Украіна эвакуюе з Кітаю 25 іншаземцаў, у тым ліку беларуса. За яго трэба будзе заплаціць

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Кіеве чакаюць прылёту самалёта з кітайскага гораду Уханя, на якім з эпіцэнтру каранавірусу вывезуць 46 украінцаў і 25 замежных грамадзян, у тым ліку аднаго беларуса.

Абноўлена. Прэс-сакратарка Мінздароўя Беларусі заявіла БелТА, што «паводле інфармацыі амбасады Беларусі ў Кітаі, эвакуацыя грамадзянаў нашай краіны ўкраінскім самалётам не плянуецца».

Паводле Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, эвакуацыя адбываецца ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя — на борт самалёта дапусьцяць толькі тых грамадзян, якія ня маюць сымптомаў захворваньня. Іх будуць суправаджаць тры мэдыкі, чатыры супрацоўнікі Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый, два мытнікі і два памежнікі.

«Усе члены каманды прайшлі адпаведную падрыхтоўку, арганізаваную Цэнтрам грамадзкага здароўя. Экіпаж, брыгада суправаджэньня, мытнікі і памежнікі будуць апранутыя ў касьцюмы біяаховы», — паведаміла міністра здароўя Ўкраіны Зарана Скалецкая.

Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў удакладніў, што, апроч беларуса, на кіеўскім самалёце будуць эвакуаваныя прадстаўнікі Нідэрляндаў, Чэхіі, Коста Рыкі і Аргентыны. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што замежныя краіны павінны кампэнсаваць Украіне выдаткі за эвакуацыю сваіх грамадзян. Украінцаў жа вывезуць за кошт дзяржаўнага бюджэту.

«Да нас зьвярнуліся некалькі дзяржаў, каб мы дапамаглі вывезьці іх грамадзян, паколькі ў іх няма рэйсу, — паведаміў Арсен Авакаў. — Міністар замежных спраў вёў зь імі перамовы, і мы бачым такую магчымасьць, бо ў нас у самалёце будзе некалькі вольных месцаў.

Мы возьмем некалькі людзей на борт. Гэта будуць грамадзяне некалькіх краін, у нас ёсьць заяўкі зь велізарнай колькасьці краін, у тым ліку і грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, беларус, немец, адзін прадстаўнік Нідэрляндаў, Чэхіі, Коста-Рыкі і Аргентыны».

Пасьля прызямленьня самалёт адгоняць на санітарную стаянку, а пасажыры, экіпаж і суправаджальныя асобы будуць перамешчаныя да станцыі абсэрвацыі асобным транспартам. Месца, у якім будуць знаходзіцца эвакуаваныя і мэдпэрсанал, будуць кругласутачна ахоўваць прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі і паліцыі Ўкраіны.

У абасадзе Беларусі ва Ўкраіне гэтай інфармацыі пакуль не пацьвярджаюць.

На пачатку лютага 10 грамадзян Беларусі былі эвакуаваныя з Кітаю расейскім самалётам. Два тыдні яны знаходзіліся на карантыне ў адмысловым санаторыі пад Цюменьню. Сёньня яны накіруюцца дадому – вынікі паўторных дасьледаваньняў засьведчылі ў іх адсутнасьць небясьпечнага вірусу.

​
XS
SM
MD
LG