Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску асудзілі 76-гадовую жанчыну, якая 20 гадоў атрымлівала дзьве пэнсіі


Ілюстрацыйнае фота

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска асудзілі за махлярства 76-гадовую жанчыну, якая 20 гадоў атрымлівала дзьве пэнсіі, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай у махлярстве ў асабліва буйным памеры, зьдзейсьненым паўторна, і асудзіў на 3 гады пазбаўленьня волі.

Аднак, улічыўшы яўку з павіннай і раскаяньне ва ўчыненым, станоўчыя характарыстыкі асобы абвінавачванай, яе ўзрост і стан здароўя, было вырашана, што пакараньне не прывядуць у выкананьне, калі на працягу 2 гадоў жанчына ня зьдзейсьніць новага злачынства.

За што судзілі пэнсіянэрку

Як выявіла сьледзтва, жанчына ў 1995 годзе прынесла ў аддзел сацыяльнай абароны насельніцтва Слонімскага гарвыканкаму падробленыя дакумэнты, якія давалі ёй права на пэнсію за выслугу гадоў (25 год пэдагагічнага стажу). Насамрэч жанчына не працавала ў арганізацыях, указаных у дакумэнтах. За амаль 20 гадоў (з 1995 па 2019 год) яна атрымала агулам 27484,28 рублёў пэнсіі.

У 1999 годзе пэнсіянэрка пераехала ў Віцебск і там таксама напісала заяву на выплату пэнсіі па ўзросьце. Яна прынесла падробленую даведку аб пэрыядзе працы ў калгасе, у якім насамрэч не працавала. Дзякуючы гэтай даведцы яе агульны працоўны стаж быў павялічаны з 38 гадоў 15 дзён да 40 гадоў 2 месяцаў 5 дзён, і, адпаведна, ён налічылі большую суму пэнсіі па ўзросту. За ўвесь час ёй неабгрунтавана налічылі агулам 3582,94 рублёў.

Пэнсіянэрка сваю віну прызнала цалкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG