Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі набыў моц закон, які стварае магчымасьці для татальнай цэнзуры ў інтэрнэце


Ілюстрацыйнае фота. Пікет у Казані супраць ізаляцыі рунэту, красавік 2019 году
Ілюстрацыйнае фота. Пікет у Казані супраць ізаляцыі рунэту, красавік 2019 году

З 1 лістапада ў Расеі набыла моц большая частка палажэньняў закону «Аб гарантаваньні бясьпечнага і ўстойлівага функцыянаваньня расейскага сэгмэнта інтэрнэту» — так званага «закону аб ізаляцыі рунэту».

У законе, у прыватнасьці, сказана, што:

— апэратары сувязі мусяць ставіць абсталяваньне, якое «пры ўзьнікненьні пагрозы» бясьпечнай працы рунэту дазволіць Раскамнагляду ажыцьцяўляць цэнтралізаванае кіраваньне трафікам у Расеі (пералік пагроз Расея пакуль не зацьвердзіла),

— на сетках сувязі ўсталяююць тэхнічныя сродкі, якія будуць вызначаць крыніцу трафіку і з дапамогай якіх можна будзе абмежаваць доступ да рэсурсаў з забароненай інфармацыяй,

— будуць створаныя магчымасьці для мінімізацыі перадачы за мяжу дадзеных, якімі абменьваюцца паміж сабой расейскія карыстальнікі,

— у Расеі створаць інфраструктуру для «аўтаномнага інтэрнэту» без магчымасьці падлучэньня расейскіх апэратараў сувязі да замежных каранёвых сэрвэраў.

— увесь абмен трафікам павінен будзе ажыцьцяўляцца праз вызначаныя пункты абмену, уключаныя ў спэцыяльны рэестар. Весьці рэестар будзе Раскамнагляд, а патрабаваньні да забесьпячэньня функцыянаваньня пунктаў абмену будзе зацьвярджаць Міністэрства сувязі Расеі па ўзгадненьні з ФСБ.

Крытыкі закону асьцерагаюцца, што аўтаномная сетка створыць магчымасьці для татальнай цэнзуры ў інтэрнэце.

Шэраг пунктаў закону, у тым ліку палажэньне аб нацыянальнай дамэннай зоне і крыптаграфічнай абароне, пачнуць дзейнічаць са студзеня 2021 году.

Паводле расейскай нацыянальнай праграмы «Лічбавая эканоміка», выдаткі на рэалізацыю закону складуць больш за 30 мільярдаў расейскіх рублёў. На думку некаторых правайдэраў, аналізаваць увесь трафік, які праходзіць, не па кішэні цяпер нікому і канчатковы кошт праекту будзе «касьмічным».

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» выступіла з заявай, якая асуджае закон аб «сувэрэнным рунэце», які стварае «вялікую пагрозу свабодзе інтэрнэту ў Расеі». «Гэты закон даказвае, што расейскія ўлады гатовыя ўстанавіць палітычны кантроль над усёй сеткавай інфраструктурай, каб у выпадку неабходнасьці перакрыць паток лічбавай інфармацыі», — заявіў Крыстыян Мір, выканаўчы дырэктар філіялу «Рэпартэры бязь межаў» у Нямеччыне.

Закон аб «сувэрэнным рунэце» быў падпісаны Ўладзімірам Пуціным 1 траўня. Яго аўтары заяўлялі, што ён быў падрыхтаваны «з улікам агрэсіўнага характару прынятай у верасьні 2018 году стратэгіі нацыянальнай кібэрбясьпекі ЗША».

Увесну ў некалькіх гарадах Расеі прайшлі акцыі за свабоду інтэрнэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG