Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Дзяржкантролю наведаў майстэрню Цэсьлера і паабяцаў разабрацца з павышэньнем арэнды


Творчая майстэрня Ўладзімера Цэсьлера
Творчая майстэрня Ўладзімера Цэсьлера

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў наведаў 23 студзеня майстэрню дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера і паабяцаў урэгуляваць пытаньне па льготнай арэндзе для творчых майстэрняў, паведамляе сайт ведамства.

Пасьля таго як у майстэрні пабывалі кантралёры, кошт яе арэнды вырас у 4 разы, павысілі арэнду і іншым сябрам Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага саюзу мастакоў.

Анфімаў адзначыў, што прэтэнзій да выкарыстаньня майстэрні ў правяраючых няма. «Тое, што ў памяшканьні ёсьць ложак, абсталяваная кухня, — гэта нармальна. Я ня бачу тут праблемы: мастак павінен тварыць і мець магчымасьць адпачыць», — сказаў кіраўнік КДК.

Што тычыцца пытаньня льготаў па арэнднай плаце грамадзкім аб’яднаньням, дык яно, паводле Анфімава, патрабуе дадатковага вывучэньня ў кожным канкрэтным выпадку.

«У ацэнцы выкарыстаньня майстэрняў неабходна ліквідаваць розначытаньні наконт таго, што лічыць творчым працэсам, а што — камэрцыйнай дзейнасьцю. Сёньня гэтыя пытаньні выразна не адрэгуляваныя», — сказаў Анфімаў. Паводле яго, цяпер ведамства распрацоўвае прапановы па ўрэгуляваньні сытуацыі і пры неабходнасьці — карэктаваньні заканадаўства, якія пасьля ўнясуць ва ўрад.

У студзені 2020 году сябрам Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага саюзу мастакоў жыльлёвыя аб’яднаньні ў Менску пачалі пералічваць арэндную плату за творчыя майстэрні насуперак заключаным дамовам.

Паводле дырэктара УП ЖРЭА Ленінскага раёну Менску Віктара Ільянкова, гэта зрабілі таму, што дызайнэры і мастакі выкарыстоўваюць памяшканьні «не па прызначэньні», «вядуць прадпрымальніцкую дзейнасьць», і гэта пацьвердзілі праверкі, праведзеныя «ў тым ліку Камітэтам дзяржкантролю».

Старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Дзьмітры Сурскі кажа, што арэнда памяшканьняў для некаторых дызайнэраў падскочыла ў дзесяць разоў, і называе такое павышэньне «незаконным і беспадстаўным». Паводле дамоваў, калі ў памяшканьнях выяўляюць парушэньні, ЖРЭА павінна напісаць прэтэнзію і даць нейкі тэрмін на іх выпраўленьне, і толькі калі парушэньні ня выправяць, ЖРЭА можа прапанаваць дадатковае пагадненьне і так зьмяніць арэндную плату. А на справе атрымалася, што некаторым мастакам нават задняй датай пералічылі арэнду за ўсе папярэднія гады.

Кантралёры наведваліся і ў майстэрню мастака і дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера, якому яна выдзеленая Беларускім саюзам мастакоў. Дызайнэру выставілі за майстэрню поўны рахунак, бо «знайшлі там канапу». Стаўку арэнды паднялі ў чатыры разы — з 400 да 1,5 тысячы даляраў у месяц.

Беларускі саюз дызайнэраў прапанаваў Міністэрству культуры распрацаваць палажэньне аб творчых майстэрнях і дадаць яго да Кодэксу аб культуры. У ім трэба расьпісаць, што можа знаходзіцца ў майстэрні: ці можа там стаяць ложак, лядоўня, пералічыць інструмэнтарый, якім карыстаецца сучасны дызайнэр ці мастак, хто можа наведваць майстэрню. Таксама саюз прапануе вызначыць прававы статус творчага работніка.

Дызайнэры накіравалі лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства культуры і іншыя ўстановы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG