Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністарка здароўя Ўкраіны паабяцала жыць у ізаляцыі разам з эвакуаванымі з Кітаю


Зарана Скалецкая, міністарка здароўя Ўкраіны

Дзясяткі затрыманых і пацярпелых. Пад узмоцненай аховай эвакуаваных з Кітаю разьмясьцілі на Палтаўшчыне.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Украіны разблякавалі праезд да санаторыю ў Новых Санжарах у Палтаўскай вобласьці і забясьпечылі магчымасьць праезду аўтобусаў з эвакуаванымі з Кітаю грамадзянамі.

Пратэсты мясцовых жыхароў працягваліся да позьняга вечара 20 лютага. У выніку супрацьстаяньня больш за 20 мясцовых жыхароў затрымалі. Паводле Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, у сутычках пацярпелі 9 паліцыянтаў.

Ігар Кліменка
Ігар Кліменка

«Мы зь імі [пратэстоўцамі] пастаянна размаўлялі, міліцыя дыялёгу працавала. Мы спрабавалі пераканаць людзей у немэтазгоднасьці і недарэчнасьці такіх паводзін і такой эскаляцыі сытуацыі. На жаль, ніводзін з аргумэнтаў мясцовых жыхароў не пераканаў, больш за тое, яны паводзілі сябе ў часе перамоваў агрэсіўна», — паведаміў кіраўнік Нацпаліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка.

Паводле яго, мясцовыя жыхары стварылі барыкады з выкарыстаньнем аўтамабільнай тэхнікі, распальвалі вогнішчы, кідалі каменьнем у аўтобусы з пасажырамі і ў паліцэйскіх.

Паліцыя завяла крымінальную справу аб масавых беспарадках і гвалце ў дачыненьні да прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Міністар аховы здароўя Ўкраіны Зарана Скалецкая заявіла, што будзе знаходзіцца ў мэдыцынскай установе з усімі эвакуаванымі цягам 14 дзён:

«Спадзяюся, што мая прысутнасьць супакоіць як тых, хто знаходзіцца ў Новым Санжары, так і другую частку краіны, — напісала міністарка на сваёй старонцы ў Facebook. — Мы старанна рыхтаваліся да эвакуацыі і падрыхтавалі бясьпечныя ўмовы для назіраньня, улічваючы ўсе стандарты Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя і практыку іншых краін, якія эвакуавалі сваіх грамадзян з Кітаю. Яшчэ раз хачу падкрэсьліць: гэтыя людзі — нашы суайчыньнікі, яны нам не чужыя. Мы жывём у адной краіне і павінны клапаціцца пра іх здароўе і бясьпеку».

«Тое, што адбывалася сёньня, паніка і непрыманьне, нэгатыў і агрэсія, сапраўды мяне ўразілі, — піша Скалецкая. — Яшчэ больш яны ўразілі людзей, эвакуаваных з Кітаю. Таму я прашу вас выказаць свае словы падтрымкі і падзякаваць за згоду правесьці два тыдні ў ізаляцыі дзеля нас усіх. Спадзяюся, што мае асабістыя паводзіны дапамогуць супакоіць сытуацыю і прымірыцца. Нам усім гэта патрэбна».

Дэпутаты мясцовай рады ўхвалілі зварот да прэзыдэнта і ўраду Ўкраіны, у якім просяць перавезьці эвакуаваных у іншае месца.

Старшыня мясцовай рады Іна Коба паведаміла журналістам, што мясцовыя ўлады не былі своечасова паінфармаваныя аб тым, што менавіта іхнае паселішча выбралі як месца абсэрвацыі для эвакуаваных грамадзян з Кітаю:

«Тыя, хто прымаў гэтае рашэньне, ня ведаюць і не разумеюць, дзе знаходзіцца гэты санаторый. Ён разьмешчаны ў цэнтры паселішча, праз агароджу ад яго — шматпавярховыя будынкі, у якіх жывуць людзі. У іх каналізацыя падключана да гарадзкой сеткі, у нас адкрытыя палі фільтрацыі. Людзі ня могуць застацца тут, таму што яны ня могуць атрымаць тут належныя мэдыцынскія паслугі. Сёньня яны здаровыя.

Але ж мы ведаем, што інкубацыйны пэрыяд — 21 дзень. Хто гарантуе, што заўтра альбо пасьлязаўтра ў людзей не падымецца тэмпэратура? Якую дапамогу яны змогуць атрымаць у гэтых сьценах? У нас няма спэцыяльных боксаў для разьмяшчэньня людзей, нічога спэцыялізаванага. Гэта лячэбна-аздараўленчы санаторый адкрытага тыпу. Менавіта таму народ абураны».

Іна Коба таксама падкрэсьліла, што сама даведалася аб намерах разьмяшчэньня эвакуаваных у Новых Санжарах ад мясцовых жыхароў і з сацыяльных сетак:

«Ніхто з уладаў не паведаміў мне пра рашэньне накіраваць эвакуаваных людзей да нас. Потым, калі спрабавала даведацца, ніхто нічога не ведае. Я зьвярнулася да кіраўніка дзяржаўнай адміністрацыі нашага раёна, да супрацоўнікаў СБУ, хацела, каб людзям растлумачылі сытуацыю, бо мясцовыя жыхары вельмі заклапочаныя».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG