Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны і мужчыны, якія ў 2019 годзе зьмянялі Беларусь


Ілюстрацыйнае фота

Якая падзея была найбольш важнай, лёсавызначальнай у 2019 годзе? Якія жанчыны і мужчыны найбольш паўплывалі на Беларусь і сьвет? Вызначаюць настаўніца і пісьменьніца Ганна Севярынец, філёзаф Вольга Шпарага і грамадзкая актывістка Наста Дашкевіч, а таксама ўдзельніцы і ўдзельнікі суполкі «Толькі жанчыны» у Фэйсбуку.


Аліна Шмігель, Ганна Толчыкава, мая маці...

— Некалькі тыдняў у ФБ-суполцы «Толькі жанчыны» ідзе галасаваньне за жанчыну, мужчыну і падзею году. Удзельніцы і ўдзельнікі актыўна галасуюць, камэнтуюць і прапануюць намінацыі. ​Сярод жанчынаў году лідзіруе студэнтка Аліна Шмігель, якая зьняла відэа аб прымусе галасаваць датэрмінава. На другім месцы — Ганна Севярынец, на трэцім — былыя ахвяры хатняга гвалту, якія змаглі распачаць новае жыцьцё. Далей ідуць назіральніца Ганна Толчыкава, якая абурылася фальсыфікацыямі, грамадзкая дзяячка Вольга Карач, рух «Маці 328», ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!». Усяго каля 40 намінацый. З вашага пункту гледжаньня, хто з жанчынаў у Беларусі і сьвеце мог бы прэтэндаваць на званьне жанчыны ці жанчынаў году?

Аліне Шмігель
Аліне Шмігель

Ганна Севярынец: Асабіста я галасавала за Аліну Шмігель. Гэта быў сапраўдны ўчынак для студэнткі. Зь герояў апытанкі заўважнай пэрсонай стала Аня Толчыкава.

Ганна Толчыкава
Ганна Толчыкава

Я ведаю яе па валянтэрскім руху на Вайсковых могілках, у якім яна актыўна ўдзельнічае. А тут яна паказала сябе стыхійным, эмацыйным, яркім публіцыстам. Калі не глядзець на апытанку, то жанчынай году стала мая мама Тацяна Севярынец.

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Яна для мяне заўсёды жанчына году, але сёлета, асабліва ў апошнія дні году на пратэстах супраць інтэграцыі, заўсёды поплеч з Паўлам, на самай цяжкой пасадзе насамрэч. Я захапляюся ёй у гэтыя дні, і яна для мяне сапраўдная жанчына году.

Грэта Тунбэрг, берасьцейскія актывісткі, Марыя Мартысевіч. Наста Захарэвіч...

Вольга Шпарага: Аліна Шнігель, Ганна Севярынец, «Маршыруй, дзетка!», Вольга Карач — гэта супержанчыны і суперпраекты.

Хачу дадаць у топ і Марыю Мартысевіч. Яе кніга «Сарматыя», якая стала кнігай 2019 году, гучала, вакол яе адбываўся нейкі рух ня толькі ў Менску, але і па ўсёй Беларусі. Я б вылучыла Насту Захарэвіч, якая атрымала прэмію Алеся Адамовіча, і вас, Ганна Соўсь, вы атрымалі нацыянальную праваабарончую ўзнагароду. Гэта вельмі важна ў нашым полі, што заслугі жанчын нарэшце таксама адзначаюцца.

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Я зь вялікай любоўю стаўлюся да таго, што робіць супольнасьць «Крылы халопа» у Берасьці. Гэта тэатральная супольнасьць і супольнасьць розных актыўнасьцяў у сфэры сучаснага мастацтва. Іх праект «Brest Stories Guide», прысьвечаны габрэйскай гісторыі Берасьця, адзначаны ICOMOS-Беларусь як найлепшы праект, накіраваны на захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны ў гэтым годзе. І лідэркі гэтага праекту — Аксана Гайко і Сьвятлана Гайдалёнак.

Берасьцю споўнілася сёлета 1000 гадоў, і ў горадзе адбываўся вялікі фэстываль гісторыі і культуры Ulmus, ініцыяваны грамадзкімі арганізацыямі. Аліна Деравянка з фонду разьвіцьця Берасьцейскай крэпасьці і Алена Каховіч зь «Дзедзіча» былі найважнейшымі арганізатаркамі гэтага мерапрыемства. І ўлады супрацоўнічалі з грамадзкімі арганізацыямі на роўных. Гэта прэцэдэнт і вялікая падзея для гораду і для нас.

Грэта Тунбэрг
Грэта Тунбэрг

У сьвеце для мяне самая важная жанчына — Грэта Тунбэрг. Зь ёй зьвязаныя і кліматычныя страйкі, і нейкія зрухі, калі людзі кансалідуюцца ня толькі вакол экалягічнай павесткі, але і па многіх іншых пытаньнях, якія тычацца недыскрымінацыі і правоў самых розных людзей і супольнасьцей.

Жаночы блёк сям’і Севярынец, «Эмансыпацыя», Ніка Сандрас, Ганна Шапуцька...

Вольга Севярынец
Вольга Севярынец

Наста Дашкевіч: Далучаюся да ўсхваленьня жаночага блёку сямʼі Севярынцаў. Хіба што папоўню гэта пералік ня толькі спадарыняй Ганнай, якой шчыра захапляюся, і спадарыняй Тацянай, а нагадаю, што ёсьць цудоўная Вольга Севярынец, якая зьяўляецца ня толькі маладой мамай, але і індывідуальнай прадпрымальніцай. Яна кіруе невялікім бізнэсам — інтэрнэт-крамай Кропля.бай. Вольга робіць цудоўныя рэчы, працуе і ня толькі дапамагае мужу, непакоіцца ягоным лёсам, але і ў прынцыпе займаецца бізнэс-справай. Яна — малайчына!

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

Гэта актывітска Ганна Шапуцька, якія штодня стаіць на варце ля рэстарацыі «Поедем Поедим» у Курапатах. Гэта вядомая мастачка Ніка Сандрас, якая дамаглася вызваленьня мужа. Многія людзі, якія не цікавіліся палітыкай, сачылі за яе дзёньнікам, за яе паведамленьнямі ў Фэйсбуку і ў выніку задумаліся, што, аказваецца, бывае так у Беларусі — ня думаў, не гадаў і патрапіў у турму. Яна шмат каго натхняе.

Хацела адзначыць клясны праект онлайн-часопісу REFORM. by «Эмансыпацыя», у якім вельмі клясна прадстаўленыя беларускія жанчыны, якія дамагліся пэўнага посьпеху ў розных сфэрах. Зь цікавасьцю назіраю за гэтым праектам і захапляюся жанчынамі, якія даюць інтэрвію.

Падзеі году — перапахаваньне Каліноўскага, пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй і акцыі супраць хатняга гвалту

— У суполцы «Толькі жанчыны» у намінацыі «Падзея 2019 году» першая тройка наступная — перапахаваньне парэшткаў Каліноўскага і паўстанцаў, пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй і акцыі супраць хатняга гвалту. З вашага пункту гледжаньня, якія падзеі гэтага году найбольш вызначальныя, якія ўплываюць на доўгатэрміновую пэрспэктыву ў Беларусі і сьвеце?

22 лістапада 2019. Вільня.
22 лістапада 2019. Вільня.

Ганна Севярынец: Цалкам падтрымліваю гэтую тройку ў гэтым самым парадку. Перапахаваньне парэшткаў Каліноўскага — ня проста гістарычная, гэта мэтафарычная падзея. У выглядзе канструкта, мэма яна ўвойдзе ў мастацкую літаратуру абавязкова, ня толькі ў публіцыстыку. У самы цяжкі і складаны час для дзяржавы ажно мёртвыя падымаюцца дзеля таго, каб падтрымаць, дапамагчы. Яны маглі знайсьціся калі заўгодна, яны заўсёды ляжалі ў гэтай гары, але знайшліся менавіта зараз. Гэта такая шчэпка з пратэстамі супраць інтэграцыі з Расеяй. Таму гэта так важна. Гэта падзея суперкультурнага і гістарычнага значэньня.

Сыход Шуневіча, 20-годзьдзе трагедыі на Нямізе, сэрыял «Чарнобыль»

Вольга Шпарага: Падтрымліваю топ. Дадам яшчэ некалькі падзеяў. Сёлета было 20 гадоў трагедыі на Нямізе, і было важна, што зьявіліся новыя матэрыялы, успаміны відавочцаў. Важна памятаць пераломныя, трагічныя моманты ў найноўшай гісторыі.

З добрых навінаў — звальненьне адыёзнага міністра Ігара Шуневіча. Хваляваліся, ці ня будзе такім жа адыёзным новы кіраўнік МУС, але пакуль ён сябе ў ролі Шуневіча не праявіў.

Фрагмэнт з сэрыялу
Фрагмэнт з сэрыялу

Важным для нашага разуменьня беларускіх і ня толькі беларускіх зьяваў быў фільм HBO «Чарнобыль». Спадзяюся, што ён дапамог задумацца пра гэтую трагедыю розных людзей і групаў. Найперш у Беларусі. Рэфлексаваць пра гэтую падзею, пра розных удзельнікаў, пра адказнасьці і датычнасьці вельмі важна для нашага грамадзтва. Гэта розныя спосабы кансалідацыі і прыняцьця адказнасьці.

«Падзея са знакам мінус — крыжалом у Курапатах»

Наста Дашкевіч: Я была зьдзіўленая, што большасьць маіх сваякоў, якія абсалютна апалітычныя, паглядзелі фільм «Чарнобыль» і шмат што пачыталі. Гэта моцны цьвік у труну дэкамунізацыі нашай краіны, зьмены сьвядомасьці.

Для мяне самая важная, эпахальная, мэтафарычная падзея — перапахаваньне паўстанцаў. Што ня могуць зрабіць жывыя людзі ў Беларусі, робяць мёртвыя. Гэта клічнік і ў пытаньні незалежнасьці нашай краіны, і ў пытаньні будучыні і пэрспэктывы. Перапахаваньне адбылося моцна і ўзьнёсла. Тое, што столькі беларусаў прыехалі, сьведчыць пра тое, што гэта многім не абыякава, і ёсьць надзея для незалежнай эўрапейскай Беларусі.

4 красавіка 2019. Дэмантаж крыжоў у Курапатах.
4 красавіка 2019. Дэмантаж крыжоў у Курапатах.

Падзея са знакам мінус — крыжалом у Курапатах. Зноў гэты чалавек, які завецца кіраўніком нашай краіны, адным словам «наводзіць парадкі» у Курапатах, другім прыбірае фотарадары на дарогах. Гэта жахліва, што адзін чалавек робіць усё. Безумоўна, пагроза незалежнасьці Беларусі, тая эканамічная багна, у якую зацягнутая наша краіна, гэтыя гульні з Расеяй у пытаньні энэргарэсурсаў — гэта мінус, таму што мы ўвесь час на такім кручку. Ад нас, жыхароў Беларусі, нібыта нічога не залежыць у такой глябальнай геапалітычнай павестцы дня.

«Зьміцер Дашкевіч і Павал Каралёў, якія ўмеюць дамаўляцца»

— Наступная намінацыя — «Мужчына 2019 году». Паводле вынікаў галасаваньня ў суполцы лідзіруе пажарны Арцём Грэкаў, які змагаецца за права пайсьці ў дэкрэтны адпачынак. Сярод іншых прэтэндэнтаў, за якіх галасавалі, актывіст «Нашага дому» Руслан Гусейнаў і грамадзкі лідэр Зьміцер Дашкавіч, блогер Nexta ды іншыя. Якія вашыя прэтэндэнты на мужчыну/мужчын году?

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Ганна Севярынец: Сёлета было два мужчыны, якія вельмі паўплывалі на мяне сваім стаўленьнем да грамадзкага актывізму і сваімі пазыцыямі, якія агучваюць, згодна зь якімі дзейнічаюць. Гэтыя два чалавекі робяць, а ня кажуць. Людзі справы. Гэта найперш Зьміцер Дашкевіч. Сёлета шмат зь ім гутарыла і на курапацкай варце і па-за вартай. Ён адкрыўся для мяне як чалавек і шмат пра што прымусіў мяне саму задумацца.

Павал Каралёў
Павал Каралёў

Другі чалавек — Павал Каралёў, лідэр валянтэрскага руху на Вайсковых могілках. Назіраю за ягоным не публічным актывізмам, які ёсьць сапраўднай справай, калі працуеш не для таго, каб засьвяціцца, а робіш чорную працу. Гэта той актывізм, калі ня можаш не рабіць. Такога вельмі няшмат.

І Дзіма, і Павал за гэты год навучылі мяне, што ёсьць магчымасьць дамаўляцца. Ва ўсіх рухах, асабліва беларускіх, ёсьць праблемы, непаразуменьне, нейкія канфлікты, а гэтыя два чалавекі за гэты год паказалі, што беларусы ўмеюць яднацца, умеюць дамаўляцца, умеюць прымаць іншых.

Павал Баркоўскі, Сьцяпан Стурэйка, «Моладзевы блёк», Андрэй Завалей

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

Вольга Шпарага: У мяне свой сьпіс, але ключавы панятак — супрацоўніцтва паміж розным супольнасьцямі, рознымі людзьмі. Важнай падзеяй быў фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Адзін з кіраўнікоў гэтага праекту, філёзаф Павал Баркоўскі ўклаў душу ў гэты праект.

Сьцяпан Стурэйка
Сьцяпан Стурэйка

ICOMOS-Беларусь праводзіў конкурс «Спадчына ў дзеяньні». Сярод тых, хто найлепшым чынам працуе са спадчынай, я б хацела адзначыць Сьцяпана Стурэйку, хто ўзначальвае апошнія гады ICOMOS-Беларусь. Дзейнасьць арганізацыі стала заўважнай.

Хачу адзначыць мужчынаў, якія ўваходзілі ў «Моладзевы блёк» на парлямэнцкіх выбарах.

Андрэй Завалей
Андрэй Завалей

Здорава, што ён зьявіўся. У маім топе таксама актывіст ЛГБТ-супольнасьці Андрэй Завалей. Гэта важны, бачны, сьмелы герой, які не баіцца выступаць за правы ЛГБТ-людзей.

Віктар Марціновіч, Віктар Шапуцька, Пётра Маркелаў, Андрэй Дынько

Наста Дашкевіч: Мой мужчына і першы мужчына — безумоўна, мой муж. Я магу казаць гэта і субʼектыўна і часам нават абʼектыўна.

2007 год. Ганна Шапуцька з мужам Віктарам на Дні Волі
2007 год. Ганна Шапуцька з мужам Віктарам на Дні Волі

Працягнуць сьпіс можна Віктарам Шапуцькам. Мы часта кажам пра Ганну, якая на перадавой на курапацкай абароне, але побач зь ёй заўсёды ёсьць муж. Ён, магчыма, нешматслоўны, не дае інтэрвію, але ён заўсёды побач зь ёй. Для мяне гэта найвялікшы прыклад сямʼі, у якой падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта прыклад мужа, які падтрымлівае ідэі жонкі. Ён побач з Ганнай, ён яе абараняе, актыўна ўдзельнічае ў размовах зь людзьмі, якія прыяжджаюць у рэстарацыю, удзельнічае ў талацэ, якую яна арганізоўвае.

Пётра Маркелаў
Пётра Маркелаў

Удзельнікі «Моладзевага блёку», які ярка паказаў сябе падчас парлямэнцкай кампаніі. Гэта Пётра Маркелаў, які толькі вызваліўся з сутак. Ён як і Аліна, выкрыў фальсыфікацыі, зьняў іх на відэа, паказаў і адбыў за гэта пакараньне.

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Пісьменьнік Віктар Марціновіч, на аўтограф сэсію якога зьбіраецца чарга, і зараз адбылася экранізацыя ягонага раману. Гэта вельмі здорава, і мне хочацца гэтым ганарыцца.

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Рэдактар Андрэй Дынько, дзякуючы якому сёлета зьявіўся беларускамоўны часопіс для дзяцей. Для мяне гэта вельмі актуальна. Я радуюся і цешуся, што нарэшце гэта ёсьць. Удзячная спадару Андрэю, які пасьля «Нашай гісторыі» ня склаў рукі, не сказаў, што я — малайца і пасьпяховы, а далей шукае нішу, дзе можна разьвіваць беларушчыну.

Пэрсанальныя вынікі году

— А якія вашы пэрсанальныя вынікі году? Што дасягнутае, што страчана, чым ганарыцеся?

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: Чым далей жывеш, тым менш заўважаеш межы паміж гадамі. Абіраецца нейкая лінія. Гэты год быў не цяжэйшы і не лягчэйшы за іншыя. Ніводнай мэты — далёкай і добрай — пакуль ня зьдзейсьнілася, але ад ніводнай я не адмовілася. Гэта год на шляху. Дзякуй Богу, што такі ёсьць, што шляхам ідзеш і разумееш, што ідзеш, здаецца, правільна.

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

Вольга Шпарага: Быў добры год, які прайшоў пад знакам маёй кнігі «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии». Яна выйшла пры канцы 2018 году, але менавіта з 2019 годзе я атрымала мноства водгукаў. 400 асобнікаў кнігі цалкам разышліся. Я шмат выступала, давала інтэрвію. Стала больш сьмелай, расшырыла свае супольнасьці, і гэта ўласна тое, пра што мая кніга. Маёй самай блізкай супольнасьці ECLAB (Эўрапейскаму каледжу Liberal Arts у Беларусі) споўнілася пяць гадоў сёлета. І ў нас па-ранейшаму цудоўныя студэнты і студэнткі, якія адчуваюць сваю адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі.

Наста Дашкевіч
Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч: Найвялікшае дасягненьне гэтага году — мая дачка Магдалена. Агулам год быў няпростым. Ён распачаўся з гэтак званага крыжалому ў Курапатах. Нашая сямʼя і асабліва Зьміцер вельмі балюча ўспрынялі гэты факт. Тое, што нас натхняла, што абʼядноўвала грамадзтва, у адзін момант вырвалі эскалятарамі, кінуўшы ўсе крыжы ў кучу, ператварыўшы нібыта ў сьмецьце, і вывезьлі ў невядомым напрамку.

У той момант я мела 8-9 месяц цяжарнасьці, і ўсе хваляваньні, напэўна, упершыню сурʼёзна адбіліся на маім здароўі. Зьмітру прыйшлося ня проста ў квадраце. Была сытуацыя, калі ў адным пакоі ў нашай кватэры Зьміцер даваў інтэрвію журналістам, а ў іншым пакоі мне «хуткая дапамога» афармляла шпіталізацыю. Але ніколі не бывае бясконцая цемра. І Магдалена — напамін для нас, што ўсё горшае мінае, і ўсё будзе добра.

Таксама адзін з найвялікшых пасьпяховых вынікаў году — «Ноч расстраляных паэтаў», якая сёлета прайшла на больш высокім узроўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG