Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над сьвятарамі за малітву ў абарону Курапатаў адклалі. Але не спынілі


Айцец Вікенці (Віктар Кавалькоў) у судзе
Айцец Вікенці (Віктар Кавалькоў) у судзе

Суд Цэнтральнага раёну Менску адклаў адміністрацыйны працэс над ераманахам Вікенціем (Віктарам Кавальковым).

7 красавіка ён правёў малебен у абарону Курапатаў каля праваслаўнага катэдральнага сабору ў Менску. Тады сабралася больш за 200 чалавек, затрыманьняў не было.

Сьвятара непрызнанай Беларускай аўтакефальнай царквы абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі. «Стаяў на фоне забароненага бел-чырвона-белага сьцяга», — запісана ў пратаколе.

Суд пачаўся яшчэ 28 траўня, але запатрабаваліся дакумэнты аб інваліднасьці і прыналежнасьці да царквы. Пасьпелі дапытаць толькі сьведку-міліцыянта і прагледзець відэа. Айцец Вікенцій сваёй віны не прызнаў і заявіў пра недавер суду.

«Гэта была малітва, а ня мітынг. Хіба для малітвы патрэбны дазвол?», — абараняўся ён.

Судзьдзя Іван Касьцян пачаў працэс з пытаньня да айца Вікенція пра паходжаньне ягонай інваліднасьці. Калі той патлумачыў, што прызнаны інвалідам пасьля ўдзелу ў вайсковых дзеяньнях у Аўганістане, працэс быў зноў спынены.

«Справа вяртаецца для выпраўленьня недахопаў», — абвясьціў судзьдзя. Калі працэс аднавіцца, ён не паведаміў.

Летась айца Вікенція судзілі ў Першамайскім раённым судзе за тое, што зьбіраў міласьціну сярод жыхароў раёну, дзе ён пражывае. Суд пастанавіў, што ў ягоных дзеяньнях няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня, і спыніў справу.

Днямі айцец Вікенцій атрымаў для азнаямленьня пратакол за ўдзел у Чарнобыльскім шляху. У суд сьвятара яшчэ не выклікалі.

Айцец Леанід Акаловіч, архіўнае фота
Айцец Леанід Акаловіч, архіўнае фота

Таксама ў Цэнтральным раённым судзе Менску адбыўся працэс над сьвятаром Беларускай аўтакефальнай царквы Леанідам Акаловічам — яшчэ адным удзельнікам малітвы за Курапаты.

Яго вінавацілі ў парушэньні часткі 1 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях — удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі каля каталіцкага Архікатэдральнага касьцёлу. Сваёй віны сьвятар не прызнаў.

«Нічога не парушаў, не разумею, за што мяне судзяць. Я ішоў да плошчы Свабоды і сустрэўся з айцом Вікенціем ужо каля катэдральнага сабору. Але ніякага мітынгу там не было. Толькі я прачытаў малітву ў голас, як да нас з касьцёлу выйшаў малады служка, папрасіў адыйсьці. І людзі разышліся», — сказаў ён суду .

Сьвятар таксама ўдакладніў, што яго ніхто не папярэджваў пра незаконнасьць сходу, ніякіх пратаколаў на месцы ў адносінах да яго праваахоўнікі не складалі.

Пра ўдзел сьвятара ў несанкцыянаваным масавым сходзе сьведчыў міліцыянт Антон Жукавец. Ён заявіў, што сьвятар прамаўляў малітву і стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам. Яго нібыта папярэдзілі пра незаконнасьць акцыі. Гэтыя паказаньні айцец Леанід назваў агаворам.

«Як на духу кажу: ніхто мяне не папярэджваў. А што людзі там фатаграфаваліся, дык хіба гэта нельга?» — зьдзіўляўся айцец Леанід.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня пасьля гэтага спыніла працэс і абвесьціла перапынак да 30 траўня. Прычыны названыя не былі.

«Да чаго дайшло! Сьвятароў за малітву пычалі судзіць! А заўтра дойдзе, што зноў будуць расстрэльваць у Курапатах», — абураўся пасьля паседжаньня айцец Леанід.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG