Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан мяняе герб у сувязі зь пераходам на лацінку


Кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Ўладзімір Пуцін у 2006 годзе ў Менску

Паводле абноўленага стандарту, на дзяржаўным гербе Казахстану назва краіны цяпер будзе напісана лацінкай — QAZAQSTAN.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Камітэту тэхнічнага рэгуляваньня і мэтралёгіі (КТРМ) Міністэрства па інвэстыцыях і разьвіцьці Казахстану. Гэтая зьмена была распрацаваная ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева «Аб пераводзе альфабэту казаскай мовы з кірыліцы на лацінку». Назарбаеў падпісаў гэты ўказ у кастрычніку 2017 году.

Новы варыянт альфабэту складаецца з 32 літар. У кірылічным альфабэце, які выкарыстоўваецца цяпер, 42 літары. Плянуецца, што Казахстан завершыць пераход на лацінку да 2025 году.

Раней у Казахстане прапаноўваўся варыянт лацінкі, у якім ужывалая толькі «базавая лацініца» без надрадковых ці падрадковых знакаў, а для пазначэньня гукаў, якім бракавала літараў «базавай лацініцы», ужываліся дыграфы (спалучэньні дзьвюх літараў, што перадаюць адзін гук, як ДЖ у беларускай мове).

Цяпер жа замест дыграфаў ужываюцца «літары з апострафам»: для Ч прапаноўвалі дыграф CH, прынялі C’, для Ш прапаноўвалі SH, прынялі S’. Таксама для Ж замест ZH прынялі J, а гук Й, што раней пазначаўся літарай J, цяпер пазначаецца як I — гэтаксама, як гук І. Да таго прапаноўваўся шэраг іншых варыянтаў лацінскага альфабэту казаскай мовы, у тым ліку з дадатковымі літарамі кшталту Ƣ, Ꞑ і Ɵ, а дзяржаўны стандарт Казахстану да апошняга часу прапаноўваў тры варыянты трансьлітэрацыі.

Пра неабходнасьць стварэньня новага стандарту казаскага альфабэту Назарбаеў заявіў у красавіку 2017 году. Упершыню аб магчымасьці пераходу з кірыліцы на лацінку загаварылі ў 2012 годзе.

Упершыню лацінская графіка для казаскай мовы (замест арабска-пэрсідзкай, якая ўжывалася да таго часу) была ўведзеная ў 1928 годзе ў рамках працэсу «лацінізацыі», які закрануў усе цюркскія мовы народаў СССР, і ўжывалася да 1940 году. Усяго паміж 1923 і 1939 гадамі на лацінку было пераведзена 50 моваў (з 72 моваў СССР, якія мелі пісьменнасьць). У 1939 годзе пачалася татальная кірылізацыя пісьменнасьцяў народаў СССР. Як адзначаў Сталін, расейскі народ быў лідэрам сацыялістычных народаў, таму ўсе людзі краіны павінны ведаць расейскую мову і імкнуцца да ўмацаваньня сувязяў з расейцамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG