Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зьявіцца музэй пудзілаў. Чаму «каралеўскаму» гораду ня стаць цэнтрам сучаснага мастацтва?


У самым цэнтры Горадні, на Савецкай плошчы, напрыканцы мінулага году пачалася рэканструкцыя Палаца тэкстыльшчыкаў. Адноўлены савецкі будынак мог бы стаць сьвежым цэнтрам мастацкага жыцьця гораду, але сюды плянуюць перавезьці старыя экспазыцыі са Старога замку.

Адну пазыцыю занялі мастакі, экскурсаводы, краязнаўцы — яны прапануюць зрабіць тут інтэрактыўную культурніцкую пляцоўку, музэй сучаснага мастацтва або мастацкую галерэю. Другую — улады, якія вырашылі разьмясьціць на галоўнай плошчы музэй прыроды з пудзілам зубра і музэй сучаснай гісторыі з партызанскай заляй і героямі часоў СССР.

Гісторыя будынка

Кожны, хто прыяжджаў у «культурную сталіцу Беларусі», напэўна, заходзіў на галоўную плошчу і бачыў сьветлы манумэнтальны будынак з калёнамі. Палац тэкстыльшчыкаў, пабудаваны ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, служыў домам культуры работнікаў тонкасуконнага камбінату.

Нельга сказаць, каб у апошнія гады сюды хадзілі масава — што гарадзенцы, што турысты. Час ад часу тут ладзіліся выставы катоў або каштоўных камянёў, знаходзілі месца для рэпэтыцый мясцовыя артысты. Ганак служыў сцэнай для гарадзкіх канцэртаў, бо звонку палац выглядаў лепш, чым усярэдзіне. Будынак быў у кепскім стане і патрабаваў рамонту.

Рэканструкцыю задумалі яшчэ на пачатку 2010-х. Праект рабілі і перараблялі. Тут хацелі зрабіць ЗАГС, залю для дзелавых сустрэч і прэзэнтацый, залю для турыстаў, кавярню, сувэнірную краму.

У адноўлены будынак перавязуць старыя калекцыі

Працы на Палацы тэкстыльшчыкаў пачаліся напрыканцы мінулага году. Сёлета стала вядома пра новы фармат установы і тэматыку экспазыцый.

Як тлумачыла кіраўніца ўпраўленьня культуры Горадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч у інтэрвію горадзенскаму тэлебачаньню, экспазыцыю прыроды перанясуць са Старога замка, бо яна лепей будзе глядзецца ў асобным будынку, чым у замку побач з калекцыямі, прысьвечанымі часам караля Стэфана Баторыя.

Па словах Алены Клімовіч, мастацкую выставачную залю плянуюць разьмясьціць у Новым замку ў колішняй бібліятэцы.

Дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка, пад чыё кіраўніцтва пераходзіць палац тэкстыльшчыкаў, паведаміў праз тэлефон, што хварэе і пакуль ня можа адказаць на пытаньні.

Новы замак у Горадні. Бібліятэка месьцілася ў правым крыле. Архіўнае фота
Новы замак у Горадні. Бібліятэка месьцілася ў правым крыле. Архіўнае фота

Што прапануюць мастакі і краязнаўцы

Стварыць у Палацы тэкстыльшчыкаў мастацкую галерэю, або мастацкі музэй, або культурную прастору з рознымі кірункамі дзейнасьці, з майстэрнямі мастакоў, выставачнай галерэяй, інтэрактыўнымі залямі, адукацыйнымі курсамі.

Аргумэнты

  • Горадня — адзіны абласны горад Беларусі, дзе няма музэю мастацтваў.
  • У Горадні няма пляцоўкі, каб паказваць сучаснае мастацтва, якое часам патрабуе вялікіх плошчаў і высокай столі. Вышыня твораў можа сягаць 5–6 мэтраў. Палац тэкстыльшчыкаў акурат пасуе.
  • Горад ня можа прыняць шмат якія замежныя выставы, бо няма адпаведнага памяшканьня па прэзэнтабэльнасьці, плошчы, асьвятленьні, тэмпэратурных умовах.
  • Цяпер большасьць працаў горадзенскіх мастакоў захоўваецца ў сховішчах, дзе іх ніхто ня бачыць.
  • Мастацкая галерэя ў цэнтры гораду больш прыцягне турыстаў, чым музэй прыроды.

Сёньня выставы праходзяць у адной з заляў Новага замка, выставачнай залі каля чыгуначнага вакзалу, прыватнай прасторы «Цэнтар гарадзкога жыцьця», невялікіх прыватных галерэях.

Мастак Сяргей Грыневіч, гісторык мастацтва Натальля Паўленка, экскурсавод Натальля Храброва ня раз зьвярталіся да гарадзкіх і абласных уладаў са сваёй прапановай, у тым ліку на асабістых сустрэчах. Прадстаўнікі ўлады сустракаліся зь іншымі мастакамі і абмяркоўвалі будучае прызначэньне Палаца тэкстыльшчыкаў.

«Нам патрэбны музэй як асобная адміністратыўная адзінка, які праводзіць сваю палітыку, маё сваё фінансаваньне, тым больш што сучасныя музэі насычаныя сучаснымі мэдыя. Там праводзяцца адукацыйныя праграмы для дарослых і для дзяцей», — кажа мастак Сяргей Грыневіч.

Ён кажа, што выставачныя залі, якія ёсьць у горадзе, не пасуюць яму для выставы, бо ягоныя карціны вышэйшыя, чым там столь.

«Выставачная заля — гэта вельмі спэцыфічная прастора. У Новым замку ёсьць адзіная заля, страшная, зялёная, там вялікую выставу ня зробіш», — дадае Грыневіч.

На ягоную думку, гарадзенцы вартыя таго, каб мець мастацкі музэй. За мяжой у падобных гарадах дзейнічае па некалькі такіх музэяў.

Грыневіч кажа, што ягоную пазыцыю падтрымліваюць і іншыя горадзенскія мастакі. Яны гатовыя забясьпечыць новую ўстанову творамі, прывозіць замежныя выставы. Цяпер у Саюз мастакоў Беларусі ўваходзяць каля 50 гарадзенцаў. Са словаў Грыневіча, Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі і Саюз мастакоў гатовыя падзяліцца карцінамі, якія цяпер ляжаць у фондах.

«Такі цэнтар патрэбны гораду, бо ёсьць розьніца паміж часовымі і сталымі выставамі. У нас цудоўная гісторыя Горадзенскай вобласьці, Заходняй Беларусі. Прафэсійныя мастакі, якія працавалі ў 1980-х, 1990-х, і цяпер працуюць. Трэба, каб яно не хавалася ў запасьніках, а было на агляд. Атрымліваецца зачараванае кола. Нібыта нам мастацтва не патрэбнае, бо яго не прэзэнтуюць, а яго не прэзэнтуюць, бо няма месца. А навошта такое месца, калі няма мастацтва?», — разважае мастацтвазнаўца і выкладчыца мастацтва Натальля Паўленка.

«Фасад будынка (Палаца тэкстыльшчыкаў) нагадвае мастацкі музэй у Менску... Ідэя разьмясьціць у такім будынку „рогі і капыты“ з аддзелам прыроды, савецкага пэрыяду, аддзелам ВАВ мне здаецца самым слабым і няўдалым чынавенскім рашэньнем... У сваёй большасьці мастакі хацелі б мець дом для сваіх карцін і карцін сваіх папярэднікаў з паўнавартасным музэйным жыцьцём. Палац тэкстыльшчыкаў быў бы ідэальным месцам для гэтага», — кажа мастак Уладзімер Качан.

Краязнаўцы Мечыслаў Супрон і Яўген Аснарэўскі ўклалі пэтыцыю за стварэньне мастацкай галерэі ў Горадні. Пакуль што яе падпісалі каля 350 чалавек. Празь некалькі дзён зварот дашлюць абласным уладам.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG