Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траціна беларусаў чытаюць навіны ў расейскіх СМІ. Чаму так і што з гэтым рабіць


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

25% беларусаў наагул не заходзяць на беларускія сайты, а трэцяя частка іх даведваецца пра навіны з расейскіх СМІ. Свабода разабралася, чаму гэта адбываецца і як гэта зьмяніць.

Чытаюць расейскія вайсковыя рэсурсы і сайты расейскага TV


У беларусаў вялікі інтарэс да расейскіх мэдыя ў інтэрнэце. Напрыклад, беларуская аўдыторыя расейскага прапагандысцкага сайту «Трэцяя ўсясьветная вайна» — 60 тысяч чалавек (па дадзеных за кастрычнік). Сайт апавядае пра ваенныя трыюмфы Расеі і расейскае ўзбраеньне. Гэта вынікае з дасьледаваньняў кампаніі GemiusAudience, кажа дырэктар Baltic Internet Policy Initiative і партнэр Gemius у Беларусі Міхаіл Дарашэвіч.

«Беларуская аўдыторыя гэтага сайту — пераважна мужчыны, у асноўным ім болей за 55 гадоў, такіх 40%. Моладзі там няма. З вышэйшай адукацыяй — менш за траціну. Род дзейнасьці — рабочыя і майстры, збольшага жыхары прамысловых гарадоў, але ня зь Менску. Гэта наглядны прыклад мэтавай групы, зь якою мы можам проста не перасякацца. У іх іншае спажываньне навінаў, яны наагул не чытаюць беларускіх СМІ», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.

У Беларусі склалася аўдыторыя, якая чытае толькі расейскія навіны. 25% беларускай аўдыторыі, паводле зьвестак Міхаіла Дарашэвіча, зусім не чытаюць беларускіх СМІ цягам месяца.


«Да прыкладу, гэта людзі, якія глядзяць НТВ у інтэрнэце, заходзяць на Lenta.ru, заходзяць у „Аднаклясьнікі“ і карыстаюцца нейкім мэсэнджарам. У пачатку году я зьвярнуў увагу на вялікую групу карыстальнікаў, якія наведваюць сайты расейскага тэлебачаньня», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.


Атрымліваюць расейскія навіны праз агрэгатары

Частка беларускай аўдыторыі не заходзіць наўпрост на навінавыя сайты, а трапляе на іх праз агрэгатары буйных інтэрнэт-карпарацыяў: амэрыканскія Google, Microsoft і расейскія «Яндекс» і Mail.ru. Гэтыя парталы ня маюць беларускай лякалізацыі, то бок зьбіраюць навіны з розных крыніц (расейскіх, украінскіх ды іншых) і паказваюць іх беларусам.

«Гэта ўплывае на беларусаў, і пакуль яны падганяюць свае сэрвісы пад беларускі рынак — узьнікае дэфармацыя. Значная частка трафіка аддаецца расейскім рэсурсам. Беларускія карыстальнікі сыходзяць у рунэт», — кажа Фёдар Паўлючэнка, мэдыякаардынатар iSANS і галоўны рэдактар Reform.by.

Паводле дасьледаваньня gemiusAudience, за сёлетні ліпень доля беларусаў, якія чыталі расейскія СМІ, склала 29,30%(са стацыянарных кампутараў).

Беларускія СМІ пішуць навіны пра Расею

Каб патрапіць у падборку агрэгатараў буйных мэдыякарпарацый (і такім чынам выйсьці на частку беларускай аўдыторыі), беларускія мэдыя вымушаныя даваць інфармацыю пра расейскія падзеі і ньюзмэйкераў.

«Гэта замкнёнае кола. У такіх навінах сапраўды ёсьць попыт на рынку і ён ўзмацняецца, бо агрэгатары кормяць беларусаў такімі навінамі і яны пачынаюць імі цікавіцца. Атрымліваецца, што з аднаго боку самі беларусы цікавяцца такімі навінамі, а з іншага — у іх няма выйсьця. Калі ты не ствараеш такія навіны, то губляеш аўдыторыю, якую мог бы атрымліваць праз агрэгатар», — гаворыць Фёдар Паўлючэнка.

Што з гэтым рабіць

Беларускія журналісты, мэдыкампаніі і журналісцкія арганізацыі прынялі дэклярацыю з заклікам да буйных медыякампаній Google і «Яндэкс» лякалізаваць сэрвісы выдачы навінаў. Гаворка пра агрэгатары Google Discover, Zen.Yandex, Google.News і Yandex.News. Вядзецца пра геаграфічную лякалізацыю, каб у гэтых сэрвісах беларускім карыстальнікам паказваліся найперш навіны ад беларускіх СМІ.

«Важна дамагчыся ад буйных мэдыякарпарацыяў, каб лякалізацыя адбывалася менавіта адпаведна геаграфічнаму прынцыпу. Каб карыстальнік зь Беларусі прыярытэтна атрымліваў інфармацыю зь беларускіх сайтаў. Гэта ўжо рэалізавана ў пошукавіку, які, напрыклад, пры пошуку новага тэлефона выдае бліжэйшую краму, але з мэдыяінфармацыяй так не атрымліваецца. Знаходзячыся ў Беларусі, ты атрымліваеш праз агрэгатар навіны з Расеі, Украіны ці яшчэ аднекуль», — падкрэсьлівае Фёдар Паўлючэнка.

На думку Міхаіла Дарашэвіча, беларускую аўдыторыю можна завабіць на беларускія рэсурсы таксама якасным кантэнтам.

«Самыя папулярныя навіны — крымінал, здарэньні. У нас няма сваёй сьвецкай хронікі. Мы ня ведаем, хто да яе залічваецца. Гэтую нішу запаўняюць блогеры. Людзі ідуць за зоркамі, якія ня нашы. Мы ня зможам канкураваць з расейскімі мэдыя на гэтым полі, бо ў іх проста больш інфармацыі пра іхных зорак. Ёсьць катэгорыя навінаў, якія ў нас не ахопліваюцца — нішы, якія цікавяць людзей. Магчыма, праз масавыя інтарэсы людзей можна дагрукацца да іх і прапанаваць нашыя лякальныя навіны», — даводзіць Міхаіл Дарашэвіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG