Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стала сумна». Упершыню вазочнік зь Беларусі паедзе ў кругасьветнае падарожжа


Саша Аўдзевіч, архіўнае фота

Саша Аўдзевіч зь Ліды сабраўся ў кругасьветнае падарожжа ў 2020 годзе. Наколькі яму вядома, ён першы вазочнік у сьвеце, які мае намер абʼехаць зямны шар.

Старт плянуецца зь Менску 25 сакавіка. Адтуль Саша паедзе ў Кіеў, а потым на ўсход, праз Індыю і Тайлянд у ЗША. Дахаты будзе вяртацца праз Заходнюю Эўропу. Маршрут прыблізны і, магчыма, зьменіцца. Хлопец разьлічвае вандраваць больш за год. У дарозе будзе сам.

Перасоўвацца вазочнік будзе на хэндбайку, тым самым, на якім у 2016 годзе праехаў 4 тысячы кілямэтраў па Эўропе. Пры неабходнасьці Саша паляціць самалётам або паплыве паромам.

Навошта яму гэтыя прыгоды, Аўдзевіч яшчэ не да канца асэнсаваў.

«Хіба стала сумна. Я не магу цяпер асэнсаваць сваю мэту і расказаць. Калі б мог, то не паехаў бы ў падарожжа, а пісаў бы кнігі і прадаваў», — кажа хлопец.

Адначасова ён хоча сваёй кругасьветкай паказаць, наколькі важна, каб у сьвеце была роўнасьць паміж рознымі групамі людзей, у тым ліку людзей з інваліднасьцю.

У дарозе Саша плянуе весьці відэаблог, праводзіць сустрэчы, наведваць офісы ААН, дзе ён цяпер валянтэрыць. Ён падкрэсьлівае, што гэта ягонае асабістае падарожжа, а не піяр-праект, над якім працуе група маркетолягаў.

Пакуль хлопец рыхтуецца ў дарогу. Самае складанае — рыштунак.

«У сьвеце не існуе прыстасаваньняў для падарожжа людзей з інваліднасьцю. Ніхто ня верыць, што гэта магчыма. Я сам усё прыдумляю, замаўляю», — расказвае мужчына.

Ён удасканальвае хэндбайк, бо цяпер дыстанцыя будзе значна большая, чым чатыры гады таму. На гэта трэба некалькі тысяч даляраў. Багаж разам з вазком будзе важыць каля 20 кіляграмаў.

Мама, якая апякуецца сынам з інваліднасьцю, паставілася да задумы скептычна. Сябры ў сацыяльных сетках папярэджваюць пра небясьпекі. Але сам Саша дарогі не баіцца.

«Не сказаў бы, што страшна. Адзінае, што халаднавата будзе ўвесну», — кажа ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG