Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран прапанаваў па 80 тысяч даляраў сем’ям украінцаў, якія загінулі ў зьбітым «Боінгу». Зяленскі не пагадзіўся


На месцы падзеньня самалёта МАУ Boeing 737 у Іране, 8 студзеня

Іранскія ўлады прапанавалі заплаціць сем’ям украінцаў, якія загінулі пры катастрофе «Боінга» пад Тэгеранам, па 80 тысяч даляраў, расказаў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію «ТСН.Тиждень».

«Яны прапанавалі адразу 80 тысяч даляраў кожнай сям’і кожнага загінулага, але мы на гэта не пагадзіліся. Мне здаецца, што гэта замала. Калі жонка загінулага кажа, што муж быў адзіным карміцелем, а ў яе няма працы, і дзіцяці трэба паступаць у інстытут, 80 тысяч даляраў — гэта зусім мала», — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што Ўкраіна будзе дамагацца ад Ірану вялікіх кампэнсацый празь міжнародныя суды, але не ўдакладніў сумы.

Як падкрэсьліў Зяленскі, публікацыя запісу перамоваў дыспэтчара аэрапорта Тэгерана і пілёта іранскай авіякампаніі, які бачыў запуск і пападаньне ракеты ў борт «МАУ» даказвае, што іранскі бок ведаў з самага пачатку, ужо на момант зьбіцьця, што самалёт зьбіла ракета.

«Боінг» «Міжнародных авіяліній Украіны», які выконваў рэйс з Тэгерану ў Кіеў, разьбіўся 8 студзеня неўзабаве пасьля ўзьлёту. Загінулі ўсе 176 чалавек на борце, грамадзяне сямі краін, у тым ліку 11 украінцаў.

Спачатку ўлады Ірану адмаўлялі, што самалёт быў зьбіты, і казалі аб тэхнічных непаладках лайнэра. Празь некалькі дзён адказнасьць за абстрэл ўзяў на сябе Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Там сьцьвярджаюць, што лайнэр зьбілі памылкова ў чаканьні магчымых удараў ЗША.

Украінскія ўлады заплацілі сем’ям загінулых пры авіякатастрофе па 200 тысяч грыўняў (8300 даляраў). Таксама ім павінны заплаціць кампэнсацыі «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны».

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG