Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спонсар Зяленскага» Каламойскі даў першае за 5 год інтэрвію расейскаму СМІ


Украінскі бізнэсовец і даляравы мільярдэр Ігар Каламойскі, якога ў СМІ называюць спонсарам Уладзіміра Зяленскага на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, даў першае пасьля анэксіі Крыма і пачатку ўзброенага канфлікту ў Данбасе вялікае інтэрвію расейскаму выданьню.

У гутарцы з РБК Каламойскі, які вярнуўся на радзіму пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, распавёў пра сваё стаўленьне да Расеі, Пуціна і менскіх пагадненьняў. Радыё Свабода прыводзіць асноўныя фрагмэнты з інтэрвію.

Пра адносіны зь Зяленскім

  • «Часам перапісваемся па WhatsApp: хіханькі ды сьмешкі, жартуем. Учора ён мне даслаў спасылку на свой пост у Facebook пра генэрала паліцыі.... Стэлефаноўваемся вельмі рэдка, таму што ў яго куча спраў, чалавек трапіў з карабля на баль. Раней мы размаўлялі па тэлефоне раз у два тыдні, вочна — раз у два месяца».
  • «Пакуль не прайшло сто дзён з інаўгурацыі, ніякіх парадаў (Зяленскаму) я ня стаў бы даваць. Хоць, можа быць, не парада, а пажаданне... Калі выбіраць, каго прызначаць — тых, каму давяраеш, або прафэсіяналаў сваёй справы — я б пажадаў яму прызначаць на першую пазыцыю тых, каму давяраеш, а на пазыцыю намесьнікаў — прафэсіяналаў».
  • «Укладваць у перамогу Зяленскага не спатрэбілася. У яго быў кантракт з каналам» 1 + 1 «(належыць Каламойскаму), тым і дапамагаў».
  • «Я кайфую» (ад таго, што Зяленскі стаў прэзыдэнтам).

Пра былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку

  • «З асноўнай задачай ён справіўся — выратаваў краіну ад вас (Расеі). Ён прыйшоў, Крыма ўжо не было, Данбас ўжо быў захоплены дэ-факта. Ён спыніў агрэсію. Я магу крытыкаваць яго як хочаце, але не перад вамі. Мы ўнутры разьбярэмся самі». Пра Крым
  • «Хацелася б, каб вярнулі, але надзеі мала... Шчыра кажучы, я не веру ў зьмену ўлады ў вас. Ва ўсякім выпадку ў агляднай будучыні. Усе кажуць, што пры жыцьці цяперашняга прэзыдэнта гэта (вяртаньне Крыма) немагчымае, а я думаю, што пры жыцьці наступнага прэзыдэнта гэта яшчэ менш магчыма. Павінна быць сытуацыя а-ля 1991 год, калі СССР распаўся. Ніхто не чакаў, але ён распаўся. Ня варта браць нейкія рэчы, калі ты загадзя не прадумаў, як іх аддаць назад».

Пра Данбас

  • «Я і цяпер называю (вайну там) грамадзянскім канфліктам. Але ён перарос у гарачую форму толькі дзякуючы Расейскай Фэдэрацыі. Яна зьяўляецца адным з асноўных спонсараў і крыніцай гэтага грамадзянскага канфлікту. Калі б не было Расеі і яна паехала, то мы б скончылі ўсе гэтыя пытаньні мірным шляхам максымум за два тыдні ».
  • «Аднаўленьне Данбаса можа быць толькі пасьля таго, як вашыя дарагія ўзброеныя сілы пакінуць нашу тэрыторыю і зваляць. Там вайна ідзе, як мы можам туды нешта інвэставаць. У мяне там ёсьць завод. Я яго не магу запусьціць, ён ня можа там працаваць, таму што вы там ёсьць».
  • «Нічога там не трэба рэінтэграваць. Вам трэба зваліць проста, і ўсё рэінтэгруецца аўтаматычна за адзін тыдзень».

Пра менскія пагадненьні

  • «Яны не працуюць, таму што там ёсьць пункт аб зьмене канстытуцыі Украіны. Гэтага ня будзе. Парашэнка не моцна гэта прасоўваў, нават калі б прасоўваў, у яго б не атрымалася, і ён гэта разумеў. І ў Зяленскага не атрымаецца. Украіна — адзіная непадзельная ўнітарная дзяржава. Калі пачаць фэдэралізацыю, заўтра пачнецца парад сувэрэнітэтаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG