Маштабны збой у інтэрнэце, які паралізаваў на некалькі гадзінаў працу шэрагу расейскіх авіякампаній і аэрапортаў, можа быць зьвязаны з вучэньнямі па «ізаляцыі рунэту». Пра гэта паведамляе выданьне Ura.ru са спасылкай на крыніцу ў адной з расейскіх авіякампаній.
У аэрапортах Екацярынбургу, Уфы, Новага Урэнгою, Салехарда і Растова перасталі працаваць сыстэмы рэгістрацыі пасажыраў і багажу, а таксама браніраваньня і куплі квіткоў. Авіякампаніям даводзілася рэгістраваць пасажыраў і іх багаж уручную. Раней збоі здараліся, але такога маштабнага, па словах суразмоўцы выданьня, не было.
У прэс-службе «Уральскіх авіяліній» пацьвердзілі збой у аэрапорце Кальцова ў Екацярынбурзе, празь які пасажыраў трох рэйсаў часткова рэгістравалі ўручную.
Міністэрства лічбавага разьвіцьця, сувязі і масавых камунікацый Расеі пакуль не адказала на запыт Ura.ru.
Вучэньні «па кібербясьпецы ў інтэрнэце» праводзіліся 23 сьнежня. Намесьнік міністра сувязі Аляксей Сакалоў назваў іх пасьпяховымі. Раней ён заявіў, што задача вучэньняў — забясьпечыць надзейную працу інтэрнэту ў Расеі пры любых умовах і ў любых абставінах. Расейскае выданьне «Ведомости» пісалі, што падчас вучэньняў не ўдалося адлюстраваць больш за палову нападаў.
Закон, які дазваляе ізаляваць рунэт, быў прыняты вясной 2019 году. Ён уступіў у сілу з 1 лістапада. Згодна з дакумэнтам, расейскія ўлады могуць кантраляваць усе кропкі перадачы дадзеных за мяжу і маршрутызацыю трафіку, у тым ліку з дапамогай спэцыяльнага абсталяваная ў правайдэраў. У верасьні Роскомнадзор абвясьціў аб пачатку мантажу такога абсталяваньня