Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі вайсковец, які зьбіў украінскі «Боінг», знаходзіцца ў турме


Міністар замежных спраў Ірану Мухамад Джавад Зарыф.

Вайсковец, які памылкова зьбіў украінскі пасажырскі «Боінг» пад Тэгеранам, знаходзіцца ў турме. Пра гэта ў інтэрвію Der Spiegel заявіў міністар замежных спраў Ірану Мухамад Джавад Зарыф. Інфармацыі пра асобу арыштаванага міністар не падаў.

Зарыф таксама прыгадаў інцыдэнт з іранскім пасажырскім самалётам, які ЗША зьбілі ў 1988 годзе.

«Амаль 32 гады таму ЗША зьбілі іранскі пасажырскі самалёт. Яны да гэтага часу не прынесьлі афіцыйных прабачэньняў. Амэрыканскі афіцэр, які быў адказны за яго зьнішчэньне, нават атрымаў мэдаль. Тым часам іранец, які зьбіў украінскі самалёт, цяпер знаходзіцца ў турме», — расказаў міністар.

На пытаньне, ці не было рашэньне не зачыняць паветраную прастору краіны ў ноч правядзеньня атакі па амэрыканскіх базах у Іраку безадказным для іранскіх уладаў, Зарыф адказаў, што Тэгеран ня быў у зоне ваенных дзеяньняў. Палітык назваў гэта тэхнічным і палітычным рашэньнем. «Мы ўдзельнічалі ў вайне супраць Іраку на працягу васьмі гадоў, не зачыняючы паветраную прастору», — заявіў ён.

Міністар таксама назваў атаку на амэрыканскія вайсковыя базы ў Іраку «афіцыйным ваенным адказам» Ірану на гібель генэрала Сулеймані. «Ракетны ўдар ня стаў прычынай нейкіх ахвяр, мы ажыцьцявілі наша права на самаабарону суразьмерным чынам», — адзначыў Зарыф.

«Боінг» «Міжнародных авіяліній Украіны», які выконваў рэйс з Тэгерану ў Кіеў, разьбіўся 8 студзеня неўзабаве пасьля ўзлёту. Загінулі ўсе 176 чалавек на борце — гэта грамадзяне сямі краін.

Спачатку ўлады Ірану адмаўлялі, што самалёт быў зьбіты, і казалі аб тэхнічных непаладках лайнэра. Празь некалькі дзён адказнасьць за абстрэл ўзяў на сябе Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Там сьцьвярджаюць, што лайнэр зьбілі памылкова ў чаканьні магчымых удараў ЗША.

У Іране ўспыхнулі пратэсты. МЗС прызнаў, што незадаволенасьць грамадзян выклікалі дзеяньні ўладаў і вайскоўцаў, якія схавалі інфармацыю аб прычынах авіякатастрофы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG