Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі не змаглі цалкам заблякаваць Telegram


Восем расейскіх апэратараў мабільнай сувязі праверылі працу «сувэрэннага інтэрнэту» і зрабілі справаздачу аб гэтым Міністэрству сувязі, паведамляе РБК са спасылкай на свае крыніцы.

У праверцы ўзялі ўдзел «Ростелеком», МТС, «Мегафон», «ВымпелКом» (брэнд «Билайн»), «Т2 РТК Холдынг» (Tele2), «ЭР-Телеком Холдинг» (Дом.ru), «Транстелеком» (ТТК ) і «Екатеринбург-2000» («Мотив»). Тэставы пуск абсталяваньня прайшоў на Ўрале. Гаворка ідзе пра сыстэму для фільтрацыі трафіку (DPI, Deep Packet Inspection).

Апэратары расказалі пра выпадкі зьніжэньня хуткасьці і пагаршэньня якасьці сыгналу: паводле іх дадзеных, маштабных збояў не было, але і заблякаваць Telegram атрымалася ня ўсюды. Гэта вынікае зь лістоў, накіраваных у другой палове лістапада ўдзельнікамі тэставаньня намесьніку міністра лічбавага разьвіцьця, сувязі і масавых камунікацый Алегу Іванову ў адказ на яго просьбу расказаць пра вынікі тэставаньня DPI.

Міністэрства лічбавага разьвіцьця ўжо праводзіла вучэньні ў «ізаляцыі рунэту» увосень 2019-га. Як пісалі расейскія выданьні, гэта прывяло да збояў у некалькіх расейскіх аэрапортах. Як мяркуецца, менавіта праз гэта на некалькі гадзін у аэрапортах Екацярынбурга, Уфы, Новага Урангою, Салехарда і Растова перасталі працаваць сыстэма рэгістрацыі пасажыраў і багажу, а таксама рэзэрваваньня і куплі квіткоў. Авіякампаніям даводзілася рэгістраваць пасажыраў і іхны багаж уручную.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон «Аб забесьпячэньні ўстойлівай працы расейскага сэгмэнта інтэрнэту (рунэту) у выпадку яго адключэньня ад глябальнай інфраструктуры сусьветнага сеціва» 1 траўня 2019 году. У Расеі закон называюць законам «Аб ізаляцыі рунэту» ці «Аб сувэрэнным інтэрнэце».

Закон набыў моц зь лістапада 2019 году. На яго выкананьне закладзена каля 30 млрд рублёў, хоць першапачаткова аўтары казалі пра меншыя сумы. Крытыкі законапраекту лічаць, што ён увядзе ў Расеі татальную цэнзуру ў інтэрнэце, а самае галоўнае — інтэрнэт у краіне стане «больш павольны і дарагі».

У 2020 годзе Міністэрства лічбавага разьвіцьця РФ правядзе некалькі вучэньняў, накіраваных на адпрацоўку «ізаляцыі» рунэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG