Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане пасьля пратэстаў шматдзетных маці ўрад адпраўлены ў адстаўку


Нурсултан Назарбаеў

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў 21 лютага заявіў, што ўрад краіны павінна сысьці ў адстаўку, а праз паўгадзіны падпісаў адпаведны ўказ.

Прэм’ерам Казахстану з 9 верасьня 2016 году быў Бакытжан Сагінтаеў. Выканаўцам абавязкаў прэм’ера прызначаны Аскар Мамін. Члены ўраду да зацьвярджэньня новага складу Кабінэту міністраў пакуль будуць далей выконваць свае абавязкі

У апошнія тыдні ў Казахстане праходзяць масавыя пратэсты шматдзетных маці: яны патрабуюць павысіць дапамогу на дзяцей, а таксама прадстаўляць сем’ям зь дзецьмі сацыяльнае жыльлё і месцы ў дзіцячых садках. 31 студзеня на пасяджэньні ўраду Назарбаеў ужо назваў міністраў баязьліўцамі і прапанаваў ім сысьці ў адстаўку.

Пратэсты ў Астане, Алма-Аце і іншых гарадах пачаліся пасьля таго, як у пажары ў часовым дамку загінулі пяцёра малалетніх дзяўчынак: іх бацькі ў гэты час былі на працы, каб пракарміць сям’ю.

Асобна пратэстуючыя маці патрабавалі адстаўкі міністра сацыяльнай абароны Казахстану Мадзіны Абылкасымавай. Чыноўніца заявіла, што дапамога памерам 30 даляраў для сям’і з чатырма дзецьмі — гэта «адчувальная дапамога», выклікаўшы шквал абурэньня ў краіне.

Адпраўляючы ў адстаўку ўрад, Назарбаеў па-сутнасці прызнаў яго працу нездавальняючай і назваў урад адказным за сацыяльныя праблемы ў Казахстане.

«Ураду сумесна з Нацыянальным банкам так і не ўдалося ў поўнай меры стварыць рэальныя стымулы і прылады для якаснага росту эканомікі. Аналіз рэалізацыі дзяржаўных праграм паказаў, што яны выконваюцца, але канкрэтных вынікаў па многіх важных кірунках няма. Недастаткова ствараецца прадуктыўных працоўных месцаў, асабліва ў вёсцы, — пералічыў праблемы ўраду прэзыдэнт. — Малы і сярэдні бізнэс так і ня стаў лякаматывам росту, яго разьвіцьцё ня стала асноўнай задачай акімаў і міністраў. Я неаднаразова даручаў, каб даходы і якасьць жыцьця насельніцтва сталі асноўным прыярытэтам кожнага члену ўрада і кожнага акіма. Але сыстэмная праца так і не была выбудаваная, рэальныя даходы насельніцтва не павялічваюцца».

«Лічу, што ўрад павінен сысьці ў адстаўку. Новае кіраўніцтва ўраду павінна выпрацаваць дзейсныя крокі для павышэньня ўзроўню жыцьця, стымуляваньню эканомікі, рэалізацыі стратэгічных задач.», — заявіў Назарбаеў перад падпісаньнем указу.

Ён таксама паабяцаў, што на бліжэйшым зьезьдзе кіруючай партыі «Нур Атан» прапануе «шэраг захадаў для ўзмацненьня сацыяльнай падтрымкі і павышэньня якасьці жыцьця людзей».

На гэтыя меры, паводле слоў Назарбаева, будуць выдзеленыя «немалыя сродкі з бюджэту і Нацыянальнага фонду», але што гэта будуць за меры — Назарбаеў не паведаміў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG