Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык: апраўданьне Трампа можа зьмяніць стандарты ў ЗША


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Апраўданьне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па выніках працэдуры імпічмэнту стала пераломным момантам у яго прэзыдэнцтве, улічваючы, што яно адбылося за дзевяць месяцаў да новых агульнанацыянальных выбараў, піша аналітык «Голасу Амэрыкі» Кэн Брэдэмаер.

Прэзыдэнт быў прызнаны невінаватым паводле абвінавачваньняў у злоўжываньні паўнамоцтвамі і перашкодзе працы Кангрэсу. У першым выпадку гэты вэрдыкт падтрымалі 52 сэнатара са 100, у другім — 53.

Апраўданьне Трампа, верагодна, будзе мець велізарны доўгатэрміновы ўплыў на палітыку і балянс сіл у Вашынгтоне, паколькі прэзыдэнт умацаваў сваю пазыцыю, уступаючы ў перадвыбарчы сэзон.

Адзіны праціўнік-рэспубліканец

Толькі адзін рэспубліканец, сэнатар Міт Ромні, які прайграў прэзыдэнцкія выбары ў 2012 годзе, прагаласаваў за прызнаньне рэспубліканца Трампа вінаватым паводле першага абвінавачваньня — у злоўжываньні паўнамоцтвамі.

Ромні назваў паводзіны прэзыдэнта «няправільнымі, надзвычай няправільнымі». Што да перашкоды працы Кангрэсу, паводле гэтага пункту Ромні прагаласаваў за невінаватасьць Трампа.

Вынікі імпічмэнту дапамогуць Трампу ў выбарах

Цяпер Трамп можа выкарыстоўваць вынікі працэдуры імпічмэнту на сваю карысьць напярэдадні выбараў.

«Проста дзіўна, чаго мне атрымалася дамагчыся, — напісаў ён у Твітэры, калі разгляд імпічмэнту падыходзіў да канца, — больш, чым любому іншаму прэзыдэнту за першыя тры гады (пакуль), улічваючы, што на працягу гэтых трох гадоў у дачыненьні да мяне былі арганізаваныя выдзьмутыя палітычныя расьсьледаваньня і сфабрыкаваны імпічмэнт! Захаваем Амэрыку вялікай!»

Першы, хто пасьля імпічмэнту прэтэндуе на пераабраньне

Трамп стаў трэцім прэзыдэнтам за 244-гадовую гісторыю ЗША, якому быў абвешчаны імпічмэнт, але які быў апраўданы Сэнатам і захаваў сваю пасаду. Першым такім прэзыдэнтам быў Эндру Джонсан у сярэдзіне 19-га стагодзьдзя, а другім — Біл Клінтан, каля 20 гадоў таму.

Аднак Трамп стаў першым прэзыдэнтам, які быў апраўданы, і зараз прэтэндуе на перавыбраньне. Некалькі дэмакратаў, зь якіх пакуль не вылучыўся відавочны лідэр, хочуць стаць яго апанэнтамі.

Новае разуменьне паўнамоцтваў прэзыдэнта

Магчыма, цяпер зьявілася новае разуменьне паўнамоцтваў прэзыдэнта ЗША. Пра гэта сьведчыць тое, што Трампа апраўдалі паводле абвінавачваньня ў тым, што ён злоўжываў паўнамоцтвамі, калі хацеў атрымаць ад Украіны дапамогу ў расьсьледаваньні дзеяньняў палітычнага праціўніка, а затым перашкаджаў спробам Кангрэсу расьсьледаваць яго дзейнасьць.

Апраўданьне Трампа можа прывесьці да ўзмацненьня ўлады прэзыдэнта ЗША.

Дэмакраты: «Балянс сіл больш ніколі ня будзе ранейшым»

У пачатку разбору кангрэсмэн Адам Шыф, вядучы дэмакрат, які абвінавачваў Трампа, распавёў, што ён лічыць ва ўсёй гэтай гісторыі найважнейшым.

«Нашы адносіны з Украінай гэта перажывуць, — сказаў ён. — Але калі мы вырашым, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў можа проста сказаць: „У адпаведнасьці з артыкулам 2 [Канстытуцыі ЗША] я магу рабіць усё, што хачу, і не абавязаны абыходзіцца з палітычнай галіной ураду так, як належыць“, гэта нанясе непапраўную страту гэтай краіне, таму што балянс сіл у тым выглядзе, як яго задумалі нашы айцы-заснавальнікі, больш ніколі ня будзе ранейшым».

Адвакаты: «Паслуга за паслугу — не падстава для імпічмэнту»

Але бліжэй да канца слуханьняў абарона Трампа стала заклікаць 100 сэнатараў, якія выступалі ў якасьці прысяжных, да пашыранага разуменьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Так, адвакат у крымінальных справах Алян Дэршавіц заявіў, што нават калі Трамп уступіў у пагадненьне з Украінай паводле прынцыпу «паслуга за паслугу», каб атрымаць ад гэтага палітычную выгаду, гэта не зьяўляецца падставай для імпічмэнту.

Такі пункт гледжаньня, аднак, аспрэчваюць, амэрыканскія канстытуцыйныя экспэрты. Але, улічваючы апраўданьне Трампа, пазыцыя Дэршавіца, фактычна можа стаць стандартам, грунтуючыся на якім будуць ацэньваць дзеяньні прэзыдэнтаў у будучыні, піша аналітык «Голасу Амэрыкі» Кэн Брэдэмаер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG