Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль парэкамэндаваў штрафаваць дызайнэраў за майстэрні. Саюзу дызайнэраў выставілі рахунак на 98 578 рублёў


Зьезд Беларускага саюзу дызайнэраў, 2015 год, ілюстрацыйнае фота

Беларускі саюз дызайнэраў расказаў на Facebook пра рэкамэндацыі Камітэту дзяржаўнага кантролю, празь якія творчыя майстэрні пачалі лічыць за вытворчыя цэхі і патрабаваць адпаведнай аплаты. За арэнду майстэрні Максіма Карася Саюзу выставілі пералічаны рахунак за ўсе ранейшыя гады на 98 578 рублёў.

У чым заключаліся рэкамэндацыі, Саюз дызайнэраў ня ведае. Але іх эфэкт апісваецца так:

«Чырвонай анучай для правяраючых зьяўляюцца швейныя машынкі ў майстэрнях усіх фэшн-дызайнэраў. А калі іх дзьве ці тры, то гэта напэўна падпольны цэх».

Жыльлёвыя аб’яднаньні, гаворыцца далей, рыхтуюць пералікі за арэнду памяшканьняў у аднабаковым парадку і насуперак заключаным дамовам арэнды. Праверкі праводзіліся адносна ўсіх творчых саюзаў. Сярод іншага, Уладзімеру Цэсьлеру выставілі за майстэрню поўны рахунак, бо «знайшлі там канапу», сьцьвярджаецца ў фэйсбуку Саюзу дызайнэраў. Калі сытуацыя ня зьменіцца, пішуць дызайнэры, «гэта прывядзе да фінансавага краху і закрыцьця нашага рэспубліканскага творчага саюзу».

Праблему саюз бачыць у тым, што ў беларускім заканадаўстве няма азначэньня «творчай майстэрні», адпаведных нормаў няма ні ў грамадзянскім, ні ў падатковым заканадаўстве.

Старшыня Саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі апублікаваў тлумачальную нататку Камітэту дзяржкантролю, у якой апісвае працу дызайнэраў і тлумачыць патрэбу ў ільготных тарыфах на памяшканьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG