Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дырэктар у адпачынку, больш нічога ня ведаю». Куды прапалі кіраўнікі цукровых прадпрыемстваў Беларусі?

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Скідзельскі цукровы камбінат
Ілюстрацыйнае фота. Скідзельскі цукровы камбінат

На месцах інфармацыю аб магчымых затрыманьнях кіраўніцтва не камэнтуюць.

Інфармацыя пра затрыманьне дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча зьявілася ў суботу 24 студзеня. Як мяркуецца, ён быў адным з пасажыраў рэйсу «Белавіа» зь Менску ў Мюнхэн, якіх зьнялі з самалёта ў Горадні.

Мяркуецца, разам з Крыштаповічам у самалёце быў таксама ягоны калега, дырэктар Слуцкага цукровага заводу Мікалай Пруднік.

«Мікалай Паўлавіч зь пятніцы ў адпачынку, — паведамілі Свабодзе ў прыёмнай прадпрыемства. — Званіце праз два тыдні. Ён напісаў заяву на водпуск працягласьцю два тыдні, гэта ўсё, што я магу вам сказаць».

Намесьнік дырэктара па ідалёгіі цукроварафінаднага камбінату ў Слуцку Яўген Шапавалаў сказаў карэспандэнту Свабоду, што ня ведае, дзе цяпер генэральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Пруднік.

«Ён у плянавым адпачынку зь пятніцы», — кажа Шапавалаў, але дадае, што на сувязь дырэктар з таго часу не выходзіў. Пра тое, ці працавала на камбінаце сьледчая група і ці выклікалі супрацоўнікаў на допыты, Шапавалаву таксама невядома.

Яўген Шапавалаў выказваецца пра Прудніка як пра вельмі добрага кіраўніка, на якім «тут усё трымаецца». Пруднік працуе дырэктарам заводу з 2004 году, раней быў намесьнікам, прыйшоў на камбінат з пасады кіраўніка нарыхтоўчага пункту.

«Такімі людзьмі нельга раскідвацца», — лічыць Шапавалаў. Пра сувязі з Гарадзейскім і Жабінкаўскім цукровымі заводамі сказаў, што калегі зь іх часта бываюць у Слуцку, дзеляцца досьведам. Работнікі са Слуцку таксама часта езьдзяць на іншыя цукровыя прадпрыемствы.

Работнікі Слуцкага цукровага камбінату, якіх журналіст сустрэў каля прахадной, размаўляць адмовіліся.

«Вельмі добры чалавек, што б пра яго ні сказалі, людзі не павераць», — кажа пра Прудніка жыхарка Слуцку. У горадзе згадваюць, што Слуцкі камбінат быў апошнім, які прымусілі перадаць 70% акцый дзяржаве.

«На камбінаце вельмі моцная сыстэма сацыяльнай абароны. Жанчынам у дэкрэце даплочвае прадпрыемства. Мая дачка ў дэкрэце, як там працавала, атрымлівала да 1000 рублёў», — кажа Жанна са Слуцку.

Людзі кажуць, што заробкі на камбінаце — 700–800 рублёў.

Няма на працоўным месцы ў панядзелак і дырэктара цукровай фабрыкі ў Жабінцы Віктара Міронава. Пра яго затрыманьне паведамляюць мясцовыя СМІ.

«Дырэктара на месцы цяпер няма, — сказалі Свабодзе ў прыёмнай Міронава. — І я ня ведаю, калі ён будзе».

Кіраўніка цукровага заводу ў Скідзелі Дзьмітрыя Ягорава таксама ў панядзелак на працоўным месцы не аказалася.

У канцы лета мінулага году сытуацыю ў цукровай галіне раскрытыкаваў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка.

«Вы мне не пакутуйце, — сказаў Лукашэнка падчас візыту ў Смалявіцкі раён у адрас кіраўніцтва Мінсельгасхарчу і Менскай вобласьці. — Ваша справа — прадаць тое, што вырасьцілі сяляне. Расея не адзіная ў сьвеце. Ужо цяпер трэба варушыцца. Ня толькі і ня столькі ў полі, а шукаць рынкі рэалізацыі. Яны прыбяруць, нарыхтуюць, а нам трэба дапамагчы ім прадаць... Думайце, дзе вы будзеце прадаваць цукар. Зьніжаць вытворчасьць ні ў якім разе нельга. Пажадана захаваць узровень даходнасьці хаця б мінулага году».

Праваахоўныя органы інфармацыю пра затрыманьні кіраўнікоў цукровых заводаў пакуль не камэнтуюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG