Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Расея ня мае тэхналёгіяў, каб дабудаваць «Паўночны паток — 2»


Трубы для «Паўночнага патоку — 2»
Трубы для «Паўночнага патоку — 2»

Міністар энэргетыкі ЗША Дэн Брует заявіў у суботу, 15 лютага, у Мюнхэне на канфэрэнцыі бясьпекі, што Расея ня зможа самастойна скончыць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток- 2» пасьля таго, як яно перапынілася праз амэрыканскія санкцыі​, паведамляе Bloomberg.

Будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора прыпынілі летась у сьнежні, пасьля таго як ЗША прынялі закон, які прадугледжвае санкцыі супраць кампаніяў, якія займаюцца ўсталяваньнем трубаў.

Каб дабудаваць газаправод, неабходна пакласьці больш за 100 кілямэтраў труб — у параўнаньні з агульнай працягласьцю «Паўночнага патоку — 2» гэта няшмат.

Прадстаўнікі расейскіх уладаў, у тым ліку Ўладзімір Пуцін, казалі, што праект будзе рэалізаваны да канца 2020 ці пачатку 2021 году.

«Яны ня змогуць», — заявіў міністар энэргетыкі ЗША Дэн Брует, адказваючы на пытаньне.

Брует зьняпраўдзіў інфармацыю, што амэрыканскія санкцыі выклікаюць толькі кароткую затрымку будаўніцтва. «Гэта будзе вельмі доўгая затрымка, бо ў Расеі няма гэтай тэхналёгіі», — адзначыў ён. Брует таксама падкрэсьліў, што не давярае заявам пра тое, што будаўніцтва амаль завершылі.

Злучаныя Штаты выступаюць супраць будаўніцтва газаправоду, бо лічаць, што ён павялічыць залежнасьць Эўропы ад Расеі — як энэргетычную, так і палітычную.

Злучаныя Штаты заяўляюць, што гатовыя пастаўляць у ЭЗ свой звадкаваны газ, а таксама ўкладаць грошы ў эўрапейскую інфраструктуру.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо на той жа канфэрэнцыі ў Мюнхэне заявіў, што Вашынгтон выдаткуе 1 мільярд даляраў на разьвіцьцё энэргетыкі ў эўрапейскіх краінах.

Кіраўнік прэс-службы кампаніі «Газпром» Сяргей Купрыянаў у інтэрвію агенцтву РБК пракамэнтаваў гэтую заяву словамі: «Ніколі не кажы ніколі».

Раней паведамлялася, што да пабудовы газаправоду можа быць прыцягнутае расейскае судна «Акадэмік Чэрскі». Цяпер яно, аднак, далёка ад Балтыкі, у Ціхім акіяне.

У сьнежні 2019 году ЗША ўвялі карныя захады да фірмаў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве «Паўночнага патоку — 2» і «Турэцкага патоку». Яны прадугледжваюць забарону на ўезд у Злучаныя Штаты прадстаўнікам гэтых кампаніяў, а таксама замарожваньне ўсіх актываў на тэрыторыі ЗША. Пасьля ўступленьня санкцыяў у сілу швайцарская кампанія Allseas прыпыніла ўдзел у праекце.

Нямеччына раней крытыкавала ЗША за ўведзеныя санкцыі, пры гэтым заяўляла, што па-ранейшаму зацікаўленая ў рэалізацыі праекту «Паўночны паток — 2».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG