Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта маліцца падчас мітынгу?


Акцыя за незалежнасьць супраць інтэграцыі з Расеяй, Менск 8 сьнежня
Акцыя за незалежнасьць супраць інтэграцыі з Расеяй, Менск 8 сьнежня

Сьцісла:

  • «Маліцеся ў сябе дома ці ў храмах, але не на вуліцы»; чаму хрысьціяне павінны хаваць сваю веру.
  • Варыянт «Я ня веру ў Бога» выбралі толькі 3,9 адсотка апытаных беларусаў.
  • У Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі лютэранства зьяўляецца афіцыйнай рэлігіяй.
  • У ЗША прэзыдэнты — і дэмакраты, і рэспубліканцы — клянуцца на Бібліі, і падчас інаўгурацыі разам са сьвятаром супольна чытаюць малітву.
  • Радыкальная антыхрысьціянская рыторыка большасьцю беларусаў будзе ўспрымацца рэзка нэгатыўна.

Вось ужо некалькі дзён у беларускім сэгмэнце «Фэйсбуку» зацята абмяркоўваюць тэму, ці варта было арганізатарам мітынгу супраць інтэграцыі прамаўляць са сцэны малітву «Ойча наш».

Калі вы раптам падумаеце, што мітынг набыў характар рэлігійнага шэсьця, то не. Уся акцыя працягвалася 3 гадзіны, а сама малітва — каля адной хвіліны. Але менавіта гэтая хвіліна вось ужо некалькі дзён бударажыць беларускія сацыяльныя сеткі.

Перш за ўсё хочацца сказаць, што арганізатары мітынгу маюць поўная права складаць сцэнар, тэмы, сьпіс выступоўцаў, асноўныя лёзунгі і ідэі. Калі яны палічылі, што малітва — гэта той чын, якія надасьць акцыі пэўны сэнс, выкліча станоўчыя эмоцыі і падтрымку ў прыхільнікаў, то гэта, паўтаруся, іхнае поўнае права. Пралічыліся яны ці не ў сваіх разьліках — пра гэта паразважаем ніжэй, але спачатку дазволю сябе пару рэплік наконт рэакцыі грамадзкасьці ў сацыяльных сетках.

Як мне здалося, даволі крывадушна гучалі аргумэнты ў стылі «Маліцеся ў сябе дома ці ў храмах, але не на вуліцы». Парадаксальна, што гэты аргумэнт выстаўлялі людзі, якія лічаць сябе прагрэсіўнымі і, напрыклад, выступаюць за гей-парады — не заўважаючы, наколькі гэта падобна на «Сядзіце дома, публічна не паказвайце свой гомасэксуалізм». Чаму раптам хрысьціянскія вернікі павінны хаваць ад астатніх сваю веру? Размова можа толькі ісьці пра палітычную мэтазгоднасьць публічнай праявы сваёй рэлігійнасьці, пра што мы і спрабуем разважаць у гэтым тэксьце.

Ці, напрыклад, аргумэнт, што ў Беларусі ёсьць ня толькі хрысьціяне. Ну так, у нас 0,1-0,2 працэнты юдэяў і прыблізна 0,5 працэнтаў мусульман. А астатнія 99 % вернікаў — хрысьціяне самых розных канфэсіяў... Скажу я вам, гэта даволі вялікі працэнт. Прадстаўнікі астатніх рэлігій, гаворачы сацыялягічнай мовай, знаходзяцца ў рамках статыстычнай пагрэшнасьці.

Варта нагадаць пра тое, што ва Ўкраіне на Майдане, у Літве, Польшчы, Грузіі малітвы была неад’емнай часткай барацьбы за свабоду і дэмакратыю і як мінімум не перашкодзілі перамозе пратэставых сілаў.

Мне спадабалася выказваньне аднаго атэіста, якія напісаў прыблізна так: «Я атэіст, і мяне ніяк не бянтэжыць і не хвалюе малітва. Што мне ад таго, што нехта зьвернецца па дапамогу да прыдуманай істоты, чаму мяне гэта павінна абураць?» Пры ўсёй іроніі, як мне здаецца, гэта зусім спакойная і ўзважаная, вельмі лягічная пазыцыя для чалавека, абыякавага ды хрысьціянства.

«Пакуль мяне ніхто не прымушае маліцца, сам факт малітвы мяне ніяк не кранае, гэтую хвілінку я спакойна пастаю, не беручы ў малітве ўдзел». Вельмі талерантная пазыцыя, у адрозьненьне ад тых апанэнтаў, якія сваім няўрымсьлівым абурэньнем дэманстравалі, што яны проста не пераносяць, ставяцца варожа да любых публічных праяваў хрысьціянства.

Што ж, маюць права і на такую пазыцыю. Але давайце прааналізуем, наколькі такі падыход прымальны ў сучасным беларускім грамадзтве.

Якое апытаньне ні вазьмі, можна гэта, можна гэта ці гэта — кожнае зь іх паказвае, што толькі 5-7 % насельніцтва Беларусі ніяк сябе не зьвязваюць з рэлігіяй. (Дарэчы, паводле ўсіх апытаньняў, беларускія жанчыны больш рэлігійныя за мужчынаў — і адсоткам вернікаў, і ступеньню рэлігійнай актыўнасьці).

Вядома, можна шмат дыскутаваць і прыводзіць розныя характарыстыкі наконт таго, што рэлігійнасьць у беларусаў даволі спакойная і памяркоўная (напрыклад, 33 % апытаных беларусаў сказалі, што ніколі ня моляцца), але факт у тым, што варыянт «Я ня веру ў Бога» выбралі толькі 3,9 %.

І вось палітыкі, якія 1) самі зьяўляюцца прынцыповымі вернікамі; 2) ведаюць гэтыя лічбы сацыялёгіі, вырашаюць, што супольная малітва за добрую справу ні ў якай ступені не пашкодзіць іхнай папулярнасьці і прыцягне да іх новых прыхільнікаў.

Наколькі абгрунтаванае гэтае перакананьне? Я не магу дакладна сказаць. Але я бачу, што Лукашэнка, які назваў сябе «праваслаўным атэістам» і відавочна не зьяўляецца практыкуючым вернікам, тым ня менш на рэлігійныя сьвяты ў прысутнасьці тэлекамер ходзіць у храмы. Напэўна, лічыць, што ў краіне, дзе 96 адсоткаў вызначаюць сябе як вернікі, гэта варта рабіць.

І калі вы скажаце, што гэтак толькі ў недаразьвітай Беларусі, то я зазначу, што тэзіс пра аддзяленьне царквы ад дзяржавы ў якасьці доказу «цывілізаванасьці», мякка кажучы, не зьяўлеццца аксіёмай.

У Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі лютэранства зьяўляецца афіцыйнай рэлігіяй (рэлігія, якая афіцыйна падтрымліваецца дзяржавай; у Нарвэгіі сьвятары маюць статус дзяржаўных службоўцаў). Моцная ступень рэлігійнасьці не замінае Польшчы дэманстраваць эўрапейскія рэкорды эканамічнага росту. У ЗША Бог паўсюль — на грашах, у школах, у выступах палітыкаў; амэрыканскія прэзыдэнты — і дэмакраты, і рэспубліканцы — клянуцца на Бібліі і падчас інаўгурацыі разам са сьвятаром супольна чытаюць малітву. Ня ў храме, і ня дома, а ў публічным месцы, на вачах сотняў тысяч людзей, многія зь якіх напэўна зьяўляюцца атэістамі.

Малітва падчас мітынгу можа абурыць ці зьбянтэжыць невялікую колькасьць фэйсбучных антырэлігійных актывістаў, але наўрад ці можа выклікаць вялікую нэгатыўную рэакцыю ў большасьці беларусаў. Можна спрачацца, наколькі глыбокай зьяўляецца рэлігійнасьць беларусаў.

Але факт, што царква, паводле апытаньняў, мае ў Беларусі адзін з самых высокіх рэйтынгаў сярод усіх грамадзкіх інстытуцыяў. Лягічна будзе меркаваць, што палітык, які зьвяртаецца да рэлігіі ў нейкай памяркоўнай форме, хутчэй набывае, чым страчвае. А радыкальная антыхрысьціянская рыторыка, спроба выцісканьня рэлігіі з усялякага публічнага жыцьця большасьцю беларусаў будзе ўспрымацца рэзка нэгатыўна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG