Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Юрыя Захаранкі


Зьніклыя палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар

Падзеі 1 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1 студзеня 1952 году нарадзіўся генэрал Юры Захаранка, які кіраваў Міністэрствам унутраных спраў Беларусі ў 1994-1995 гадах. 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што Захаранку выкралі па палітычных матывах.

У 2019 годзе Сьледчы камітэт прыпыняў і аднаўляў крымінальную справу аб зьнікненьні Захаранкі.

16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

24 сьнежня Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер.

Таксама ў гэты дзень

1919 — апублікавалі маніфэст аб стварэньні Беларускай ССР і асноўныя палажэньні яе дзяржаўнага статусу.

1919 — у Вільні адчынілася беларуская гімназія (працавала да 1944 году).

Францішак Аляхновіч
Францішак Аляхновіч


1927 — савецкія карныя органы арыштавалі беларускага драматурга Францішка Аляхновіча і на 10 гадоў выслалі яго на Салаўкі.

У 1933-м Аляхновіча абмянялі на вязьня польскай турмы, мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча. Пра сваё знаходжаньне ў ГУЛАГу Аляхновіч напісаў у кнізе «Ў капцюрох ГПУ», якую адразу пераклалі на эўрапейскія мовы і якая стала першым публічным сьведчаньнем сталінскага палітвязьня.

1929 — у Менску адкрылі Акадэмію навук БССР. Яе стварылі на базе Інстытуту беларускай культуры, заснаванага ў 1922 годзе.

Акадэмія навук Беларусі, фота Shutterstock
Акадэмія навук Беларусі, фота Shutterstock

1956 — адбылася першая перадача тэлевізійнага цэнтру ў Менску.

1967 — заснавалі галоўную рэдакцыю Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.

У гэты дзень нарадзіліся

Яўхім Карскі
Яўхім Карскі

1861 — Яўхім Карскі, беларускі філёляг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.

1909 — Сьцяпан Бандэра, украінскі палітычны дзеяч.

1920 — Барыс Рагуля, дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў 1940-я, адзін з кіраўнікоў Зьвязу Беларускай Моладзі, пасьля вайны на эміграцыі (Бэльгія, Канада), з 1971 году намесьнік старшыні Рады БНР.

1938 — Данута Бічэль-Загнетава, беларуская паэтка.

Данута Бічэль-Загнетава: «Калі б я была багатая, тады не пісала б вершаў...»

1945 — Вольга Іпатава, беларуская пісьменьніца.

1961 — Ігар Гермянчук, беларускі журналіст, выдавец, грамадзкі дзяяч, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, рэдактар газэты «Свабода».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG