Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым падобныя і адрозныя Лукашэнка і новы прэзыдэнт Казахстану


Аляксандар Лукашэнка і Касым-Жамрат Такаеў на саміце Эўразійскага саюзу, Ерэван, 1 кастрычніка 2019

24-25 кастрычніка адбудзецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан. Гэта першы візыт беларускага кіраўніка у гэтую краіну пасьля таго, як яе прэзыдэнтам стаў Касым-Жамрат Такаеў.

Параўнайма жыцьцёвыя шляхі цяперашніх кіраўнікоў Беларусі і Казахстану

Сын пісьменьніка

Касым-Жамрат Такаеў і Аляксандар Лукашэнка амаль раўналеткі.

Такаеў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Алма-Аце, тагачаснай сталіцы КССР, у сям’і казаскага пісьменьніка, чальца прэзыдыюму Вярхоўнага Савету рэспублікі, і выкладчыцы інстытуту замежных моваў.

Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, маці Екацярына Лукашэнка — сялянка, афіцыйнай інфармацыі пра бацьку няма.

Казахстанскі Макей

Такаеў скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў, працаваў у савецкім пасольстве ў Сынгапуры, у цэнтральным апараце Міністэрства СССР, у 1984-1991 гадах працаваў у пасольстве СССР у КНР другім і першым сакратаром і дарадцам.

У 1992-1993 гадах у незалежным Казахстане — намесьнік міністра, першы намесьнік міністра, міністар замежных справаў. Кіраваў МЗС Казахстану да 1999 году, потым два гады быў старшынём ураду, потым яшчэ 5 гадоў быў ізноў міністрам замежных справаў.

Касым-Жамрат Такаеў, міністар замежных справаў Казахстану, у штаб-кватэры NATO, Брусэль, 04 кастрычніка 2006
Касым-Жамрат Такаеў, міністар замежных справаў Казахстану, у штаб-кватэры NATO, Брусэль, 04 кастрычніка 2006

У 2011-2013 гадах — дырэктар офісу ААН у Жэнэве, намесьнік генэральнага сакратара ААН.

Лукашэнка скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту, а таксама завочна — эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

Самая высокая пасада да прыходу ў палітыку — дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці.

Са сьпікераў — у прэзыдэнты

У 2013 годзе Такаеў стаў старшынём Сэнату — верхняй палаты парлямэнту Казахстану. Займаў гэтую пасаду амаль 6 гадоў, да сыходу ў адстаўку прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. У чэрвені сёлета перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, набраўшы 70.96% галасоў.

Касым-Жамрат Такаеў прыносіць прэзыдэнцкую прысягу, 12 чэрвеня 2019
Касым-Жамрат Такаеў прыносіць прэзыдэнцкую прысягу, 12 чэрвеня 2019

Лукашэнка ў 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі. У 1993-1994 гадах узначальваў часовую камісію Вярхоўнага Савету па барацьбе з карупцыяй

У ценю папярэдніка

Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў застаецца кіраўніком Рады бясьпекі краіны і старшынём кіроўнай партыі «Нур отан» (Сьвятло бацькаўшчыны), валодае шэрагам канстытуцыйных і нефармальных уладных паўнамоцтваў. Літаральна днямі прэзыдэнт Такаеў агучыў рашэньне аб пашырэньні паўнамоцтваў Назарбаева ў сфэры прызначэньня кадраў.

Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамрат Такаеў, 20 сакавіка 2019
Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамрат Такаеў, 20 сакавіка 2019

Расейскі доктар палітычных навук

У 2011 годзе Такаеў абараніў доктарскую дысэртацыю ў дыпляматычнай акадэміі МЗС Расеі.

Паліглёт

Такаеў свабодна валодае казахскай, расейскай, ангельскай і кітайскай мовамі, валодае таксама францускай

Сямейныя таямніцы

Такаеў у разводзе. Ад шлюбу з Надзеяй Такаевай мае аднаго сына, Тымура Такаева, буйнога прадпрымальніка ў нафтавай галіне.

Лукашэнка жыве асобна ад сваёй жонкі Галіны. Невядома, ці быў афіцыйна аформлены развод. Ад шлюбу з Галінай Лукашэнкай мае двух сыноў — Віктара і Дзьмітрыя. Мае таксама сына Мікалая. Віктар — памочнік прэзыдэнта Беларусі па нацыянальнай бясьпецы, Дзьмітры — старшыня прэзыдэнцкага спартовага клюбу, Мікалай — школьнік.

Казахстанская Плошча-2019

Пасьля выбараў у 2019 годзе, на якіх Такаеў быў абраны прэзыдэнтам, у шэрагу гарадоў краіны адбыліся масавыя акцыі пратэсту, у выніку якіх былі затрыманыя каля 4 тысячаў дэманстрантаў, пераважная частка якіх была потым вызваленая.

Пратэсты ў Казахстане пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Нурсултан, 9 чэрвеня 2019
Пратэсты ў Казахстане пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Нурсултан, 9 чэрвеня 2019

У Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году адбылася масавая акцыя пратэсту — Плошча-2010, каля 600 яе ўдзельнікаў былі затрыманыя, да крымінальнай адказнасьці былі прыцягнутыя экс-кандыдаты ў прэзыдэнты, двое — Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч — адбылі некалькі гадоў зьняволеньня.

Першыя крокі прэзыдэнта Такаева

Адным зь першых крокаў новага кіраўніка стала пераіменаваньне сталіцы краіны з Астаны ў Нурсултан, у гонар папярэдніка, Нурсултана Назарбаева.

Новы кіраўнік загадаў чыноўнікам ня вешаць ягоныя партрэты ў службовых кабінэтах, што было звычайнай практыкай пры Назарбаеве.

У сьнежні 2018 году Такаеў прапанаваў узмацніць крымінальную адказнасьць для наракадылераў да пажыцьцёвага зьняволеньня і нават сьмяротнага пакараньня.

Так сказаў Такаеў

  • Я супраць слова «транзыт» (транзыт улады — РС), таму, калі я даваў інтэрвію расейскім СМІ, я трошкі патроліў «транзыт па-казаску». Што такое транзыт? Гэта значыць, што я транзытны пасажыр, ці што, або спадарожнік? Не. Я лічу сябе паўнакроўным прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан. Я не спадарожнік. Не зьбіраюся мяняць ні цягнік, ні самалёт, ні перасаджвацца на нейкі іншы сродак перасоўваньня. Таму «транзыт» — давайце скончым з гэтым словам. Выбары адбыліся — прэзыдэнт абраны.
  • У ААН, калі я там працаваў, было прынята весьці сваю асабістую старонку (у Twitter — РС). Вядома ж, я прыкіпеў, можна сказаць, да гэтага віду сувязі. Twitter — гэта, па сутнасьці справы, асабістае тэлеграфнае агенцтва.
  • Мы ня згодныя з тым, што хтосьці спрабуе прылічыць Казахстан да «рускага сьвету», бо ў нас ёсьць свой «казаскі сьвет»,
  • Уладзімір Пуцін на мяне зрабіў вялікае ўражаньне сваёй такой ціхай фундамэнтальнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG