Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікаў іранскія ўлады ўтрымацца ад рэпрэсій


Пратэсты ў Тэгеране, 11 студзеня

Антыўрадавыя пратэсты аднавіліся 12 сьнежня ў іранскім Тэгеране. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў іранскіх лідэраў не забіваць пратэстоўцаў і «вялікі іранскі народ».

Асноўнае патрабаваньне мітынгоўцаў — пакараць вінаватых у гібелі ўкраінскага «Боінга», зьбітага іранскімі вайскоўцамі.

Што напісаў Трамп?

  • «Зьвяртаюся да лідэраў Ірану: не забівайце сваіх пратэстоўцаў. Вы ўжо забілі і пасадзілі за краты тысячы людзей».
  • «Вярніце інтэрнэт і дайце журналістам свабодна перасоўвацца».

Хроніка абвастрэньня адносін ЗША і Ірану

29 сьнежня 2019. Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінулі ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе блізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі якраз баевікі з «Катаіб Хізбала».

31 сьнежня 2019. Некалькі тысяч чалавек пратэставалі каля будынку амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Дэманстранты выкрыквалі лёзунг «Сьмерць Амэрыцы!» і палілі амэрыканскія сьцягі. Праламаўшы браму, некаторыя ўварваліся на тэрыторыю дыпмісіі. Пры разгоне пратэстоўцаў быў ужыты сьлезацечны газ.

3 студзеня 2020. У выніку амэрыканскага авіяўдару на лётнішчы ў Багдадзе быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, камандзір сілаў «Кудс», элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку. Акцыя была ўхваленая асабіста прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Афіцыйны Тэгеран заявіў, што адпомсьціць крыўдзіцелям, і заявіў пра 13 плянаў удараў, ад якіх Амэрыка наўрад ці калі акрыяе. Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што Трамп дорага за яго заплаціць. Эсмаіл Гаані, наступнік Касэма Сулеймані, прыгразіў, што хутка ўвесь сьвет «пабачыць трупы амэрыканцаў па ўсім Блізкім Усходзе». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.

7 студзеня 2020. Каля паўсотні чалавек загінулі ў цісканіне на пахаваньні Сулеймані ў ягоным родным горадзе Керман, яшчэ столькі ж параненыя.​

8 студзеня 2020. Празь некалькі гадзін пасьля пахаваньня іранскага генэрала Касэма Сулеймані, забітага ў выніку авіяўдару ЗША 3 студзеня, Іран зрабіў атаку ў адказ на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку. Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Ад атакі людзі не пацярпелі, Трамп пісаў, што «ўсё нармальна» — ідзе ацэнка шкоды.

8 студзеня 2020. У той жа дзень пры ўзьлёце ў міжнародным аэрапорце Тэгерану «Мехрабад» пацярпеў крушэньне «Боінг» украінскай авіякампаніі МАУ, 176 пасажыраў і чальцоў экіпажу загінулі. Афіцыйных заяваў пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША пакуль няма.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG