Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі экспэрт патлумачыў, чаму Пампэо падтрымаў Беларусь, а не Лукашэнку


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў менскім аэрапорце, 1 лютага 2020 году
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў менскім аэрапорце, 1 лютага 2020 году

ЗША выказалі падтрымку сувэрэнітэту Беларусі і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці ў момант, калі Менск сутыкаецца з ростам ціску Масквы за ідэю стварэньня саюзнай дзяржавы. Пры гэтым ЗША не дэманстравалі асабістай або палітычнай падтрымкі Лукашэнку, заявіў амэрыканскі экспэрт Дэвід Крамэр у інтэрвію расейскай службе «Голасу Амэрыкі».

Навуковы супрацоўнік Міжнароднага ўнівэрсытэту штату Флорыды і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага Дэвід Крамэр (David J. Kramer) лічыць, што, хоць час для візыту ва Ўкраіну дзяржсакратара Майка Пампэо быў ня самым лепшым, праява падтрымкі краіны з боку ЗША надзвычай важная. Апошняе важна і ў дачыненьні Беларусі, аднак Вашынгтон не павінен забываць аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Дэвід Крамэр
Дэвід Крамэр

— Як вы ацэньваеце мінулы візыт дзяржсакратара Майка Пампэо ва Ўкраіну, у прыватнасьці ў пляне выбранага для гэтага часу? Што вы думаеце пра выказаную дзяржсакратаром ЗША падтрымку Кіеву?

— Я думаю, што падчас свайго візыту дзяржсакратар Пампэо сказаў правільныя рэчы, запэўніваючы Кіеў аб наяўнасьці падтрымкі і цікавасьці з боку ЗША. У асноўным візыт Пампэо ва Ўкраіну, уключаючы наведваньне мэмарыялу ( «Сьцяна памяці загінулых за Ўкраіну») і сустрэчу з кіраўніком новай царквы Ўкраіны, быў пазытыўным — наколькі ён мог такім быць.

Пампэо адправіўся ва Ўкраіну ў вельмі нязручны час, калі тая ўцягнутая ў працэс імпічмэнту, і ў бок якой з боку Злучаных Штатаў выказвалася шмат крытыкі, у тым ліку і з боку прэзыдэнта Трампа. Апынуўся ўцягнутым у скандал перад сваім ад’ездам і сам Пампэо: калі рэпартэрка Нацыянальнага грамадзкага радыё, NPR, задала дзяржсакратару пытаньні пра Ўкраіну, у тым ліку ці ня лічыць ён, што павінен папрасіць прабачэньня перад паслом Мары Яванавіч, Пампэо літаральна «выбухнуў», заявіўшы рэпартэрцы, што няўжо тая думае, што амэрыканцы клапоцяцца пра Ўкраіну.

Тым ня менш падчас свайго візыту Пампэо прадэманстраваў, што заклапочаны Ўкраінай, прынамсі калі зыходзіць зь яго заяў. Але, я думаю, што ўкраінскім чыноўнікам павінна быць крыху няёмка і няпроста мець справу з службовымі асобамі з адміністрацыі ЗША, улічваючы ўсё вышэйсказанае. Украіне сёньня патрэбна ўся дапамога, якую яна можа атрымаць. Калі яе прэзыдэнт, які набраў 73 % галасоў, спрабуе рабіць правільныя рэчы, ён хоча, каб Злучаныя Штаты падтрымалі яго ў гэтым.

— Дзяржсакратар Майк Пампэо стаў самым высокапастаўленым чыноўнікам ЗША за апошнія два дзесяцігодзьдзі, які наведаў Беларусь. Як вы ацэньваеце стасункі паміж ЗША і Беларусьсю сёньня?

Джон Болтан (былы дарадца ў нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША) таксама наведваў Беларусь у рамках сваёй паездкі па рэгіёне ў жніўні мінулага году, але так, візыт дзяржсакратара — гэта самы высокі узровень, калі я не памыляюся, з 1994 году. Той факт, што дзяржсакратар Пампэо наведаў Беларусь, сыгналізуе аб наяўнасьці амэрыканскіх інтарэсаў і падтрымкі краіны.

Ён зрабіў спробу растлумачыць, што перад Менскам не стаіць выбару «ці Расея, ці ЗША». Варта адзначыць, што Лукашэнка па-майстэрску манэўруе паміж Расеяй і Захадам на працягу многіх гадоў, і вельмі важна, што ЗША выказалі падтрымку сувэрэнітэту Беларусі і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці ў момант, калі Менск сутыкаецца з ростам ціску Масквы за ідэю стварэньня саюзнай дзяржавы.

Пры гэтым таксама важна, каб ЗША не дэманстравалі асабістай або палітычнай падтрымкі Лукашэнку безумоўна. На сёньняшні дзень ён даўжэй за любога іншага лідэра ў Эўропе кіруе свой краінай. Ягоны паслужны сьпіс у пытаньні правоў чалавека ўсё яшчэ даволі жудасны, і ЗША ўводзілі санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі нельга забываць, і Пампэо яе згадваў. Але мы павінны пераканацца ў тым, што гэтае пытаньне ня будзе выпушчана з-пад увагі, асабліва на фоне пратэстаў і пасьля арыштаў тых, хто выступаў супраць беларуска-расейскіх перамоў.

— Ці можа сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшыцца, асабліва ў сьвятле нейкага развароту Лукашэнкі ў бок Захаду?

— Вядома, ён мог бы палепшыць гэтую сытуацыю, але я думаю, што наўрад ці так будзе. Сёлета будуць выбары — так званыя выбары — якія, хутчэй за ўсё, прывядуць да новага прэзыдэнцкага тэрміну для яго. Лукашэнка прэзыдэнт з 1994 году, і ён паклапаціўся пра тое, каб любыя сур’ёзныя пагрозы яму былі ліквідаваныя, людзі арыштаваныя і зазналі перасьлед. Таму той факт, што Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе ва ўладзе яшчэ адзін тэрмін, павінен выклікаць асьцярогу сам па сабе.

Але Беларусь, без сумневаў, важная краіна. У гэтым пляне прапанова энэргетычнай дапамогі з боку Пампэо была добрай ідэяй і сьведчыць аб прамой і адчувальнай дапамозе, якую Злучаныя Штаты могуць аказаць. Але нам трэба быць трохі асьцярожнымі, калі справа датычыць Лукашэнкі. Калі мы не будзем замятаць мінулыя і цяперашнія праблемы пад дыван, то, я думаю, узаемадзеяньне зь Беларусьсю — станоўчы момант.

— Дзяржсакратар Пампэо таксама наведаў Казахстан і Ўзбэкістан і ўдзельнічаў у ініцыятыве C5+1 паміж краінамі Цэнтральнай Азіі і Злучанымі Штатамі. Ці можна гаварыць пра вяртаньне ЗША ў рэгіён?

— Я ня стаў бы апісваць гэта як вяртаньне Злучаных Штатаў у рэгіён. Думаю, што Вашынгтон сёньня прытрымліваецца палітыкі памяншэньня замежнай прысутнасьці, і ня толькі ў гэтым рэгіёне, але і ва ўсім сьвеце ў цэлым. Калі гаворка заходзіць пра Цэнтральную Азію, няма сумненьняў у тым, што тут існуе канкурэнцыя за ўплыў, у першую чаргу паміж Расеяй і Кітаем. Гэты рэгіён застаецца важным, у прыватнасьці праз Аўганістан. Для Злучаных Штатаў важна заставацца там гульцом, і ў гэтым пляне візыт Пампэо, вядома, важны.

Аднак трэба адзначыць, што палітычная сытуацыя і сытуацыя з правамі чалавека там далёка не ідэальныя. Узбэкістан дамогся некаторага прагрэсу з тых часоў, як памёр прэзыдэнт Карымаў. Гэтага нельга сказаць пра Казахстан, у прыватнасьці з тых часоў, як Назарбаеў перайшоў з пасады прэзыдэнта на новую пасаду (кіраўнік Рады бясьпекі Казахстану). Так што Злучаныя Штаты пры ўзаемадзеяньні зь лідэрамі гэтых краін павінны гаварыць пра грамадзянскую супольнасьць, неабходнасьць дазволіць палітычную канкурэнцыю і свабоду прэсы. Гэтыя каштоўнасьці павінны заставацца галоўнымі прынцыпамі палітыкі ЗША ў дачыненьні да гэтага рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG