Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белшына» спыніла на тыдзень тры свае заводы


Кіраўніцтва заяўляе, што прычына — плянавае тэхналягічнае абслугоўваньне абсталяваньня дзеля выяўленьня непаладак і падтрыманьня бесьперабойнай працы прадпрыемства.

Паводле начальніка аддзелу ідэалягічнай працы Юрыя Андрэеўскага, заводы масавых, буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын спынілі 17 лютага. Завод звышбуйнагабарытных шынаў прастаіць да 1 сакавіка, паколькі, як кажа Андрыеўскі, ён выканаў вытворчую праграму лютага. Астатнія адновяць працу 21 лютага.

Работнік заводу масавых шын паведаміў Свабодзе, што 16 лютага калектыў пераведзены на 2/3 тарыфнай стаўкі акладу на чатыры дні. Другая зьмена на працу не выходзіць наагул. Па ягоных словах завод зьбіраюцца запусьціць 21 лютага, але «гэта няпэўна».

Ён кажа, што зь сярэдзіны студзеня вытворчасьць заводу не была загружанай і яго меліся спыніць на пачатку лютага, бо нібыта не хапала сыравіны.

Адклалі спыненьне, бо чакалі прыезду прадстаўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Работнік паведаміў таксама, што завод звышбуйнагабарытных шынаў «дужа часта прастойвае». Яго спынілі раней, але калі прыехаў прадстаўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, то часова запусьцілі, а потым зноў спынілі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2018 годзе «Белшына» працавала са стратай — мінус 72 мільёны рублёў. У студзені-верасьні 2019 году прыбытак прадпрыемства склаў 841 тысячу рублёў.

За 11 месяцаў 2019 году Беларусь экспартавала шынаў на суму 274 млн даляраў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG