Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляр падмануў 34 асобаў, выдаючы сябе за прадстаўніка расейскіх кампаній


©Shutterstock
©Shutterstock

Сьледчае ўпраўленьне Менску завяршыла расьсьледаваньне справы 35-гадовага менчука, які, як кажуць сьледчыя, падманам завалодаў грашыма 34 грамадзянаў Беларусі ды іншых краінаў, сумарна — звыш 2 млн рублёў, піша БелТА.

Гаворка ідзе пра суму, эквівалентную 2 млн дэнамінаваных рублёў, хоць дзеяньні падазраванага адбываліся ў 2012–2014 гадах, да дэнамінацыі. Якая сума ў даляравым эквіваленце, сказаць цяжка: за гэты час курс рубля ўпаў з 8350 да 11 850 рублёў за даляр.

Як расказваюць сьледчыя, падазраваны ад 2012 году выкарыстоўваў рэквізыты падстаўных расейскіх фірмаў, якія насамрэч не вялі ніякай дзейнасьці. У Беларусі ён выдаваў сябе за пасьпяховага бізнэсоўца, які дзейнічае ад імя тых фірмаў: прасіў знаёмых пазычыць яму грошы на аптовыя пастаўкі мяса і сыру, падказаць ахвочых інвэставаць у ягоны бізнэс.

Грошы ён браў нібыта пад 5%, але вяртаць не зьбіраўся, кажуць сьледчыя. Таксама ён завалодаў (нібы зьбіраўся купіць у растэрміноўку) машынамі марак Porsche і Lexus, якія прадавалі ягоныя знаёмыя.

Невялікія сумы (2–5 тысяч даляраў) ён аддаваў бізнэсоўцам як адсоткі за пазыкі, але траціў грошы на ўласны адпачынак за мяжой, брэндавае адзеньне і аксэсуары. Больш за мільён даляраў, сьцьвярджаюць сьледчыя, ён прайграў у казіно.

Калі ў 2014 годзе заявы ад падманутых сталі паступаць праваахоўнікам, мужчына выправіў сваю сям’ю ў Злучаныя Штаты. Праваахоўнікі абмежавалі ягоны выезд з краіны, але нейкім чынам ён уцёк і быў абвешчаны ў міжнародны вышук. У 2017 годзе яго затрымалі ў Расеі за спробу атрымаць крэдыт на фальшывы пашпарт, а пасьля турмы ў Расеі яго экстрадавалі ў Беларусь.

Цяпер паводле ч. 4 арт. 209 КК Рэспублікі Беларусь за «махлярства ў асабліва буйным памеры» яму пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы са штрафам. Справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG