Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фармальна пагроза з нас яшчэ канчаткова не зьнятая». Дызайнэрам паабяцалі вярнуць ільготную арэнду майстэрань


Старшыня Камітэту дзяржкантролю паабяцаў Саюзу дызайнэраў вырашыць пытаньне з ільготнай арэндай творчых майстэрняў. Але з канкрэтыкі ў дызайнэраў пакуль толькі рахунак на 160 тысяч, які яны ня здольныя аплаціць.

Камунальнікі пералічылі арэндную плату некаторым дызайнэрам па поўным тарыфе замест ільготнага (меншага аж да 10 разоў) пасьля маніторынгу і рэкамэндацый Камітэту дзяржкантролю.

Напрыклад, у майстэрні Ўладзімера Цэсьлера кантралёры знайшлі ложак — і павялічылі кошт арэнды ў 4 разы.

Старшыня саюзу Дзьмітры Сурскі 24 студзеня сустрэўся з кіраўніцай галоўнага ўпраўленьня дзяржаўных спэцыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірынай Дрыгай і прадстаўнікамі Камітэту дзяржкантролю.

«Я думаю, што дамовы на арэнду будуць карэктаваць. Але фармальна пагроза з нас яшчэ канчаткова не зьнятая», — сказаў ён карэспандэнту Свабоды.

Міністэрства культуры «цалкам на нашым баку», сказаў Дзьмітры Сурскі.

«Дрыга пацьвердзіла са спасылкай на Кодэкс аб культуры, што мастак можа атрымліваць даход ад сваёй творчай дзейнасьці любымі даступнымі сродкамі. Яшчэ будзем абмяркоўваць, ці магчыма атрымліваць сродкі праз стварэньне ІП. Чаму не? Чаму мастак ня можа праз стварэньне ІП ажыцьцяўляць сваю творчую дзейнасьць? Гэта ж празрыста для дзяржавы. Я тут ня бачу супярэчнасьці», — сказаў Дзьмітры Сурскі.

Пасьля падвышэньня арэнды некаторыя дызайнэры пачалі адмаўляцца ад ІП і статусу рамесьніка. Яны карысталіся рахункамі індывідуальных прадпрымальнікаў для набыцьця матэрыялаў і ўдзелу ў кірмашах.

Дызайнэру Максіму Карасю налічылі арэнду ў 98 578 рублёў за тое, што ён займаецца адукацыяй. Гэты рахунак яшчэ не адкліканы.

Дзьмітры Сурскі лічыць, што адукацыя — таксама творчая дзейнасьць.

«Кодэкс аб культуры дазваляе творчым саюзам займацца адукацыяй без стварэньня камэрцыйнай структуры, — тлумачыць ён. — У нашым палажэньні аб майстэрнях прапісана, што майстэрня — гэта месца, дзе сябра саюзу ажыцьцяўляе сваю навуковую, пэдагагічную і праектна-мастацкую дзейнасьць. Мы лічым адукацыйную дзейнасьць у сваёй сфэры таксама творчай. Гэта перадача сваіх ведаў для нашчадкаў і гэта вельмі важная праца для саюзу».

Паводле Сурскага, высьветлілася, што рэкамэндацыі КДК ня мелі «прамога дзеяньня». З вынікамі маніторынгу павінны былі азнаёміць саюз дызайнэраў.

«Я патэлефанаваў правяраючаму, і ён сказаў: супакойцеся, усе нашы рэкамэндацыі адазваныя, пачынаем жыцьцё з новага ліста. Маўляў, тут трохі перагнулі палку. Але я пакуль не супакоіўся, бо яшчэ ніхто афіцыйна не адазваў завышаныя рахункі. І рахункаў у былых межах нам таксама ніхто не даслаў. Але з большага ўсё пазытыўна», — сказаў старшыня саюзу дызайнэраў.

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў наведаў 23 студзеня майстэрню дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера і Беларускі саюз дызайнэраў і паабяцаў вырашыць пытаньне з арэндай творчых майстэрняў.

У Беларускім саюзе дызайнэраў 600 сяброў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG