Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сапраўдная сэкта». Як пачыналі зарабляць расейскія інтэрнэт-кампаніі


Павел Дураў

Гісторыя Рунэту, расказаная Андрэем Лашаком у сэрыяле «Настоящего времени» «Халівар».

Гэтая частка сэрыялу расказвае пра тое, як расейскі інтэрнэт стаў зарабляць — на сацыяльных сетках, онлайн-гульнях і іншых сэрвісах. Гэта гісторыя супрацьстаяньня «Рамблера» і «Яндэкса», «Аднаклясьнікаў» і «Укантакце», і гісторыя посьпеху Юрыя Мільнера, Паўла Дурава і іншых.

Прапануем вам пераклад некалькіх фрагмэнтаў транскрыпту перадачы.

Рамблер.ру, галоўны расейскамоўны пошукавік канца 90-х, стварылі праграмісты Дзьмітрый Крукаў і Сяргей Лысакоў. Працавалі яны ў НДІ біяхіміі і фізіялёгіі мікраарганізмаў у падмаскоўным Пушчыне.

Сяргей Лысакоў:

— У інстытуце была калекцыя мікраарганізмаў. І была задача гэтых мікробаў апісваць. Гэта быў пачатак, што рабіць далей.

— З гэтага нарадзіўся пошукавік?

— Зь мікробаў, як і ўсё на зямлі.

Сяргей Лысакоў
Сяргей Лысакоў

У 99-м годзе на сьвяткаваньні зьдзелкі Віктар Хуако зрабіў прамову, у якой заявіў: «У нас вялікія пляны на "Рамблер", і мы плянуем ператварыць яго ў расейскі Yahoo».

Сяргей Васільеў:

— Мы ўсё рабілі паводле амэрыканскіх ўзораў. Рамблер мы спрабавалі зрабіць як Yahoo, стваральнік Mail.ru Жэня Голанд капіяваў Hotmail, Укантакце капіявалі Facebook. Юра Мільнер рабіў Молоток.ру па аналёгіі з Ebay, нашая інтэрнэт-крама Ozon — як Amazon. У гэтым пляне Амэрыка як стваральнік новых ідэй, тэхналягічных і камунікацыйных, сапраўды задавала тон, на яе глядзелі, і на гэтых аналёгіях і быў створаны шкілет Рунэту.

Сяргей Васільеў
Сяргей Васільеў

У 2002 годзе ў Рамблера зьмяніліся гаспадары. Кампанію ўзначалілі фінансісты з Уолл-стрыт з расейскімі каранямі: Ігар Лапацінскі і Алег Радзінскі. У тэхналёгіях яны нічога не разумелі, затое выдатна разьбіраліся ў інвэстыцыях.

Алег Радзінскі:

— Я спакойна жыў у горадзе Прынстан, побач зь Нью-Ёркам, выхоўваў дзяцей, і тут у гэты час мне фінансавы партнэр паведаміў, што мы як група зрабілі інвэстыцыю ў кампанію «Рамблер. Гэта быў 2001 год. Я нічога не ведаў ні пра рунэт, ні пра «Рамблер», не карыстаўся інтэрнэтам асабліва, і да гэтага часу не вельмі люблю. Лапацінскі паведаміў, што плянуе праз 3 гады зрабіць «Рамблер» публічнай кампаніяй, таму патрэбныя людзі, якія разьбіраюцца ў інвэстыцыйным банкінгу. Адна з рэчаў, якімі я займаўся, працуючы на Уол-стрыт, па-расейску няма дакладнага перакладу — take a company public — гэта калі кампанія становіцца публічнай.

— У нас кажуць «выходзіць на IPO».

— О, па-расейску, «на IPO». Я б сказаў, стараславянскае слова «IPO», сустракаецца ў летапісах: «а не лепо ли нам, братие, побяшити об IPO».

Алег Радзінскі
Алег Радзінскі

Апошнім са старой каманды «Рамблера» сышоў Ігар Ашманаў, які спрабаваў палепшыць пошук. Цяпер Ашманаў — заўзяты прыхільнік ізаляцыі рунэту і змагар з амэрыканскім засільлем, у 2018 годзе ўваходзіў у лік давераных асоб Уладзіміра Пуціна ў перадвыбарчай кампаніі. Асаблівую непрыязь адчувае да кампаніі Google.

Вось выступ Ігара Ашманава ў 2018 годзе на пасяджэньні камісіі Савету Фэдэрацыі па бясьпецы:

— Я хачу пракамэнтаваць выказваньне аб тым, што Google — гэта кампанія камэрцыйная і будзе кіравацца меркаваньнямі прыбытку. На мой погляд, гэта няправільна. Яны на самай справе зьяўляюцца ідэалягічнай зброяй Злучаных Штатаў. Прыбытак там другасны. Google — гэта разьведка, павінная быць на самазабесьпячэньні, на падножным харчы існаваць, яна сама ж і зарабляе. Трэба разумець, што Google, Facebook, Twitter і гэтак далей — гэта не плятформы, дзе нейкія нядобрыя людзі за грошы разьмяшчаюць незаконны кантэнт. Яны ўдзельнікі вайны!

Ігар Ашманаў
Ігар Ашманаў

У ДНК «Яндэксу» — ня толькі тэхнічныя і бізнэс-таленты заснавальнікаў, але і сацыяльная супольнасьць — усе яны паходзілі зь сем’яў савецкай тэхнічнай інтэлігенцыі.

Алена Калманоўская:

— «Сегаловіч паказваў артыкул у часопісе "Пытаньні геалёгіі", які падпісаны "Волаж, Сегаловіч". Гэта іх таты. Нас усіх траіх выхоўвалі прыкладна аднолькавым чынам, на аднолькавых кнігах, паняцьцях: калі навучыўся не хлусіць, то і ня хлусіш, калі нешта паабяцаў, то ты гэта робіш. Зразумела, адкуль браліся людзі ў «Яндэксе»: Волаж спачатку шукаў сярод сваіх знаёмых, ягоныя знаёмыя шукалі сярод сваіх знаёмых. Цяпер «Яндэкс» — гэта проста вялікая кампанія, інтэрнэт — гэта ўжо звычайная рэч. А ў пачатку «Яндэкс» быў культурнай зьявай.

У мяне быў адзін просты тэст. Я раздрукоўвала слана ва ўдаве з «Маленькага прынцу» паказвала людзям і пыталася, што гэта такое? Людзей, якія казалі «капялюш», можна было не браць. Людзі, якія казалі: «Гэта жа «Маленькі прынц», — зь імі адразу было зразумела, пра што размаўляць.

Ільля Сегаловіч
Ільля Сегаловіч

— На атрыманыя ад інвэстараў 5 мільёнаў даляраў «Яндэкс» перш за ўсё пераехаў у новы офіс і купіў тэлерэкляму.

Лебедзеў:

— Яны купілі рэкляму на ТБ і паклікалі мяне зьняцца ў гэтай рэкламе. Цяпер бы гэта не магло адбыцца ніяк. Я б не прайшоў ніякага кастынгу, нават жартам. А тады я якраз галіўся нагала, мяне яшчэ даўпрыгожылі да бандыта і з гэтага роліка пайшоў слоган «Яндэкса» «Знойдзецца ўсё!»

— Закурыць не знойдзецца? — Знойдзецца ўсё! Пошукавая сыстэма «Яндэкс».

Мабыць, самым пасьпяховым дзеячам рунэту зьяўляецца Юры Мільнер — мільярдэр, глябальны інвэстар і заснавальнік навуковай прэміі Breakthrough («Прарыў»), разам з такімі слупамі сусьветнага інтэрнэту, як Марк Цукербэрг, Сяргей Брын і Поні Ма. Памер прэміі большы за Нобэлеўскую — 3 мільёны даляраў. Мільнер, выпускнік фізфаку МДУ, калісьці быў фізыкам-тэарэтыкам, але пасьля краху СССР перавучыўся на інвэстыцыйнага банкіра.

Юры Мільнер:

— Вывучыўшы 10-20 сэктараў эканомікі, я неспадзявана натрапіў на тады яшчэ малады і растучы сэктар пад назвай «інтэрнэт». Пачатковы капітал фактычна не патрабаваўся. Гэта значыць можна было з невялікай колькасьцю рэсурсаў стартаваць і разьлічваць на посьпех.

Юры Мільнер
Юры Мільнер

— Першай сацыяльнай сеткай, якая прагрымела ў рунэце, сталі «Аднаклясьнікі». Заснавальнік Альберт Папкоў, ня маючы вышэйшай адукацыі, зрабіў бліскучую карʼеру праграміста — у пачатку нулявых ён узначальваў аддзел распрацоўнікаў у буйным брытанскім даведачным сэрвісе. Паралельна кампанія спрабавала запусьціць амэрыканскую сацыяльную сетку Classmates.com — «аднаклясьнікі» ў перакладзе з ангельскай.

Праз год пасьля «Аднаклясьнікаў» зьявілася сетка «Укантакце». Сябры па школе Леў Левіеў і Вячаслаў Мірылашвілі ў сярэдзіне нулявых вучыліся на Захадзе, дзе пазнаёміліся з тады яшчэ студэнцкай сеткай Facebook.

Леў Левіеў:

— Ідэя ствараць Facebook у Расеі прыйшла толькі ў Піцеры, калі мы абодва пераехалі туды і калі Вячаслаў сустрэўся з Паўлам Дуравым, зь якім ён вучыўся ў Пецярбургу ў школе ў сярэдніх клясах. І калі Павал распавёў яму пра свой сайт spbgu.ru, то Славу адразу прыйшла ў галаву ідэя. Ён спытаў — ты ў курсе такога праекту, як Facebook? Паказаў яго Паўлу, Павал не быў у курсе, і далей вось гісторыя.

Дураў аказаўся геніяльным маркетолягам. Кампанія зьняла самы эфэктны офіс у Пецярбургу — дом Зінгер на Неўскім. Сам Дураў выбудоўваў загадкавы вобраз Нэа з Матрыцы, прычым як у пераносным, так і ў прамым сэнсе, зрабіўшы некалькі плястычных апэрацый. Былы піяршчык «Укантакце» Георгі Лобушкін:

— У Дурава была пазыцыя, што праграмісты павінныя быць асобна. Яны ў такім замкнёным сьвеце, у кокане павінныя знаходзіцца. Уласна, гэтым коканам быў Дом Зінгер. 15-20 чалавек супрацоўнікаў, абсалютна магічная атмасфэра. Нейкая майстэрня таемная, зборышча аднадумцаў. і Дураў — іх лідэр. Яны ішлі за ім. Сапраўдная сэкта, і многія і ёсьць сэктанты. Думаю, я таксама такім быў. Мяне, здаецца, да гэтага часу не адпусьціла. Гэта значыць, калі б у мяне была магчымасьць вярнуцца ў гэтую сэкту, я б вярнуўся і стаў бы такім жа сэктантам. Ну, уласна, і не пераставаў ім быць. Проста сэкта пераехала з розных прычынаў.

Павал Дураў
Павал Дураў

— Юры Мільнер:

— Тое, што адбылося ў рунэце, гэта ўнікальная рэч у сусьветным маштабе. Ёсьць толькі Кітай, дзе атрымалася пабудаваць свой лякальны інтэрнэт, але яны ў значнай меры выкарысталі дзяржаўны пратэкцыянізм. А мы ў расейскім сэгмэнце ня мелі ніякага пратэкцыянізму, і тым ня менш атрымалася захаваць лідэрскія пазыцыі. Прынамсі ў той момант, калі я яшчэ ўдзельнічаў, то бок, да 2010 году, рунэт разьвіваўся абсалютна незалежна ад дзяржавы і вельмі канкурэнтна. Было абсалютна ідэальнае канкурэнтнае асяродзьдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG