Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі новае відэа, на якім украінскі самалёт зьбіваюць дзьве іранскія ракеты


Іранцы запальваюць сьвечкі ў памяць аб ахвярах крушэньня ўкраінскага авіяляйнэра, 11 студзеня 2010

Выданьне The New York Times апублікавала відэа, на якім, як мяркуецца, дзьве іранскія ракеты трапляюць ва ўкраінскі «Боінг».

На кадрах бачныя два меркаваныя запускі з розьніцай у 30 сэкунд і падпалены аб’ект, які, як сьцьвярджае выданьне, ёсьць ляйнэрам Міжнародных авіяліній Украіны.

Самалёт не разбурыўся ў паветры, але загарэўся і страціў здольнасьць кіраваньня. На зямлю ён упаў празь некалькі хвілін.

Дата на відэа — 17.10.2019 — не супадае з датай катастрофы. Журналісты The New York Times мяркуюць, што гэта зьвязана з выкарыстаньнем у Іране пэрсыдзкага, а не грыгарыянскага календара.

Відэа зьнялі камэрай на даху аднаго з дамоў у пасёлку за некалькі кіламэтраў ад базы Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, сілы супрацьпаветранай абароны якога, як прызналі іранскія ўлады, зьбілі самалёт.

Тэгеран сьцьвярджае, што ляйнэр быў зьбіты праз памылку, вайскоўцы пераблыталі яго з крылатай ракетай у чаканьні магчымых удараў ЗША пасьля таго, як у ноч на 8 студзеня Іран абстраляў амэрыканскія вайсковыя базы ў Іраку ў адказ на забойства іранскага генэрала Касэма Сулеймані.

Ракеты былі выпушчаныя з зэнітна-ракетнага комплексу «Тор» расейскай вытворчасьці.

Пасажырскі «Боінг-737» Міжнародных авіяліній Украіны разьбіўся 8 студзеня пры вылеце з аэрапорта Тэгерану. На борце знаходзіліся 167 пасажыраў і 9 чалавек экіпажу. Усе яны загінулі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG