Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбылося ва Ўкраіне і ці будзе там новы ўрад?


Аляксей Ганчарук
Аляксей Ганчарук

Чуткі аб зьмене кіраўніка ўкраінскага ўраду пачалі зьяўляцца яшчэ ўвосень. Але кожны раз яны зьняпраўджваліся як чальцамі Кабінэту Міністраў, гэтак і ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны. На пасаду прэм’ер-міністра «сваталі» як людзей украінскага алігарха Ігара Каламойскага, гэтак і прадстаўнікоў цяперашняга Кабінэту Міністраў.

Урад Аляксея Ганчарука перажыў усе гэтыя чуткі, але сёньня прэм’ер-міністар, які яшчэ напярэдадні заяўляў, што не плянуе сыходзіць у адстаўку, усё ж напісаў заяву. Што адбылося і ці будзе ва Ўкраіне новы ўрад?

Заяве аб адстаўцы папярэднічалі два скандалы

Скандал першы. Адразу пасьля навагодніх сьвятаў інфармацыйная прастора Ўкраіны выбухнула ад паведамленьняў, што міністры ўраду Ганчарука напрыканцы году налічылі сабе мільённыя заробкі, пры тым, што былі скасаваныя надбаўкі для настаўнікаў, якім у часе выбарчай кампаніі Ўладзімір Зяленскі абяцаў павялічэньне аплаты працы.

Тэму настолькі хутка раскруцілі праз сацыяльныя сеткі і тэлеканалы, што тлумачэньні Аляксея Ганчарука аб тым, што ў большасьці выпадкаў міністры ў сьнежні атрымалі заробкі, якія затрымліваліся перад тым некалькі месяцаў, выглядалі кепскім апраўданьнем. Да таго ж, ужо і парлямэнт патрабаваў ад сяброў ураду адпаведных справаздач.

У выніку, у Кабінэце Міністраў вырашылі штомесяц абнародаваць даходы топ-мэнэджэраў.

Скандал другі. Новую хвалю крытыкі ўраду спарадзіла публікацыя аўдыёзапісу нарады пры ўдзеле Аляксея Ганчарука, некалькіх міністраў і прадстаўнікоў Нацыянальнага банку Ўкраіны — на гэтай сустрэчы 16 сьнежня абмяркоўвалася падрыхтоўка да справаздачы аб эканамічнай палітыцы ў прэзыдэнта.

У раздрукоўках гэтай размовы акцэнт рабіўся на тым, што ўдзельнікі нібыта дэманстравалі непавагу да прэзыдэнта, а чалавек з падобным на прэмʼера голасам прызнаўся, што ён «поўны прафан у эканоміцы». Насамрэч, на нарадзе абмяркоўвалася пытаньне, як даступна і зразумела патлумачыць асаблівасьці эканамічнай палітыкі і наступствы ўзмацненьня нацыянальнай валюты для эканомікі. Але на дадзены момант аўдыёзапісы ўжо выдаленыя з Інтэрнэту тым жа карыстальнікам, які іх і апублікаваў.

Хто можа за гэтым стаяць?

Паводле ўкраінскіх СМІ, за абодвума сканадаламі стаіць так званая група ўплыву ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага ў парлямэнце — менавіта яны першымі на пасяджэньні фракцыі «Слуга народу» ініцыявалі пытаньне аб адстаўцы прэм’ера і актыўна распаўсюджвалі запісы. Паводле экспэртаў, такім чынам, праз дыскрэдытацыю ўраду, алігарх спрабуе адпомсьціць за нацыяналізацыю «Прыватбанка» і дабіцца магчымасьці ўплываць на новы склад і кіраўніцтва ўраду.

Асаблівасьці адстаўкі

Згодна з законам аб Кабінэце Міністраў, прэм’ер-міністар мае права заявіць пра сваю адстаўку ў Вярхоўнай Радзе — і парлямэнт павінен разгледзець гэтае пытаньне не пазьней, чым на 10-ы дзень пасьля атрыманьня заявы. Адстаўка кіраўніка ўраду адзначае адстаўку ўсяго складу Кабінэту Міністраў.

Гэта, па сутнасьці, адзіная працэдура, паводле якой цяпер могуць адбыцца кадравыя ратацыі ва ўрадзе Ўкраіны, бо заканадаўства вызначае для яго імунітэт цягам аднаго году пасьля зацьвярджэньня праграмы дзейнасьці. Гэта азначае, што Вярхоўная Рада, як мінімум, да кастрычніка ня можа ініцыяваць адстаўку ўраду.

Але Аляксей Ганчарук накіраваў сваю заяву пра адстаўку не ў Вярхоўную Раду, як мусіў гэта зрабіць паводле заканадаўства, а прэзыдэнту. Пазьней, у парлямэнце, ён так патлумачыў свае дзеяньні:

«Для нас прынцыпова мець давер усярэдзіне каманды на 100 адсоткаў. Апошні час вакол ураду шмат інфармацыйных атак і маніпуляцый. Іхная мэта — пасеяць разлад, стварыць уражаньне, што нібыта нехта не паважае прэзыдэнта. Гэта няпраўда. Мы адна каманда і хочам ёй застацца. Таму ўрад Украіны працягвае працаваць у штатным рэжыме да таго моманту, пакуль прэзыдэнт Украіны ня ўхваліць рашэньне, хто на якой пазыцыі ў вялікай камандзе можа працаваць. Гэта палітычнае рашэньне, якое мы чакаем ад лідэра нашай палітычнай сілы».

У той жа час прэм’ер-міністар падкрэсьліў, што сваю заяву ён аформіў адпаведна Канстытуцыі на імя старшыні Вярхоўнай Рады: «Прэзыдэнт мае права перадаць яе ў парлямэнт у любы час».

Кіраўнік парлямэнту Дзьмітры Разумкоў паведаміў, што гэтая заява пакуль не перададзеная.

Якія кандыдатуры абмяркоўваюць

Экспэрты перакананыя, што адстаўкі Аляксея Ганчарука пакуль ня будзе, але не выключаюць, што гэтае пытаньне будзе актуалізаванае вясной. Сярод найбольш верагодных прэтэндэнтаў пакуль што называюць міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава, аднаго з цяперашніх мэнэджэраў НАК «Нафтагаз Украіны» Юрыя Вятрэнку і колішняга кіраўніка Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ігара Паліцу, якога наўпрост зьвязваюць з алігархам Ігарам Каламойскім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG