Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране трываюць пратэсты. Апазыцыя кажа, што ўлада страляе ў дэманстрантаў


Акцыя пратэсту іранскіх студэнтаў у Тэгеране, 11 студзеня 2020

У Іране трэці дзень трываюць антыўрадавыя пратэсты. З Ірану паступаюць паведамленьні, што пры разгоне акцыі пратэсту ў Тэгеране 12 студзеня ўлады ўжывалі не толькі сьлёзацечны газ, але і агнястрэльную зброю. Як сьцьвярджаюць відавочцы, па меншай меры некалькі чалавек былі параненыя.

У сацыяльных сетках зьявіліся відэаролікі, як мяркуецца, зробленыя ў Тэгеране, на якіх чутныя гукі стрэлаў і бачныя параненыя. Іх сапраўднасьць, аднак, пакуль не пацьверджана незалежнымі крыніцамі. Відэаролікі распаўсюджваюць галоўным чынам іранскія апазыцыйныя актывісты.

Паліцыя Тэгерана адмаўляе, што адкрывала агонь. 13 студзеня яе начальнік заявіў, што паліцыянтам, наадварот, было загадана быць стрыманымі ў адносінах да пратэстоўцаў. Афіцыйнай статыстыкі пра колькасьць параненых няма.

Пратэсты ў Іране пачаліся пасьля таго, як улады краіны прызналі, што ўкраінскі «Боінг» 8 студзеня быў зьбіты сіламі супрацьпаветранай абароны Ірану — як сьцьвярджаецца, праз памылцы. Удзельнікі акцый пратэсту абвінавачваюць улады ў тым, што спачатку яны хавалі праўду пра катастрофу. Гучаць заклікі да зьмены палітычнага рэжыму і лёзунгі асабіста супраць вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хамэнэі.

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG