Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыны і блякаваньне дарог. Як украінцы сустракаюць самалёт з эвакуаванымі з Кітаю


Самалёт з Уханя ў Барыспалі, 20 лютага
Самалёт з Уханя ў Барыспалі, 20 лютага

Украінскі самалёт, які 19 лютага вылецеў з кітайскага гораду Уханю, эпіцэнтру распаўсюджаньня небясьпечнага вірусу, сёньня ў заплянаваны час а 8-й раніцы ня змог прызямліцца ў Харкаве — пасьля дзевяці кругоў над горадам ён вымушаны быў вярнуцца ў Кіеў на дазапраўку. Самалёт прызямліўся ў Харкаве а 12.00 паводле кіеўскага часу.​

Паводле афіцыйнай вэрсіі, самалёт у першы раз ня змог прызямліцца з прычыны кепскага надвор’я — над Харкавам стаяў моцны туман.

Мясцовыя жыхары супраць

У той жа час адразу ў некалькіх абласьцях Украіны пачаліся пратэсты мясцовых жыхароў супраць разьмяшчэньня пасажыраў у санаторыях, якія Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны вызначыла як месцы для 14-дзённага карантыну.

Пад Львовам, у Віньніках, людзі заблякавалі пад’езд да абласнога інфэкцыйнага шпіталю, куды нібыта плянавалі прывезьці эвакуаваных з Кітаю ўкраінцаў і іншаземцаў. Калі з мэдустановы пачалі вывозіць усіх пацыентаў, якія знаходзіліся там на лячэньні, мясцовыя жыхары прынесьлі шыны да брамы перад установай.

Акцыю пратэсту падтрымалі і мэдыкі — яны пераконвалі, што грамадзян з эпіцэнтру распаўсюджаньня вірусу ў Кітаі трэба разьмяшчаць у асобным спэцыялізаваным месцы.

Што гавораць улады

Супакойваць людзей вымушаныя былі мясцовыя ўлады. Мэр Львова Андрэй Садавы запісаў відэазварот, у якім падкрэсьліў, што на борт самалёта дапушчаныя толькі здаровыя людзі, якія ня маюць сымптомаў заражэньня каранавірусам.

Улады да апошняга ўтойваді інфармацыю аб тым, які аэрапорт і якія санаторыі будуць прымаць пасажыраў з Кітаю. Толькі сёньня Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што яны будуць накіраваныя для назіраньня ў мэдыцынскі цэнтар Нацыянальнай гвардыі «Новыя Санжары» ў Палтаўскай вобласьці.

Але і там мясцовыя жыхары перакрылі дарогу і пачалі паліць шыны. У часе пратэсту адбыліся і сутычкі з паліцыяй.

У горад сьцягнулі вялікую колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Усе спробы мясцовых уладаў супакоіць жыхароў былі марнымі — людзі цягам ночы з 19 на 20 лютага блякавалі дарогі.

Рэакцыя Зяленскага

На падзеі адрэагаваў і прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. Ён гарантаваў, што будуць вытрыманыя ўсе захады бясьпекі, і заклікаў грамадзян да цярплівасьці. Як і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што сярод пасажыраў няма ніводнага грамадзяніна з сымптомамі заражэньня.

«Бактэрыялягічнай небясьпекі няма. Але ёсьць яшчэ адна небясьпека, пра якую я хацеў бы сказаць. Небясьпека забыцца, што мы ўсе людзі і ўсе мы ўкраінцы. Кожны з нас. У тым ліку і тыя, хто апынуўся ва Ўхані падчас эпідэміі.

Калі Францыя эвакуавала жыхароў з Уханю і даставіла іх у адзін з гарадоў, рэакцыя жыхароў была адна: яны хваляваліся за жыцьцё і здароўе сваіх грамадзян, спачувалі тым, хто апынуўся ў складанай сытуацыі. Нават у Казахстане, калі наш самалёт з Уханю прызямліўся на дазапраўку і прывёз грамадзяніна Казахстана, не было ні пратэстаў, ні блякаваньня. Наадварот, усе дзякавалі і радаваліся, што чалавек нарэшце дома».

Уладзімір Зяленскі перакананы, што спробы блякаваньня дарог і мэдыцынскіх устаноў, каб не дапусьціць разьмяшчэньня пасажыраў з Кітаю, сьведчаць пра «нялепшыя якасьці нашага характару».

Увечары 19 лютага Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Андрэй Заяц паведаміў, што на борт украінскага самалёта ў аэрапорце кітайскага гораду Ўхань зарэгістраваліся 48 грамадзян Украіны і 29 іншаземцаў, сярод якіх няма грамадзян Беларусі.

Намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны Дзьмітро Коваль падкрэсьліў, што ўсе пасажыры прайшлі тры этапы санітарнага кантролю, у часе якога ня выявілі сымптомаў небясьпечнага вірусу. Але ўжо празь некалькі гадзін Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны ўдакладніла, што на борт самалёта не дапусьцілі чатырох грамадзян:

«На этапе агляду кітайскімі мэдыкамі не дапушчана на борт чацьвёра грамадзян: тры зь іх украінцы і адна іншаземка. Пасьля гэтага ўкраінскія спэцыялісты, лекары, якія суправаджаюць гэты рэйс, правялі дадатковы фінальны агляд. Усяго на борт дапусьцілі 73 чалавекі».

Сёньня стала вядома, што на борт з прычыны павышанай тэмпэратуры не змагла трапіць грамадзянка Казахстану.

Беларусаў на борце няма

Раней міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паведамляў, што ўкраінскім самалётам плянуюць эвакуаваць 25 замежных грамадзян, у тым ліку аднаго беларускага: «Да нас зьвярнуліся некалькі дзяржаў, каб мы дапамаглі вывезьці іх грамадзян, бо ў іх няма рэйсу. Міністар замежных спраў вёў зь імі перамовы, і мы бачым такую магчымасьць, бо ў нас у самалёце будуць некаторыя вольныя месцы».

Аднак прэс-сакратарка Міністэрства здароўя Беларусі Юлія Барадун заявіла агенцтву БелТА, што, «паводле інфармацыі амбасады Беларусі ў Кітаі, эвакуацыі грамадзянаў нашай краіны ўкраінскім самалётам не плянуецца».

Ні беларускі, ні ўкраінскі бок пакуль не ўдакладняюць прычынаў, чаму было вырашана не вывозіць беларуса.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG