Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмʼер-міністар Украіны падаў у адстаўку

абноўлена

Аляксей Ганчарук
Аляксей Ганчарук

Прэмʼер-міністар Украіны Аляксей Ганчарук падаў заяву аб адстаўцы прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. Пра гэта Ганчарук напісаў у сваім фэйсбуку.​

Зяленскі разгледзіць гэтую заяву Ганчарука. Пра вынікі разгляду Офіс прэзыдэнта паведаміць асобна, напісалі ў тэлеграм-канале Офісу.

15 студзеня ў сеціве зьявілася інфармацыя, што прэм’ер-міністар Аляксей Ганчарук нібыта напісаў заяву аб звальненьні. Таксама зьявіўся аўдыёзапіс, сапраўднасьць якога немагчыма праверыць, на якім некалькі чалавек абмяркоўваюць падрыхтоўку дакладу аб эканамічнай палітыцы прэзыдэнта, а таксама прычыны і наступствы павышэньня курсу грыўні. Акрамя таго, на запісе чалавек з падобным на прэмʼера голасам прызнаецца, што ён «поўны прафан у эканоміцы», а таксама кажа аб некампэтэнтнасьці прэзыдэнта ў эканамічных праблемах і што ў шэрагу эканамічных пытаньняў прэзыдэнт Зяленскі мае «пустэчу ў галаве».

Паводле паведамленьняў, запіс мог быць зроблены 16 сьнежня, а ў нарадзе ўдзельнічалі, акрамя Ганчарука, намесьнік старшыні Нацбанку, міністар фінансаў, намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта ды іншыя.

Пазьней у Кабінэце міністраў Украіны назвалі лжывымі распаўсюджаныя ў інтэрнэце паведамленьне аб адстаўцы кіраўніка ўраду. А сам Ганчарук заявіў, што ад моманту зьмены ўлады ва Ўкраіне супраць яе працуюць «шмат людзей, якім хацелася, каб у нас нічога не атрымалася».

Аўдыёзапісы Ганчарук пракамэнтаваў у Фэйсбуку наступным чынам:

«Апошнімі днямі вы сталі сьведкамі падзеяў, якія разгортваліся вакол зьлітых у сеціва файлаў, змантаваных з фрагмэнтаў пасяджэньняў ураду. Іх зьмест штучна стварае ўражаньне, што я і мая каманда не паважаем прэзідэнта, які зьяўляецца нашым палітычным лідэрам.

Таму для таго, каб зьняць любыя сумневы ў нашай павазе і даверы да прэзыдэнта, я напісаў заяву аб адстаўцы і накіраваў яе прэзыдэнту, з правам унясеньня ў Раду».


Згодна з законам аб Кабінэце міністраў, прэм’ер мае права заявіць пра сваю адстаўку ў Вярхоўнай Радзе, а парлямэнт павінен разгледзець гэтае пытаньне не пазьней, чым на 10-ы дзень пасьля атрыманьня заявы.

Прэм'ер-міністар звальняецца з дня прыняцьця Вярхоўнай Радай рашэньня аб адстаўцы. Такое рашэньне парлямэнту мусіць прывесьці да адстаўкі ўсяго ўраду.

Урад Ганчарука пачаў працаваць у жніўні 2019 году. За гэты час урад пасьпеў зацьвердзіць бюджэт на 2020 год, правесьці праз парлямэнт некалькі законаў, акрамя ільготных крэдытаў для бізнэсу. Урад праводзіў перамовы з Газпрамам пра транзыт газу і спрабаваў завершыць рэформу газавага рынку.

35-гадовы Аляксей Ганчарук – наймаладзейшы прэмʼер-міністар Украіны. Да свайго прызначэньня летась у жніўні ён быў намесьнікам кіраўніка Офісу прэзыдэнта Зяленскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG