Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грып больш небясьпечны за новы каранавірус? Параўноўваем сьмяротнасьць COVID-19 зь іншымі віруснымі захворваньнямі


Каранавірус 2019-nCoV (COVID-19)
Каранавірус 2019-nCoV (COVID-19)

Успышка эпідэміі новага каранавірусу ў Кітаі пад канец 2019 году стала прычынай розных прагнозаў адносна далейшага разьвіцьця эпідэміялягічнай сытуацыі ў сьвеце.

Пэсымістычныя прагнозы дапускаюць, што новым каранавірусам, які атрымаў назву COVID-19, могуць заразіцца нават дзьве траціны чалавецтва, а колькасьць сьмерцяў дасягне 50 мільёнаў.

Аптымістычныя ацэнкі сытуацыі зьвяртаюць увагу на тое, што ў выніку высілкаў Кітаю і рэкамэндацый сусьветных эпідэміёлягаў, эпідэмію практычна ўдалося абмежаваць да адной краіны. Сама ж сьмяротнасьць ад COVID-19, дадаюць аптымісты, значна меншая, чым ад некаторых вірусаў, якія выклікалі міжнародныя эпідэміі ў недалёкім мінулым.

Параўноўваем сьмяротнасьць ад заражэньня каранавірусам COVID-19 са сьмяротнасьцю ад некаторых вірусаў, якія спараджалі (ці далей спараджаюць) сур’ёзны непакой у сьвеце.

COVID-19 — сьмяротнасьць 2,5%

(Вострая рэсьпіраторная інфэкцыя 2019-nCoV)

Паводле афіцыйных зьвестак на дзень 19 лютага 2020, гэтым каранавірусам заразіліся каля 75 тысяч чалавек, памерлі 2 тысячы, выпісаліся здаровымі 13 тысяч.

SARS — 9,5%

(Цяжкі востры рэсьпіраторны сындром)

Эпідэмія SARS пачалася ў Кітаі ў 2002 годзе і ў наступным годзе перакінулася ў іншыя краіны. Усяго было афіцыйна адзначана 8437 выпадкаў захворваньня, зь якіх 813 скончыліся сьмяротным зыходам.

MERS — 36%

(Блізкаўсходні рэсьпіраторны сындром)

Першыя выпадкі заражэньня гэтым каранавірусам былі зафіксаваныя ў 2012 годзе ў Саудаўскай Арабіі. З таго часу кожны год рэгіструюцца захворваньні, выкліканыя MERS, ад адзінкавых выпадкаў да дзясяткаў. Паводле стану на пачатак 2020 году, у сьвеце зарэгістравалі 2,5 тысячы выпадкаў захворваньня, памерлі каля 900 чалавек.

Ebola — каля 50%

(Гемарагічная ліхаманка Эбола)

Буйныя ўспышкі захворваньня вірусам Эбола мелі месца ў Заходняй Афрыцы ў 2014—2015 гг.(Гвінэя, Сьера-Леонэ, Лібэрыя) і ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга ў 2018—2019 гг.

HIV — 2%

(Вірус імунадэфіцыту чалавека, ВІЧ)

У выніку заражэньня вірусам ВІЧ паніжаецца праца імуннай сыстэмы арганізму і разьвіваецца гэтак званы сындром набытага імуннага дэфіцыту (СНІД). Бяз доктарскага ўмяшаньня захворваньне выклікае сьмерць пацыента ў сярэднім праз 9–11 гадоў пасьля заражэньня. Паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2018 годзе зь вірусам ВІЧ жылі 37,9 мільёнаў чалавек, памерлі — 770 тысяч.

Грып — 6%-22%

(ацэнка сьмяротнасьці ад выпадкаў цяжкага захворваньня)

У большасьці людзей прыкметы грыпу праходзяць на працягу тыдня без мэдычнай дапамогі. Аднак жа вірусы грыпу таксама спрычыняюць цяжкую хваробу і сьмерць. Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогадовыя эпідэміі грыпу прыводзяць да 3–5 мільёнаў выпадкаў цяжкай хваробы і да 290–650 тысяч сьмерцяў ад рэсьпіраторных захворваньняў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG