Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канстытуцыю Расеі прапанавалі ўвесьці пасаду «вярхоўнага правіцеля»


Працоўная група для падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю Расеі прапанавала ўвесьці ў асноўны закон краіны больш за сто новых пунктаў, паведамляе выданьне «Коммерсант».

Сярод іх — перайменаваньне пасады прэзыдэнта ў «вярхоўнага кіраўніка», зацьвярджэньне праваслаўя ў якасьці асноўнай рэлігіі краіны, а таксама замацаваньне за Расеяй статусу «дзяржавы-пераможцы» ў Другой сусьветнай вайне.

Пра тое, што прэзыдэнта хочуць перайменаваць у «вярхоўнага кіраўніка», прычым слова «вярхоўны» прапануецца пісаць зь вялікай літары, журналістам распавёў сябра працоўнай групы, старшыня Камітэту Дзяржаўнай думы ў справе дзяржаўнага будаўніцтве і заканадаўства Павел Крашаніньнікаў.

Аб пляне зьмяніць Канстытуцыю Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў 15 студзеня ў пасланьні Фэдэральнаму сходу. У прыватнасьці, прэзыдэнт прапанаваў усталяваць прыярытэт Канстытуцыі Расеі над міжнародным заканадаўствам і замацаваць у ёй статус і ролю адроджанай ім Дзяржаўнай рады.

Апазыцыя асьцерагаецца, што Пуцін абвясьціў пра гэтую меру для таго, каб у 2024 годзе, калі скончыцца тэрмін яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, узначаліць Дзяржаўную раду і такім чынам застацца ва ўладзе.

Адначасова з гэтым Пуцін прызначыў працоўную групу для падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю, у якую ўвайшлі 75 чалавек. Сярод іх — аўтар законаў аб пакараньні за абразу ўлады і сувэрэны інтэрнэт сэнатар Андрэй Клішас, пісьменьнік Захар Прылепін, які камандаваў баевікамі так званай «Данецкай народнай рэспублікі», атаман Усерасійскага казацкага войска Мікалай Долуда, спартоўка Алена Ісінбаева, вядомыя артысты і рэжысёры, дэпутаты Дзяржаўнай думы і члены Савету Фэдэрацыі.

  • Законапраект аб папраўках у Канстытуцыю аднагалосна прыняла ў першым чытаньні Дзяржаўная дума Расеі. Другое чытаньне прызначана на 11 лютага.
  • Усенароднае галасаваньне аб папраўках плянуецца правесьці ў красавіку. Пры гэтым пра фармат галасаваньня ў законапраекце нічога не гаворыцца. Мяркуецца, што яго выпрацуюць спэцыяльна створаная працоўная група і Цэнтрвыбаркам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG