Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прарасейскасьць беларусаў»: канец міту


Пратэст супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй у Менску, 7 сьнежня 2019 году

Калі чарговы раз нешта пачуеце аб «прарасейскай большасьці беларусаў», пакажыце ім фатаздымак пустой Кастрычніцкай плошчы, дзе меў быць мітынг прарасейскіх актывістаў Беларусі.

Сьцісла:

  • Прарасейскія актывісты ў Менску перакрэсьлілі высілкі шматлікіх антыбеларускіх прапагандыстаў.
  • Цяпер штораз, калі хтосьці кажа аб «прарасейскай большасьці» ў Беларусі, можна дэманстраваць здымак пустой плошчы на «мітынгу за інтэграцыю».
  • Што да «большасьці», то калі зрабіць расейскія ТВ-каналы платнымі, то словы расейскіх прапагандыстаў зьнікнуць з размоваў многіх людзей.
  • Гэта не асаблівасьць Беларусі, так збольшага паўсюль — перамены робіць актыўная меншасьць.

Калі чарговы раз нешта пачуеце аб «прарасейскай большасьці беларусаў», пакажыце ім фатаздымак пустой Кастрычніцкай плошчы, дзе меў быць мітынг прарасейскіх актывістаў Беларусі. Гэты здымак як «джокер» у покеры перабіў камбінацыі расейскіх прапагандыстаў з «тузоў» і «каралёў».

Аргумэнт пра тое, што ў «рускамірцаў» Беларусі няма грошай плаціць штрафы за несанкцыянаваны мітынг, не вытрымлівае крытыкі. За ідэі людзі і за краты не баяцца трапіць. А ў «Россотрудничества» грошай хопіць на большае, чым штрафы. Дый як бы выглядаў перасьлед за мітынг падтрымкі інтэграцыі з Расеяй у часе сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна?

Я ўжо пяць гадоў, ад пачатку актывізацыі «ўкраінскіх падзеяў», чую аб «прарасейскіх настроях большасьці беларускага насельніцтва». «У нас (называецца невялікі раённы цэнтар) усе падтрымалі Пуціна ў Крыме! Значыць, і Беларусь здадуць!» — ледзь не крычыць інтэрнэт-актывіст у папулярнай сацыяльнай сетцы. А ў мяне перад вачыма цёткі, якія грудзьмі кідаліся на БТРы ўкраінскіх вайскоўцаў на Данбасе. А вайсковыя не адразу наважыліся ўжываць зброю, ім псыхалягічна было прасьцей тую зброю аддаць «мірнаму насельніцтву».

Калі пачынаеш удакладняць у беларускіх алярмістаў, ці будуць нашыя цёткі з раённых цэнтраў класьціся перад менскімі БТРамі за сваю мару жыць у Расеі, суразмоўцы ніякавеюць. Тут жа ўсплывае цікавая статыстыка. Прыблізна, з памяці: 60% падтрымалі «Крым наш», але толькі 3% за ўваход у склад РФ, а 25% гатовыя хоць сёньня ўзяць зброю для абароны незалежнасьці. Што ня так? Фактар мас-мэдыя. Зрабіце платнымі расейскія ТВ-каналы — іх аматары самастойна ў інтэрнэце не адшукаюць столькі хлусьні. З тэлевізарам прасьцей.

Сваю тэорыю я пацьвердзіў у часе справы «Рэгнуму», калі антыбеларускіх прапагандыстаў жорстка пакаралі за пэрсанальную крытыку Лукашэнкі як «галоўнага нацыяналіста». Нават «рускамірскія» актывісты ў сеціве прызналі, што расчараваныя пасіўнасьцю людзей, якія на словах «за Расею». Абсалютна легальна можна было прыйсьці падтрымаць «рэгнумцаў» у судовых залях. Прыйшлі адзінкі. Ніякай заўважнай масавасьці не было. Кропку паставілі акцыі «дармаедаў» 2017 году, калі на мітынгах пару разоў спрабавалі крычаць прарасейскія лёзунгі, і гэтым актывістам удзельнікі мітынгаў — простыя рабацягі — прыкрывалі раты.

Так, безумоўна, ня варта заспакойвацца. Людзі бяз прынцыпаў альбо з нявызначанай пазыцыяй заўсёды прымушаюць быць у тонусе. Ніколі ня ведаеш, куды і ў выніку чаго хісьнецца маятнік. Але і перабольшваць «прарасейскасьць» суайчыньнікаў ня варта.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG