Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Аляксей Ганчарук, наймаладзейшы з прэм’ераў Украіны за часы незалежнасьці

абноўлена

Аляксей Ганчарук
Аляксей Ганчарук

Упершыню за гісторыю незалежнасьці Ўкраіны ўрад ачоліць наймаладзейшы палітык — Аляксею Ганчаруку, якога сёньня Вярхоўная Рада зацьвердзіла на пасаду прэм’ер-міністра, 35 гадоў.

Ягоную кандыдатуру падтрымалі 290 з 418 зарэгістраваных у зале парлямэнту дэпутатаў.

Аляксей Ганчарук нарадзіўся ў мястэчку Гарадня Чарнігаўскай вобласьці. Пасьля атрыманьня адукацыі ў Інстытуце права Міжрэгіянальнай акадэміі кіраваньня пэрсаналам працаваў юрыстам на Гараднянскім заводзе харчовых тавараў. Пазьней скончыў Акадэмію дзяржаўнага кіраваньня пры прэзыдэнце Ўкраіны. Мае ступень доктара юрыдычных навук, займаўся абаронай правоў інвэстараў.

Пачаў займацца палітыкай пасьля Рэвалюцыі годнасьці — на выбарах у парлямэнт у 2014 годзе ён балятаваўся ў дэпутаты ад партыі «Сіла людзей». Але гэтая палітычная сіла тады не пераадолела выбарчы бар’ер, атрымаўшы падтрымку толькі 0,11% выбарнікаў.

Не атрымаўшы дэпутацкага мандату, ён працаваў спачатку дарадцам міністра экалёгіі і прыродных рэсурсаў Ігара Шаўчэнкі, а пазьней — міністра эканамічнага разьвіцца і гандлю Сьцяпана Кубіва.
З 2015 па 2019 год узначальваў Офіс эфэктыўнага рэгуляваньня — гэта незалежны цэнтар, які фінансаваўся Эўразьвязам і працаваў над паляпшэньнем бізнэс-асяродзьдзя і інвэстыцыйнай прывабнасьці Ўкраіны.

Пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзіміра Зяленскага далучыўся да ягонай каманды — прэзыдэнт Украіны прызначыў яго намесьнікам кіраўніка Офісу прэзыдэнта, а празь месяц Аляксей Ганчарук увайшоў у склад Нацыянальных рад — па інвэстыцыях і па барацьбе з карупцыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG