Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік пратэстаў у Казахстане: дзецям зь бедных сем’яў будуць выдаваць аўсянку, малако, мыла і гематаген


Ілюстрацыйнае фота

Казахстанскія ўлады абвясьцілі, што з 2020 году ўсе дзеці дашкольнага ўзросту з малазабясьпечаных семʼяў будуць штомесяц атрымліваць набор прадуктаў і гігіенічных сродкаў, перадае Настоящее время са спасылкай на партал Tengrinews.kz. Гэтаму папярэднічалі працяглыя пратэсты шматдзетных семʼяў.

Выдаваць наборы пачнуць зь лютага, пра такую дапамогу абвясьціў у нядаўнім пасланьні прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

У наборах для дзяцей ад аднаго да трох гадоў будзе малако, печыва, каша, пюрэ, кукурузныя крупы, аўсянка. Дзеці ад трох да шасьці гадоў атрымаюць малако, макарону, аўсянку, алей, гематаген, печыва, малочныя падушачкі, крупы і мёд. У гігіенічны набор, які будуць выдаваць асобна, уваходзяць дзіцячы крэм, мыла, зубная паста, гаспадарчае мыла, шампунь, пральны парашок.

Улады сьцьвярджаюць, што пакеты будуць выдаваць кожнаму дзіцяці ў малазабясьпечанай сямʼі. У кожнай вобласьці будуць адкрытыя спэцыяльныя пункты выдачы пакетаў. На праграму дапамогі ў бюджэце Казахстану вылучана больш за $37 млн. даляраў.

У Казахстане зь лютага мінулага году ідуць пратэсты шматдзетных семʼяў. Сотні жанчын пікетавалі адміністрацыйныя будынкі і дамагаліся сустрэч з чыноўнікамі: яны патрабавалі павысіць ім дзяржаўную дапамогу на дзяцей і даць сацыяльныя кватэры, а таксама патрабавалі ўвесьці льготы для шматдзетных семʼяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG