Інтэрактыўная мапа Вайсковых могілак. Спэцпраект «Беларускі нацыянальны нэкропаль» Title

Беларускі нацыянальны нэкропаль

Вайсковыя могілкі

Гісторыя

Чаму могілкі называюцца Вайсковымі

Вайсковыя могілкі — адзін з найстарэйшых нэкропаляў у межах Менску.

Першыя ў Менску могілкі, дзе хавалі выключна вайскоўцаў, зьявіліся ў Беларусі за расейскім часам — у 1840-х гадах на вуліцы Шпітальнай на Доўгім Бродзе (раён сёньняшняй вуліцы Казлова). За пяцьдзясят гадоў могілкі перапоўніліся, і таму ў 1895 годзе гарадзкія ўлады іх закрылі.

Новыя вайсковыя могілкі заснавалі побач. Яны былі падзеленыя алеямі на чатыры часткі, дзе хавалі пяхотнікаў, артылерыстаў і іншых вайскоўцаў.

Урачыста асьвяцілі могілкі 2 чэрвеня 1895 году.

У царкве хацелі адкрыць майстэрню для вырабу дамавін

У 1898 годзе на могілках пабудавалі мураваную праваслаўную царкву Аляксандра Неўскага. Яна была задуманая як помнік воінам, якія аддалі свае жыцьці ў расейска-турэцкай вайне 1877–1878 гадоў. Усярэдзіне храма месьцяцца пліты з выбітымі на іх імёнамі 118 беларусаў — ваяроў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га артылерыйскага Каломенскага палка расейскай арміі. Яны загінулі, адбіваючы ад туркаў баўгарскі горад Плевэн.

Савецкія ўлады зачынілі царкву перад вайной. Падчас нямецкай акупацыі тут аднавілі службу. У паваенны час гарадзкія ўлады хацелі адкрыць у царкве пры могілках майстэрню вырабляць труны. Але пляны ня зьдзейсьніліся, і царква Аляксандра Неўскага заставалася адным зь нямногіх дзейных храмаў у савецкім Менску.

Як могілкі сталі нацыянальным нэкропалем

У 1917 годзе могілкі перайшлі да дзяржавы і ў міжваенны час сталі месцам пахаваньня выбітных дзяржаўных дзеячоў, вайскоўцаў, навукоўцаў, творцаў. Тут пахаваныя адзін са стваральнікаў БССР Аляксандар Чарвякоў, першы прэзыдэнт Інстытуту беларускае культуры і Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі. Гэта месца апошняга спачыну выбітных пісьменьнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Паўлюка Труса, Валянціна Таўлая. У 1959-м могілкі закрылі для пахаваньняў.

Пантэон Купалы і Коласа

Цэнтральнае месца на Вайсковых могілках займаюць манумэнтальныя скульптурныя комплексы над магіламі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Побач магілы іх жонак.

Пасьля загадкавай сьмерці Купалы ў Маскве ў 1942 годзе ягоны прах быў пахаваны на тамтэйшых Ваганькаўскіх могілках. І толькі ў 1962 годзе урну з прахам перапахавалі ў Менску — побач з магілай Якуба Коласа. Архітэктарам абодвух надмагільляў быў Міхаіл Мызьнікаў.

Братняя магіла сяброў СБМ

На Вайсковых могілках ёсьць братняя магіла, дзе пахаваныя 13 маладых людзей. Яны загінулі на ўрачыстасьці з нагоды заснаваньня Саюзу беларускай моладзі ў будынку цяперашняга Купалаўскага тэатру. Падчас спэктаклю паводле п’есы Францішка Аляхновіча партызаны плянавалі забіць кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Вільгельма Кубэ, але падарвалі сяброў СБМ, у тым ліку сына паэткі Натальлі Арсеньневай.

Разбурэньне

У 2018 годзе было аб’яўлена пра добраўпарадкаваньне на Вайсковых могілках. Супрацоўнікі спэцкамбінату камунальнага бытавога абслугоўваньня (КБА) пачалі дэмантаж многіх агароджаў і помнікаў, якія замянялі на танныя бэтонныя «надгалоўнікі».

Гісторыкі, рэстаўратары, родзічы пахаваных заявілі, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікалі да абароны могілак. Была створана грамадзкая ініцыятыва «Вайсковыя могілкі», удзельнікі якой цэлы год добраўпарадкавалі пахаваньні. Пасьля звароту пракуратуры ў Міністэрства культуры і Менгарвыканкам і судовага працэсу нашчадкаў пахаваных супраць КБА разбурэньні старых магіл прыпыніліся. Аднак рабочыя пасьпелі «добраўпарадкаваць» палову могілак і зьнішчылі каля 300 старых надмагільляў.

Мапа

Хто пахаваны на вайсковых могілках

1
Уладзімер Агіевіч
паэт
2
Алеся Александровіч
літаратуразнаўца
3
Арсэн Арсэнка
сьпявак
4
Мікалай Бліадухо
акадэмік, геоляг
5
Фёдар Блошкін
бацька паэта Міхася Багуна
6
Міхаіл Бобрык
заслужаны лекар БССР
7
Язэп Васілеўскі
сьпявак
8
Марфа і Лукаш Ваўчкі
бабуля і дзед Вітаўта Кіпеля
9
Максім Выдрын
мэдык
10
Генрых Грыгоніс
актор
11
Алесь Гурло
паэт
12
Усевалад Ігнатоўскі
гісторык
13
Сяргей Кавалік
рэвалюцыянэр-народнік
14
Андрэй Каленчыц
настаўнік
15
Марыя Каменская
цешча Якуба Коласа
16
Арсен Канчэўскі
актывіст у Заходняй Беларусі
17
Міхась Клімковіч
аўтар тэкста гімна БССР
18
Якуб Колас
народны паэт Беларусі
19
Яўген Корчыц
хірург
20
Якаў Кругер
жывапісец
21
Уладзімер Крыловіч
актор
22
Янка Купала
народны паэт Беларусі
23
Кушнер Іван (1908–1943)
праваслаўны сьвятар
24
Алесь Ліпнёвы
паэт
25
Абрам Лур’е
прафэсар эканомікі
26
Бянігна Луцэвіч (Валасевіч)
маці Янкі Купалы
27
Вера Лютава
паэтка
28
Эмілія Манэ-Станкевіч
цешча Янкі Купалы
29
Міхаіл Мароз
палітычны дзеяч
30
Еўсьцігней Міровіч
драматург
31
Аркадзь Моркаўка
паэт
32
Платон Саевіч
міністар асьветы БССР
33
Юры Рудзько
пісьменьнік
34
Несьцер Сакалоўскі
аўтар музыкі гімна БССР
35
Эдуард Самуйлёнак
драматург
36
Барыс (Борух) Сольц
рэдактар
37
Рыгор Страшко
журналіст
38
Валянцін Таўлай
паэт
39
Паўлюк Трус
паэт
40
Аляксей Туранкоў
кампазытар
41
Сяргей Урванцоў
заснавальнік хуткай дапамогі ў Менску
42
Рут Ўолер
амэрыканская місіянэрка
43
Іван Хозераў
мастацтвазнаўца
44
Аляксандар Чарвякоў
палітык
45
Кузьма Чорны
пісьменьнік
46
Георгі Шчарбатоў
пісьменьнік
47
Язэп Юхо
гісторык
48
Герасім Якушка
архітэктар
49
сябры Саюзу беларускай моладзі
50
парэшткі з плошчы Свабоды
знойдзеныя на месцы былога ўніяцкага кляштару
51
ахвяры пажару 1946 года
52
Вайскоўцы
Загінулыя падчас Другой усясьветнай вайны
Уладзімер Агіевіч (1910–1952)

Літаратар, паэт, перакладнік. Працаваў у Менскім пэдагагічным інстытуце, у часопісе «Беларусь». Крытык, пісаў артыкулы пра творчасьць Купалы і Коласа і пасьляваенную літаратуру.

Алеся Александровіч (1904–1947)

Літаратуразнаўца, сястра паэта і дзіцячага пісьменьніка Андрэя Александровіча. Удзельнічала ў клюбе «Беларуская хатка», сьпявала ў хоры пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага. Склала чытанкі для беларускай школы, хрэстаматыі беларускай літаратуры. Жонка пэдагога Міхаіла Мароза, іх імёны на супольным помніку.

Арсэн Арсэнка (1903–1945)

Найвядомейшы барытон краіны, народны артыст БССР, саліст Дзяржаўнага тэатру опэры і балету. Першы выканаўца галоўнай партыі ў опэрах «У пушчах Палесься» А. Багатырова, «Кветка шчасьця» А. Туранкова.

Мікалай Бліадухо (1878–1935)

Геоляг, акадэмік Беларускай акадэміі навук. Дырэктар Інстытуту геалёгіі і гідрагеалёгіі БАН у 1929–1935 гадах. Узначальваў дасьледчыя экспэдыцыі ў Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акругах. Вывучаў крэйдавыя адклады і фасфарыты на паўднёвым усходзе Беларусі.

Фёдар Блошкін

Бацька Міхася Багуна, рэпрэсаванага паэта, празаіка і перакладніка.

Міхаіл Бобрык (1901–1956)

Загадчык катэдры агульнай хірургіі Менскага мэдычнага інстытуту, галоўны анколяг Міністэрства аховы здароўя, заслужаны лекар БССР. Напісаў шэраг навуковых працаў у пытаньнях анкалёгіі. У 1956 годзе праапэраваў Якуба Коласа. Пахаваны побач з Коласам.

Язэп Васілеўскі

Сьпявак у хоры Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру (цяпер тэатар імя Янкі Купалы) пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага.

Марфа і Лукаш Ваўчкі

Бабуля і дзед Вітаўта Кіпеля, гісторыка, бібліёграфа, дзеяча беларускай дыяспары.

Максім Выдрын (1870–1951)

Заснавальнік і кіраўнік першай у Беларусі катэдры акушэрства і гінэкалёгіі, аўтар падручнікаў.

Генрых Грыгоніс (1889–1955)

Актор тэатру і кіно. Граў у «Паўлінцы» і «Раскіданым гнязьдзе» па п’есах Купалы, якія ставіла Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі. З 1920 году ў БДТ-1 (цяпер тэатар імя Янкі Купалы). Выконваў ролі ў пастаноўках па творах Чарота, Міровіча, Бядулі.

Алесь Гурло (1892–1938)

Паэт, празаік, перакладнік, лінгвіст. Працаваў у тэрміналягічнай камісіі Інбелкульту. Браў удзел у стварэньні тэрміналягічных слоўнікаў, выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналёгія». Аўтар пяці паэтычных зборнікаў. Перакладаў на беларускую мову з расейскай і ўкраінскай.

Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931)

Грамадзкі і палітычны дзяяч, гісторык. Першы прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук. Быў сярод падпісантаў Дэклярацыі аб абвяшчэньні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 году. Народны камісар земляробства, народны камісар асьветы БССР. Паводле афіцыйнай вэрсіі, скончыў самагубствам.

Сяргей Кавалік (1846–1926)

Рэвалюцыянэр-народнік. Кандыдат матэматыкі. Адзін з арганізатараў «хаджэньня ў народ» рэвалюцыйных народнікаў Расеі. Адбываў катаргу ў Якуціі і Сібіры. З пачатку XX стагодзьдзя жыў у Менску, быў старастам менскага аддзяленьня Ўсесаюзнага таварыства былых паліткатаржанаў і ссыльнапасяленцаў.

Андрэй Каленчыц

Настаўнік са Случчыны, надмагільны надпіс зроблены па-беларуску. Памёр у 1927 годзе.

Марыя Каменская (1850–1928)

Цешча Якуба Коласа.

Арсен Канчэўскі (1901–1931)

Публіцыст, актывіст Таварыства беларускай школы, асуджаны польскімі ўладамі на 4 гады зьняволеньня, бо ўваходзіў у ЦК Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Брат філёзафа Ігната Канчэўскага.

Міхась Клімковіч (1899–1954)

Паэт, драматург, празаік, крытык, аўтар тэксту гімна БССР «Мы, беларусы». Напісаў драматычную трылёгію «Георгій Скарына», лібрэта да балету «Князь-возера», опэры «Кастусь Каліноўскі». Побач пахаваныя жонка Марыя, дочкі пісьменьніца Сьвятлана і філёляг Мая.

Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч, 1882–1956)

дзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі. Аўтар паэмаў «Новая зямля» і «Сымон-музыка», раману «На ростанях». Побач пахаваныя жонка Марыя Міцкевіч і сын Даніла Міцкевіч. Чытайце «20 нечаканых фактаў» пра Коласа на Свабодзе.

Яўген Корчыц (1880–1950)

выбітны хірург, які стаяў ля вытокаў хірургіі ў Беларусі, чалец-карэспандэнт Акадэміі навук. Аўтар больш як 90 навуковых працаў. Узначальваў катэдры хірургіі на мэдычным факультэце БДУ і ў Беларускім мэдычным інстытуце.

Якаў (Янкель) Кругер (1869–1940)

Жывапісец-партрэтыст, заслужаны дзяяч мастацтваў БССР. Вучыўся ў Варшаве, Кіеве, Парыжы і Пецярбургу. У 1904 годзе адкрыў у Менску курсы рысаваньня і жывапісу. Ягонымі вучнямі былі Міхаіл Станюта, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Іван Ахрэмчык, Заір Азгур.

Уладзімер Крыловіч (1895–1937)

Актор, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру. З 1921 году ў Першым Беларускім дзяржаўным тэатры (сёньня тэатар імя Янкі Купалы). Выконваў ролі ў спэктаклях «Паўлінка», «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» ды інш. Заслужаны артыст БССР.

Янка Купала (Ян Луцэвіч, 1882–1942)

Адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі. Аўтар п’есаў «Паўлінка» і «Тутэйшыя». Побач пахаваная жонка Ўладзіслава Луцэвіч. Чытайце «20 нечаканых фактаў» пра Янку Купалу і Ўладзіславу Луцэвіч на Свабодзе.

Іван Кушнер (1908–1943)

Праваслаўны сьвятар, протаярэй Літоўскай япархіі, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху ХХ ст. Удзельнічаў у працы перадсаборнай праваслаўнай камісіі і Ўсебеларускага царкоўнага сабору ў 1942 годзе, на якім абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы.

Алесь Ліпнёвы (Абрам Ашаровіч, 1909–1933)

Паэт, таксама выступаў у друку з нарысамі, апавяданьнямі. Працаваў у рэдакцыях газэт «Чырвоная зьмена», «Зьвязда», адказным сакратаром часопісу «Напагатове».

Абрам Лур’е (1895–1972)

Прафэсар эканомікі, падрыхтаваў каля сотні асьпірантаў-эканамістаў. У 1940 годзе ўзначаліў новаствораную катэдру палітэканоміі БДУ. Пераклаў на ідыш кнігу «Эканамічнае вучэньне К. Маркса».

Бянігна Луцэвіч (Валасевіч, 1857–1942),

Маці Янкі Купалы, народнага паэта Беларусі.

Вера Лютава (1912–1954)

Друкавала вершы на расейскай мове ў смаленскіх абласных газэтах, часопісах «Смена» і «Огонёк». Пасьля вайны ўзначальвала сэкцыю расейскай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў БССР.

Эмілія Манэ-Станкевіч (1853–1922)

Цешча Янкі Купалы, народнага паэта Беларусі. Паходзіць з роду францускага мастака-імпрэсіяніста Клёда Манэ.

Міхаіл Мароз (1895–1944?)

Пэдагог, дзяржаўны дзяяч, паўнамоцны прадстаўнік БССР пры ўрадзе РСФСР. Кіраўнік справаў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульту па ахове помнікаў старадаўнасьці, мастацтва і прыроды. Памёр у лягеры НКВД. Дакладнае месца і дата сьмерці невядомыя. Яго імя на супольным помніку з жонкай, літаратуразнаўцай Алесяй Александровіч.

Еўсьцігней Міровіч (1878–1952)

драматург і тэатральны рэжысэр. Мастацкі кіраўнік, а затым рэжысэр БДТ—1 (цяпер тэатар імя Янкі Купалы). Спэктакль і фільм, пастаўленыя паводле п’есы Міровіча «Кастусь Каліноўскі», абудзілі інтарэс да гэтай гістарычнай асобы. Чытайце «20 нечаканых фактаў» пра Міровіча на Свабодзе.

Аркадзь Моркаўка (1900–1957)

Паэт. Уваходзіў у рэдакцыю часопісу «Маладняк», у рэдкалегію часопісу «Полымя». Аўтар зборнікаў паэзіі «Дым жыцьця», «Гады, як парусы», «Вершы». Творчасьць Моркаўкі высока ацаніў Янка Купала. Ад 1930-х пісаў «у стол», не публікаваў сваіх вершаў.

Платон Саевіч (1892–1956)

Дзяржаўны і партыйны дзяяч, міністар асьветы БССР (1947–1951). Быў рэктарам шэрагу ВНУ, у тым ліку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Камуністычнага ўнівэрсытэту БССР. У 1951 годзе рэпрэсаваны, рэабілітаваны ў 1956-м.

Юры Рудзько (1913–1948)

Празаік, драматург. Загадваў аддзелам у газэтах «Чырвоная зьмена» і «Літаратура і мастацтва».

Несьцер Сакалоўскі (1902–1950)

Кампазытар, хормайстар, фальклярыст. Запісаў і апрацаваў больш за 500 беларускіх народных песень. Аўтар музыкі дзяржаўнага гімну БССР, які затым стаў афіцыйным гімнам Рэспублікі Беларусі. Аўтар музыкі песень на словы беларускіх клясыкаў, песьні «Ой, Нёман».

Эдуард Самуйлёнак (1907–1939)

Празаік і драматург. Працаваў у рэдакцыях газэт «Чырвоная Полаччына» і «Літаратура і мастацтва». Ягоныя п’есы «Тэорыя Каленбрун» і «Пагібель ваўка» былі апублікаваныя і пастаўленыя.

Барыс (Борух) Сольц (1903–1928)

Рэдактар двутыднёвіка «Дэр юнгэр арбэтэр» («Малады рабочы»), які выдаваўся на ідыш у Менску.

Рыгор Страшко (1917-1945)

Журналіст газэты «Зьвязда». Быў партызанам у часе Другой усясьветнай вайны.

Валянцін Таўлай (1914–1947)

Паэт, літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч. Актыўны ўдзельнік левага руху ў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, адзін з рэдактараў «Беларускай газэты» ў Вільні. Аўтар паэмы «Непераможная», цыклю вершаў, напісаных у турме, дзе быў зьняволены польскімі ўладамі за камуністычную дзейнасьць.

Паўлюк Трус (1904–1929)

Паэт, сябра літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». Пры жыцьці выдаў чатыры зборнікі паэзіі: «Вершы» (1925), «Ветры буйныя» (1927), Збор твораў (1934), «Творы» (1935). Апублікаваў дзясяткі вершаў і фэльетонаў у беларускім друку. Памёр ад тыфусу.

Аляксей Туранкоў (1886–1958)

Кампазытар, адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песьні, хору, рамансу ў беларускай музыцы. Аўтар опэраў «Кветка шчасьця», «Яснае сьвітаньне», балету «Лясная казка», музыкі да драматычных спэктакляў «Пінская шляхта» і фільмаў. Апрацоўваў беларускія народныя песьні. У 1945–1954 годзе ў лягерах НКВД, рэабілітаваны ў 1959 годзе.

Сяргей Урванцоў (1863–1937)

Мэдык і арганізатар аховы здароўя. Быў актыўным сябрам, а пазьней прэзыдэнтамТаварыства менскіх лекараў. На ягоную ініцыятыву ў Менску была створаная хуткая мэдычная дапамога. Быў галоўным лекарам некалькіх менскіх лякарняў.

Рут Ўолер (1921–1946)

Амэрыканская місіянэрка ў Беларусі. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў Менску ў складзе місіі ААН для дапамогі і аднаўленьня (UNRRA) арганізоўвала пастаўкі ў Беларусь прадуктаў, адзеньня, мэдычных прэпаратаў. У 1946 годзе выратавала траіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла і памерла.

Іван Хозераў (1889–1947)

Мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры. Вывучаў старажытныя помнікі архітэктуры і мастацтва Беларусі. У Полацку дасьледаваў Сафійскі сабор, Спаса-Эўфрасіньнеўскую царкву, Барысаглебскі манастыр, у Смаленску — Петрапаўлаўскую царкву, у Горадні — Барысаглебскую царкву.

Аляксандар Чарвякоў (1892–1937)

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду. Падпісаў Маніфэст аб абвяшчэньні ССРБ 1 студзеня 1919 году. Старшыня Савету народных камісараў Беларускай ССР. Праз абвінавачаньні ў «нацыянал-апартунізьме» скончыў самагубствам.

Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі, 1900–1944)

Празаік, драматург, публіцыст; стваральнік беларускай сацыяльна-псыхалягічнай і інтэлектуальна-філязофскай прозы. У 1926–1931 г. старшыня літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша». Аўтар апавяданьняў, аповесьцяў, раманаў «Сястра», «Зямля», «Бацькаўшчына». У 1938–1939 г. увязьнены ў турме НКВД.

Георгі Шчарбатаў (1919–1957

Псьменьнік і журналіст. Быў ваенным карэспандэнтам падчас Другой усясьветнай вайны, працаваў у газэце «Звязда», якая выдавалася падпольна на акупаванай тэрыторыі. Аўтар аповесьцяў, нарысаў, успамінаў пра партызанскі рух падчас вайны.

Язэп Юхо (1921–2004)

Гісторык дзяржавы і права Вялікага Княства Літоўскага, БНР і БССР. Аўтар кнігі «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі». Суаўтар першага «Юрыдычнага энцыкляпэдычнага слоўніка» на беларускай мове.

Герасім Якушка (1900–1942)

Галоўны архітэктар Менску ў 1936–1941 гадах. Паводле праектаў Якушкі ў БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадзкіх будынкаў, у тым ліку на цяперашнім праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

Братняя магіла сяброў СБМ

Каля тузіну сяброў Саюзу беларускай моладзі пахаваныя ў месцы, дзе стаіць помнік Леаніду Слаўніну. Яны сталі ахвярамі выбуху ў гарадзкім тэатры 22 чэрвеня 1943 году.

Парэшткі з плошчы Свабоды

Тут перапахаваныя чалавечыя парэшткі, знойдзеныя пры раскопках на месцы былога ўніяцкага кляштару на плошчы Свабоды.

Ахвяры пажару 1946 года

Братняя магіла маладых людзей, якія сталі ахвярамі пажару 1946 году падчас карнавалу ў менскім клюбе НКГБ.

Вайскоўцы

Братнія магілы вайскоўцаў.

Аб праекце

«Беларускі нацыянальны нэкропаль» — праект мае на мэце пашырыць веды пра памерлых беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячоў і ўшанаваць іх памяць. У яго межах Свабода выдала мапы-схемы менскіх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньняў. Усе мапы даступныя ў электронным і папяровым выглядзе.

У 2016 годзе Радыё Свабода падрыхтавала мапы Кальварыйскіх і Ўсходніх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньня беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры і мове. Напярэдадні Радаўніцы мы паўтараем публікацыю. Сёлета мы зрабілі першую лічбавую мапу Вайсковых могілак.