Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дэпутат Варанецкі не прайшоў тэст на ляяльнасьць


Валер Варанецкі, архіўнае фота
Валер Варанецкі, архіўнае фота

У Палаце прадстаўнікоў вызначылі 14 старшыняў парлямэнцкіх камісіяў. Кіраўнікоў памянялі кардынальна: на ранейшых пасадах засталіся толькі двое. Гэта Ігар Марзалюк (камісія адукацыі, культуры і навуцы) і Людміла Макарына-Кібак (камісія аховы здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі).

Абодва гэтыя дэпутаты — людзі публічныя. Спадар Марзалюк часта мільгае на тэлеэкранах, вядзе праграму на канале СТВ. Ён адзіны з усіх дэпутатаў, якога Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам. Спадарыня Макарына-Кібак, якая, будучы дэпутаткай Палаты шостага скліканьня, абараніла доктарскую дысэртацыю, таксама даволі часта камэнтуе розныя падзеі.

Людміла Макарына-Кібак
Людміла Макарына-Кібак

«Засьвяціліся» яны і ў першы працоўны дзень новай Палаты. Менавіта Ігар Марзалюк прапанаваў абраць сьпікерам (чацьверты раз запар) Уладзімера Андрэйчанку. А Людміла Макарына-Кібак адразу за ім расказала, як ёй асабіста, ды і ўсім іншым яе калегам добра працавалася пад кіраўніцтвам спадара Андрэйчанкі. Іхная ляяльнасьць, відавочна, была заўважана.

Працэдура абраньня старшыняў камісіяў адпрацаваная ўжо даўно. І яна не зьмяняецца ад кадэнцыі да кадэнцыі. Так было і сёлета. Уладзімер Андрэйчанка спачатку называе камісію, з кіраўніком якой трэба вызначыцца. І пытае: хто мае канкрэтныя прапановы? Адпаведна хтосьці з дэпутатаў падыходзіць да мікрафону і агучвае канкрэтнае прозьвішча. Ніякай альтэрнатывы звычайна не прадугледжваецца. Сёлетняя працэдура гэта толькі пацьвердзіла: на 14 вакансіяў назвалі роўна 14 прозьвішчаў. І гэта не пакідае сумневу: усе прызначэньні ўзгодненыя загадзя.

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Не было конкурсу і пры вызначэньні старшыні міжнароднай камісіі. На пасаду прапанавалі Андрэя Савіных. Мне пры гэтым адразу ўспомнілася сытуацыя з вызначэньнем сьпікера. Тады ў перапынку для галасаваньня спадар Савіных запэўніваў групу журналістаў, што старшыню міжнароднай камісіі абавязкова абяруць праз конкурс. Альбо Валерыя Варанецкага, альбо самога Савіных. Я тады пажартаваў: будзе і трэці канкурсант. Савіных аж спалохаўся: а хто трэці?

«Дрэнна слухаеце сваіх калег. Вось Думбадзэ толькі што казаў з трыбуны, што ён абʼехаў шмат краін. Чаму ж яму ня быць канкурэнтам?» — усьміхнуўся я.

Дарэчы, Савіных першым з дэпутатаў-навічкоў падняўся на трыбуну, каб сказаць, што падтрымлівае кандыдатуру Андрэйчанкі.

Альтэрнатывы ў Савіных, як і ў 13 ягоных калегаў, не было. І таму ўзьнікае пытаньне: чаму ж не пераабралі Варанецкага, як Марзалюка альбо Макарыну-Кібак? Бо калі параўноўваць двух дыпляматаў, то заслугі Варанецкага непараўнальна больш важкія. Ён быў амбасадрам у дзьвюх краінах (Славаччына і Аўстрыя), а ягоны візаві толькі ў Турцыі. Варанецкі займаў пасаду намесьніка міністра замежных справаў, Савіных — толькі начальніка ўправы МЗС.

Аднак нават ня гэта галоўнае. Найважнейшае ў парлямэнцкай дзейнасьці Варанецкага — ягоныя пасьпяховыя намаганьні дзеля легітымізацыі Палаты прадстаўнікоў. Іх вяршыняй стала правядзеньне ў ліпені 2017 году летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску. Варанецкі, які да восені 2016 году быў амбасадарам у Аўстрыі і адначасова сталым прадстаўніком Беларусі пры АБСЭ, асабіста прыклаў да гэтага шмат высілкаў. У Палаце прадстаўнікоў ён арганізаваў афіцыйны візыт Андрэйчанкі ў Швайцарыю і яшчэ некалькі важных дзяржаваў.

І тым ня менш пасаду старшыні камісіі за Варанецкім не пакінулі. Думаю, таму, што за тры гады знаходжаньня ў Палаце ён паказаў сябе залішне самастойным і адважным у пэўных выказваньнях. Не хавае сваёй пазыцыі. Шчыры патрыёт Беларусі і адкрыта пра гэта гаворыць. Мне асабіста (а знаёмыя мы ўжо гадоў 25) неаднойчы казаў, што ён глыбока акунуўся у гісторыю Беларусі і лічыць ВКЛ найважнейшаю парою нашае гісторыі. Не хаваў сваіх поглядаў наконт Курапатаў, ролі Каліноўскага ды іншых актуальных праблемаў айчыннай гісторыі. Выкладаў свае думкі ў сацыяльных сетках, не адмаўляў у інтэрвію незалежным мэдыя. Выказваў меркаваньне, што адсутнасьць апазыцыі ў новым складзе парлямэнту вымусіць пачынаць працу для яго міжнароднай легітымізацыі «з нуля».

І пры гэтым не выскокваў на трыбуну, каб публічна прадэманстраваць сваю асабістую ляяльнасьць і адданасьць кіраўніку Беларусі. Што, відаць, і каштавала яму былой пасады.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG