Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі зьмяніла пастановы аб парадку бягучага рамонту жыльлёвага фонду і аб пэрыядычнасьці выкананьня тэхнічнага абслугоўваньня.
Афіцыйныя тэксты яшчэ не апублікаваныя, але пра сутнасьць зьменаў агенцтву «Минск-новости» расказаў намесьнік генэральнага дырэктара «Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі» Цімафей Крэмез.
«Павялічаны пералік работаў, якія будуць выконвацца за кошт сродкаў насельніцтва, — сказаў ён. — Фактычна ўсё, што знаходзіцца ў пад'езьдзе, а таксама ўваходныя дзьверы, будзе рамантавацца за сродкі жыхароў».
Паводле яго, жыхарам давядзецца плаціць за:
- фарбаваньне сьценаў;
- аднаўленьне канструкцыйных элемэнтаў, у тым ліку дзьвярэй і парэнчаў;
- рамонт шахты і кабіны ліфта;
- замену ці аднаўленьне ручак, петляў, даводнікаў і іншых элемэнтаў дзьвярэй і вокнаў;
- замену разьбітых шклопакетаў, калі такія ставіліся пры капрамонце.
Плату за такія работы ўключаць у «жыроўку». Пра некаторыя работы будуць пытаць жыхароў, перад тым як іх праводзіць: напрыклад, «калі небясьпекі няма, але памяняць дзьверы не зашкодзіла б».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com