Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Распускаць парлямэнт ня страшна». Зяленскі папярэдзіў Вярхоўную Раду і ацаніў першыя 100 дзён прэзыдэнцтва


Уладзімір Зяленскі падчас сёньняшняга выступу ў парлямэнце.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвязвае пачатак дзейнасьці новаабаранай Вярхоўнай Рады з хуткім правядзеньнем рэформаў у краіне, і перакананы, што новы яе склад выканае сваю гістарычную місію.

«Нядаўна мінула 100 дзён маёй прэзыдэнцкай кадэнцыі. Было шмат розных ацэнак, але паверце, што найбольш крытычную ацэнку я даю сам сабе. Гэты пэрыяд можна назваць ціхім шпацырам на зьмярканьні, з выключанымі фарамі ды на першай хуткасьці. Я ўпэўнены, што зараз, нарэшце, краіна зможа ўключыць пятую хуткасьць і ўпэўнена рухацца шляхам зьменаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі, выступаючы сёньня ў парлямэнце.

Прэзыдэнт Украіны заклікаў дэпутатаў ухваляць законы, накіраваныя на рэфармаваньне краіны.

«Я шчасьлівы, што найбліжэйшым часам зьявіцца найбольш эфэктыўны ўрад, які прадставіць праграму дзеяньняў».

Паводле Зяленскага, парлямэнт найперш мае ўхваліць законы аб народаўладзьдзі, аб скасаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці, аб імпічмэнце прэзыдэнту, аб рэформе судовай сыстэмы і працягу дэцэнтралізацыі, а таксама будзе працаваць, каб спыніць вайну і вярнуць анэксаваны Расеяй Крым:

«Насамрэч, скажу вам шчыра. Віншаваць вас было б пэўным зларадзтвам. Узровень даверу да новага парлямэнту — вялічэзны. А вось узровень адказнасьці ды чаканьняў — яшчэ большы. Перад вамі шмат выклікаў і задач».

«Ужо зараз зразумела — Рада гэтага скліканьня увойдзе ў гісторыю, — сказаў далей Зяленскі. — Пытаньне адзінае — якім чынам? Вы маеце шансы трапіць у падручнікі, як парлямэнт, што зрабіў неймавернае, які ажыцьцявіў усё, што не змаглі зрабіць папярэднія 29 гадоў. Або, ня дай Божа, вы ўвойдзеце ў гісторыю, як парлямэнт, які праіснаваў найменш — адзін год. Гэта наш выпрабавальны тэрмін. Я ўжо ведаю, што распускаць Вярхоўную Раду ня так страшна. Але я шчыра веру і спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Давайце зробім усё разам!. Слава Ўкраіне!», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG