Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстанская Плошча: за два дні пратэстаў пасьля выбараў затрымалі як найменей 700 чалавек


Паліцэйскі затрымлівае ўдзельніцу пратэстаў, Алматы, 10 чэрвеня 2019

Афіцыйны прадстаўнік МУС Казахстану Нурдзільда Араз заявіў, што за два дні пратэстаў у краіне былі затрыманыя 700 чалавек.

«У першы дзень (9 чэрвеня — РС) — 500 чалавек у двух гарадах, зь іх 400 аштрафаваныя. На другі дзень каля 200, зь іх 150 прыцягнутыя да адказнасьці, гэта па двух гарадах», — сказаў Араз.

Пры гэтым намесьнік міністра ўнутраных справаў Казахстану Марат Кажаеў заявіў, што каля 200 чалавек, затрыманых у сталіцы — Нур-Султане, вывезьлі ў Акмалінскую і Карагандзінскую вобласьці, каб «не ствараць цісканіны».

«Частка зь іх была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці. З прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці частка аштрафаваная, частцы прысуджаныя адміністрацыйныя арышты», — сказаў Кажаеў.

У нядзелю ў Нур-Султане, Алматы і Шымкенце прайшлі акцыі пратэсту. Сотні людзей выйшлі на вуліцы, скандуючы: «Казахстан!», «Бостандык» (Свабода), «Байкот». Паліцыя затрымала амаль 500 чалавек і абвясьціла пра трох пацярпелых паліцыянтаў, у якіх пратэстоўцы нібыта кідалі камяні і ўжылі супраць іх сьлезацечны газ. Удзельнікі пратэсту настойвалі, што мітынгі былі мірнымі.

МУС Казахстану заявіла, што затрыманыя былі толькі «ўдзельнікі антыграмадзкіх рухаў», і што ўсе «мерапрыемствы па затрыманьні былі праведзеныя ў строгай адпаведнасьці з законам, спэцыяльныя сродкі не ўжываліся, а ў зносінах з грамадзянамі паліцыя вяла сябе максымальна карэктна».

На выбарах 9 чэрвеня перамог прадстаўнік кіроўнай партыі Касым-Жамарт Такаеў, які з красавіка выконвае абавязкі прэзыдэнта. Ён атрымаў больш за 70% галасоў выбаршчыкаў. На другім месцы — апазыцыянэр Аміржан Касанаў, на трэцім — Данія Яспаева, астатнія кандыдаты набралі менш за 5% галасоў. Прадстаўнікі апазыцыі заявілі пра ўкід бюлетэняў на карысьць Такаева і пра тое, што ня будуць прызнаваць вынікі, абвешчаныя ЦВК.

Учора Такаеў пракамэнтаваў маніфэстацыі пратэсту і дзеяньні паліцыі. Ён заявіў: «Так, сапраўды, у Алматы і сталіцы шэраг грамадзян выйшлі на вуліцы з тым, каб выказаць свой пункт гледжаньня, пратэсты. З пункту гледжаньня заканадаўства Казахстана гэтыя дзеяньні могуць кваліфікавацца як незаконныя. Што тычыцца свабоды волевыяўленьня, то ў Казахстане такая свабода прысутнічае ў поўным аб’ёме. У сувязі з тым, што некаторыя грамадзяне вялі сябе нягодна, правакавалі супрацоўнікаў паліцыі — натуральна, што з боку паліцыі былі прынятыя неабходныя меры».

Касым-Жамарт Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Выбары, якія адбыліся 9 чэрвеня сёлета — шостыя па ліку прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане. Папярэднія праходзілі ў 1991, 1999, 2005, 2011 і 2015 гадах. Тры разы яны былі пазачарговымі. Пераможцам абвяшчаўся Нурсултан Назарбаеў. Заходнія назіральнікі ні разу не прызнавалі прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане свабоднымі і справядлівымі, адпаведнымі міжнародным стандартам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG