалоўнік“ з адвольна скарочаным, перастаўленым і зьмененым надпісам. Фота Зьм. Юркевіча
Вайсковыя могілкі, Менск. „Надгалоўнік“ з адвольна скарочаным, перастаўленым і зьмененым надпісам. Фота Зьм. Юркевіча

​І без згрызотаў сумленьня мяняе парадак найменьня чалавека, чым прынцыпова скажае антрапанімічны лад арыгінальнай эпітафіі.​

У традыцыйных надмагільных інскрыпцыях прозьвішча ідзе першым у фамільных склепах ці на супольным помніку для некалькіх чалавек адной радзіны.

Надмагільле Вінцэнту Жук-Грышкевічу і яго жонцы Раісе. Могілкі БАПЦ ў Іст-Брансўіку, ЗША
Надмагільле Вінцэнту Жук-Грышкевічу і яго жонцы Раісе. Могілкі БАПЦ ў Іст-Брансўіку, ЗША

„З дому“ ці „з роду“?

Традыцыі надмагільных надпісаў па-беларуску толькі пачыналі складацца ў міжваенны час. На жаль, іх натуральнае разьвіцьцё было перапыненае пасьляваеннай русыфікацыяй. І людзі, якія цяпер афармляюць па-беларуску помнікі сваім бацькам і старэйшым продкам, задумваюцца, а як было б правільна ці то традыцыйна, скажам, пазначыць там дзявочае прозьвішча жанчыны (каб увечніць яе род у камені).

Аднак фармаваньне традыцыяў прадоўжылася на нэкропалях паваеннай беларускай дыяспары. Так, на беларускіх могілках парафіі Жыровіцкае Божае Маці БАПЦ у Іст-Брансўіку і і праваслаўных могілках Сьв. Эўфрасіньні ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, ЗША) знойдзем розныя варыянты: зусім без злучальных словаў; словы „З дому“; „З р[оду].“; „Нар[оджаная].“; „Rodž[anaja].“ — апошняе толькі на фамільным надмагільлі Яна Станкевіча і ягонай жонкі.

Галяк Леанід (і) Раіса, нар. Лукашэвіч
Войтанка Віктар, сьвятар, (і) матушка Марыя, з дому Хіневіч
Марыя Данілюк, нар. Стальмашук
Жук-Грышкевіч др. Вінцэнт (і) др. Раіса, з дому Жукоўская
Раіса Паўлаўна Евец (Палуйчык)
Русак Васіль (і) Галіна з р. Родзько
Сажыч Барбара з роду Мазуро (і) Язэп, др. мэд. — генэрал
Фатыня Моніка Даніловіч, дочка Сьцяпана і Марыі Арабей

Такім чынам, пакуль што адзінага канону няма, але з гэтых трох варыянтаў ужо можна выбіраць.

Эпітафіі як люстэрка лёсу прозьвішчаў

Русыфікацыя беларускіх прозьвішчаў адбывалася ў некалькі этапаў. Найперш прышлыя ўлады ўжо з канца XVIII ст. перапісвалі тутэйшых жыхароў адпаведна расейскай фанэтыцы і іменаслоўным традыцыям. Пазьней ужо і самыя людзі — у расейскім/савецкім войску, пераяжджаючы ў горад, робячы дзяржаўную кар’еру — дапасоўвалі як умелі свае нязвыклыя для Масквы імёны-прозьвішчы да агульнаімпэрскага стандарту. На могілках Беларусі мноства сьведчаньняў правапіснага разнабою прозьвішчаў: людзі імкнуліся запісаць іх „правільна“.

Вайсковыя могілкі, Менск. Прозьвішча Акола
Вайсковыя могілкі, Менск. Прозьвішча Акола

А побач помнік сям’і — Околовы.

Невядома, ці пісаў імя КNРАСNРОВА Феня (пам. у 1947) кірыліцай лацінкапісьменны, ці проста малапісьменны, але маем помнік эпітафічнай творчасьці. І няўжо яго маюць выпраўляць чужыя людзі?​

Напісаньні ў эпітафіі зьберагаюць моўную сытуацыю эпохі, моўнае пачуцьцё родзічаў памерлага (ці сьвятара, ці нават разьбяра, а часам начальства). Прыклад афіцыйнай эпітафіі з макаранічнай устаўкай ды зрусыфікаванымі формамі імёнаў:​

Вайсковыя могілкі. Помнік У. Крыловічу
Вайсковыя могілкі. Помнік У. Крыловічу

А гэта беларускі помнік ад сям’і.

Вайсковыя могілкі, Менск. Адам Пятровіч, эпітафія зь мімавольнымі памылкамі. Фота Марысі Максіменкі
Вайсковыя могілкі, Менск. Адам Пятровіч, эпітафія зь мімавольнымі памылкамі. Фота Марысі Максіменкі

Ня ведаю, ці расейскамоўныя напісаньні накшталт Дзявочко, Миранович, Леванович, іншыя адпавядаюць дакумэнтальным формам прозьвішчаў, але ў кожным разе яны зьберагаюць рысы беларускае фанэтыкі (як і Вовачка).

Дарэчы, „гіпэрнармальныя“ напісаньні накшталт Сушо, Томара — таксама сьведчаньне беларускага ўплыву, калі чалавек інтуіцыйна ўнікае на пісьме „аканьня“.

Лягічна, што адно з найважнейшых правілаў, замацаваных ва ўсясьветнай практыцы рэстаўрацыі могілак як помніку культуры, — пры неабходнасьці рабіць копію эпітафіі або абнавіць яе, але не мяняць ані літары, ані знаку.

А ў нас... Пахаваньне дзіцяці (Валечка Хрущев, фота вышэй) зазнала „благаўпарадкаваньне“. Тут ня толькі пракрустаўскі падыход да тэкстаў і датаў, ня толькі саветызацыя парадку кампанэнтаў імя. На якой падставе мяняецца напісаньне прозьвішча Хрущев і чаму яно цяпер Хрущёв? А можа тая сям’я — Хрýшчавы?

Беларусізацыя — у руках сям’і

Мяняць мову і нешта карэктаваць на новай эпітафіі — права і справа нашчадкаў. Цешыць вока, калі яны спраўляюць новы помнік родным па-беларуску, прычым вельмі карэктна:

Вайсковыя могілкі. Прыклад карэктнай беларусізацыі
Вайсковыя могілкі. Прыклад карэктнай беларусізацыі

Імёны і прозьвішчы па-беларуску — на новай пліце. Але пакінутая для інфармацыі і сьціплая ранейшая таблічка.

У культурнай сям’і дакладна ведаюць, як гучала па-беларуску імя і прозьвішча продка:

Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік Міхаілу Шатэрніку, новая таблічка па-беларуску. Фота Кацярыны Парыжаскай
Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік Міхаілу Шатэрніку, новая таблічка па-беларуску. Фота Кацярыны Парыжаскай

Без кансультацыі зь сям’ёй у чыноўніка атрымаўся б „Шацернік“.

А як робяць у сьвеце?

Надпісы як форму культурнай спадчыны называе Канвэнцыя аб ахове ўсясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO (1972, Беларусь падпісала ў 1988). Лёс надпісаў як помнікаў адсочваюць нацыянальныя і рэлігійныя супольнасьці. Прыкладам, Рада правоў чалавека ААН занепакоеная зьнікненьнем армянскіх надмагільных камянёў падчас рэстаўрацыйных працаў, якія вялі турэцка-кіпрскія ўлады (2017 г.).

Зьвернемся да досьведу краін, дзе нашых „благаўстраіцеляў“ і на гарматны стрэл не дапусьцілі б да рэканструкцыі могілак:

Сымбалі і тэксты, напісаныя на надмагільлях, зьмяшчаюць важную інфармацыю для разуменьня мінуўшчыны. (...) Матэрыял, формы, надпісы і ўпрыгожаньні, выяўленыя на надмагільлях, ёсьць важнымі кампанэнтамі матэрыяльнай культуры.
(Агенцтва захаваньня гістарычнай спадчыны штату Ілінойс, ЗША)

Мова надпісу і выбар спадарожнай біблійнай цытаты ці верша можа адлюстроўваць стаўленьне супольнасьці або рэлігійнай грамады таго часу, або стаўленьне спадкаемцаў ці нашчадкаў, ці густы і меркаваньні тых, хто адышоў.
...Надпісы і ўпрыгожаньні на камянях, якія ўяўляюць цікавасьць з прычыны іхнага стылю і характару, не павінны высякацца наноў. (...) Іншыя надпісы могуць быць высечаныя наноў пры ўмове, што: 1) іх высякае кампэтэнтны разьбяр; 2) дакладны выгляд і памылкі арыгіналу старанна зьберагаюцца.
(Нацыянальны фонд Аўстраліі, штат Новая Паўднёвая Валія)

Дарэчы, ёсьць бліжэйшы досьвед. Гістарычныя віленскія могілкі Роса рэканструююць за 3 млн эўраў, большую частку гэтае сумы Віленскае самакіраваньне атрымала з Фонду рэгіянальнага разьвіцьця Эўрапейскага Зьвязу. Як іх упарадкоўваюць — кожны зможа пабачыць: дакумэнты адкрытыя, да могілак цяпер увага ў зьвязку зь перапахаваньнем паўстанцаў 1863 году. Папярэдне літоўскія і польскія навукоўцы падрыхтавалі канцэпцыю ўпарадкаваньня, выканаўшы праект „Могілкі на Росе ў Вільні. Інвэнтарызацыйныя, гістарычныя і мовазнаўчыя дасьледаваньні“.

Зрэшты, яшчэ ў анкеце для літоўскіх дыялектолягаў 1997 году, якую ўклаў разам з Л. Грумадзене вядомы мовазнаўца, некалі супрацоўнік АН Беларусі Валер Чэкман, ёсьць адмысловае пытаньне пра найменьні людзей і мясьцінаў на надмагільных помніках — для аднаўленьня „моўнага краявіду“ розных эпох.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG