Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь змагаецца з цукровым дэмпінгам расейскіх вытворцаў


Беларускі цукар

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю пастановай № 60 вызначыла гранічныя мінімальныя цэны і гандлёвую надбаўку на імпартаваны і мясцовы цукар.

Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. «Пастанова ўводзіць часовае дзяржаўнае рэгуляваньне на цукар белы крышталічны шляхам вызначэньня гранічных мінімальных цэнаў і лімітаванай максымальнай гандлёвай надбаўкі ў памеры 15%», — растлумачылі ў міністэрстве.

Так, адпускная цана на цукар, які ўвозіцца і рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі для мэтаў, не зьвязаных з прамысловай перапрацоўкай, вызначаная ў памеры 1,19 рубля за 1 кг. Раздробная цана — 1,5 рубля за 1 кг.

Як адзначылі ў ведамстве, дадаткам № 19 дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе вызначана магчымасьць увядзеньня дзяржавамі-чальцамі дзяржаўнага цэнавага рэгуляваньня на таварных рынках, якія не знаходзяцца ў стане натуральнай манаполіі, зыходзячы зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі.

Згодна з пастановай Савету міністраў «Аб канцэпцыі нацыянальнай харчовай бясьпекі», цукар якраз адносіцца да аднаго з парамэтраў «харчовай бясьпекі».

Удакладняецца, што рэгуляваньне цэнаў уводзіцца ў сувязі з рэзкім ростам імпарту (перадусім з Расеі), скарачэньнем попыту на айчынны цукар і значным зьніжэньнем аб’ёмаў яго вытворчасьці. Пастанова ўступае ў сілу пасьля яе афіцыйнай публікацыі і дзейнічае на працягу 90 дзён.

У 2006 годзе паміж Беларусьсю і Расеяй ужо ўзьнікаў канфлікт наконт паставак цукру, які перарос у паўнавартасную гандлёвую «вайну». Тады Расея накіравала ўвесь імпарт цукру зь Беларусі на адзіны мытны пост з абавязковай праверкай краіны паходжаньня.

У Маскве падазравалі, што пад выглядам беларускага цукру ў Расею трапляе цукар з трэціх краінаў. У адказ Менск спыніў пастаўкі кандытарскіх вырабаў і алькаголю з Расеі. Толькі праз год кіраўнікі краінаў дамовіліся і зьнялі ўсе абмежаваньні ў гандлі.

Беларусь і Расея спрачаюцца пра цукар

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG