Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Кітай у лічбах: у каго больш перавагаў


Сьцягі Беларусі і Кітаю ў беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень»
Сьцягі Беларусі і Кітаю ў беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень»

У апошнія гады Беларусь і Кітай істотна пашырылі супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах: эканамічнай, палітычнай, вайсковай, нават культурнай. Цяперашняя эпідэмія каранавірусу, эпіцэнтрам якой стаў Кітай, выклікала ў сьвеце да гэтай краіны як спачуваньне, гэтак і страх.

Што гэта за краіна, зь якой Беларусь так хутка і шырока ўсталёўвае разнастайныя сувязі?

Адносна Кітаю існуе шмат стэрэатыпаў. Усе ведаюць пра беспрэцэдэнтны эканамічны рывок, які ажыцьцяўляе Кітай апошнія дзесяцігодзьдзі. Але на працягу многіх гадоў было ўяўленьне, што, нягледзячы на посьпехі, Кітай у цэлым застаецца беднай краінай. Паводле гэтага ўяўленьня, ёсьць «маякі» эканамічнага росту — Шанхай, Пэкін, але асноўная маса насельніцтва жыве ўсё яшчэ небагата.

Тое, што шырспажывам Made in China завалены ўвесь сьвет, у тым ліку і Беларусь, тлумачылася тым, што ў Кітаі нібыта па-ранейшаму вельмі танная працоўная сіла. Але наколькі гэтае ўяўленьне адпавядае рэчаіснасьці?

Як бачым, заробак сярэдняга кітайца цяпер на 70% большы за сярэдні заробак беларуса. За 10 гадоў сярэдні заробак у КНР павялічыўся амаль у тры разы.

Кітайцы паводле ўзроўню сярэдняга заробку і цяпер саступаюць жыхарам краін Эўразьвязу, але ўжо пераўзыходзяць і беларусаў, і расейцаў.

Пры гэтым ступень сацыяльнай няроўнасьці ў Кітаі вельмі вялікая. Каэфіцыент Джыні, які гэтую ступень вымярае, у Кітаі (51) амаль удвая вышэйшы, чым у Беларусі (28). Гэты кітайскі паказьнік ступені няроўнасьці вышэйшы нават за расейскі (41). І сапраўды, напрыклад, жыхар Пэкіну зарабляе ў сярэднім 1500 даляраў у эквіваленце, жыхар гораду Шэньян — у сярэднім усяго 888, амаль удвая менш, чым у сталіцы. Але сярэдні заробак у адносна бедным Шэньяне вышэйшы за сярэдні беларускі.

Цяпер ня толькі Кітай багацейшы за Беларусь, але і сярэдні кітаец багацейшы за сярэдняга беларуса.

Ускосны паказчык гэтага — і колькасьць даляравых мільянэраў адносна насельніцтва. У абсалютных лічбах колькасьць такіх багацеяў у Кітаі наагул роўная амаль палове ўсяго насельніцтва Беларусі — амаль 4 з паловай мільёны чалавек. Але і адносна насельніцтва, на 10 тысяч чалавек, у Кітаі доля мільянэраў амаль у чатыры разы большая, чым у Беларусі.

Кітай мае лепшыя паказчыкі, чым Беларусь, па такіх індыкатарах, як сярэдняя працягласьць жыцьця, колькасьць забойстваў і самагубстваў адносна насельніцтва. Кітаец жыве даўжэй за беларуса ў сярэднім на 2 гады, што няшмат. А вось адрозьненьні паводле паказчыкаў забойстваў і самагубстваў вельмі істотныя. Асабліва ўражвае доля забойстваў адносна насельніцтва — яна ў Кітаі ў 7 разоў ніжэйшая, чым у Беларусі.

Войска Кітаю экспэрты лічыць трэцім у сьвеце паводле моцы, пасьля амэрыканскага і расейскага. Але вайсковыя выдаткі як доля ВУП у Кітаі адносна невысокія — 1,9%. Яны ніжэйшыя за натаўскі нарматыў 2%, яны заўважна ніжэйшыя, чым адпаведная доля ад ВУП амэрыканскіх (3,2%) і расейскіх (3,9%) выдаткаў на абарону.

У Кітаі горшы, вышэйшы, чым у Беларусі, паказчык сьмяротнасьці немаўлятаў. Паводле інтэгральнага паказьніка — індэксу чалавечага разьвіцьця — Кітай таксама горшы за Беларусь.

Але, як бачым, шмат па якіх парамэтрах Кітай пераўзыходзіць Беларусь, пры гэтым здабыў ён гэтую перавагу адносна нядаўна.
Уяўленьне, што моц і вага Кітаю тлумачацца толькі яго гіганцкімі памерамі, ужо не зусім дакладнае. Ужо ня толькі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG