Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьверты тэрмін Уладзімера Андрэйчанкі. Чаму Лукашэнка ня хоча мяняць сьпікера


Уладзімер Андрэйчанка, архіўнае фота

6 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на безальтэрнатыўнай аснове абралі Ўладзімера Андрэйчанку сваім старшынём. Для Андрэйчанкі, якому ў студзені 2020 году споўніцца 71 год, гэта ўжо чацьвёртая кадэнцыя запар, падчас якіх ён кіруе Палатай.

Раней нічога падобнага не было. Першым кіраўніком створанай у 1996 годзе ніжняй палаты быў Анатоль Малафееў. Затым яго зьмяніў Вадзім Папоў. Трэцім быў Уладзімер Канаплёў, які не дапрацаваў адзін год да заканчэньня сваіх паўнамоцтваў. Тады давялося на апошні год вяртаць на пасаду Папова. А старшынём Палаты чацьвёртага скліканьня ў кастрычніку 2008 году стаў Уладзімер Андрэйчанка. Такім чынам, ён нязьменна на пасадзе ўжо 11 гадоў.

Многія зьдзіўляюцца: чаму Андрэйчанка не пайшоў на ганаровую пэнсію? Сёньня ў кулюарах Авальнай залі дамінавала вэрсія, што гэта зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія павінны адбыцца ў 2020 годзе. Мне падаецца, што гэтая прычына — не галоўная. Па вялікім рахунку, ніжняя палата Нацыянальнага сходу непасрэдна на вынікі выбараў не ўплывае. Калі нешта здарыцца з прэзыдэнтам, то, паводле Канстытуцыі, кіраўніцтва краінай пераходзіць да прэм’ера. Палата прадстаўнікоў, праўда, можа ініцыяваць імпічмэнт кіраўніку дзяржавы. Але толькі ініцыяваць, расьсьледаваньне праводзіць і выносіць свае рэкамэндацыі Савет Рэспублікі. Галасуюць за магчымы імпічмэнт абедзьве палаты.

Так што ў чарговага прызначэньня Андрэйчанкі ёсьць іншыя, больш важкія прычыны.

Першая, на мой погляд, такая: менавіта ён мусіць спыняць спробы ўзьдзейнічаць на сытуацыю ў Беларусі з боку Расеі. Ня варта забываць, што з усіх структураў так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі больш-менш дзейнічае Парлямэнцкі сход. Тут справа нават ня ў тым, што парлямэнтары дзьвюх краін прымаюць нейкія рашэньні. У гэтым іхныя магчымасьці абмежаваныя. Напрыклад, Парлямэнцкі сход ужо даўно ініцыяваў адмену роўмінгу на тэрыторыі дзьвюх краін. Аднак адпаведнага рашэньня дагэтуль няма. І сёньня, як гэта ні выглядае дзіўным, званок з Мэльбурна ў Маскву таньнейшы, чым такі ж па працягласьці званок зь Менску.

Супольныя сустрэчы дэпутатаў дзьвюх краін — падстава для знаёмстваў, нефармальных кантактаў, прыватных размоваў і асабістага сяброўства. І гэта дастаткова небясьпечна для беларускага боку. Бо праз гэта ў расейцаў зьяўляюцца дадатковыя магчымасьці ўзьдзейнічаць на сытуацыю ў Беларусі. І тут Андрэйчанка зь ягоным сапраўды велізарным досьведам асабліва патрэбны.

Тым больш што ніхто пакуль ня ведае, як будуць разьвівацца беларуска-расейскія дачыненьні далей. Ня выключана, што яны могуць істотна зьмяніцца за кошт актыўнага ўмяшаньня Масквы ў беларускія справы. І тут Лукашэнку вельмі патрэбны цалкам адданы кіраўнік Палаты, які мог бы спыніць такія ініцыятывы на парлямэнцкім узроўні.

Другая прычына выразна праглядаецца ў абраньні віцэ-сьпікера. Ім сёньня стаў Валер Міцкевіч — былы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Упершыню за ўсе 23 гады існаваньня Палаты намесьнікам старшыні стане прафэсійны юрыст.

Валер Міцкевіч
Валер Міцкевіч

Я думаю, гэта не выпадкова. Абраньне спадара Міцкевіча — яскравы сыгнал, што менавіта Палата сёмага скліканьня зоймецца зьменамі Канстытуцыі. Гэта пацьвердзіў і Лукашэнка падчас апошняй сустрэчы з дэпутатамі, паабяцаўшы, што яны далучацца «да працы па ўдасканаленьні Канстытуцыі».

Мэта зьменаў, як ужо адзначалася раней, — «удасканаленьне сыстэмы кіраваньня». У самых агульных рысах гэта азначае перадачу часткі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў ураду і парлямэнту. Менавіта Міцкевіч з Андрэйчанкам і будуць праводзіць праз заканадаўства тыя зьмены, якія палічыць неабходнымі Лукашэнка.

За Ўладзімера Андрэйчанку прагаласавалі 109 дэпутатаў са 110. Гэтаксама было і тры гады таму. Але тады Ганна Канапацкая адразу казала журналістам, што гэта яе бюлетэнь быў «адмоўным» для Андрэйчанкі. Сёньня галасаваньне таксама было таемнае, праз скрынку.

Уладзімер Андрэйчанка — дэпутат пяці кадэнцый. Акрамя Палаты прадстаўнікоў, ён уваходзіў у Вярхоўны Савет 12 скліканьня. На час абраньня ён быў першым сакратаром Верхнядзьвінскага райкаму КПБ. У лістападзе 1994 году Лукашэнка прызначыў Андрэйчанку кіраўніком Віцебскай вобласьці. Тады гэтае прызначэньне тлумачылі дзьвюма прычынамі. Па-першае, за чатыры гады супольнай працы ў Вярхоўным Савеце Лукашэнка пераканаўся, што ягоны пратэжэ ніколі ня будзе для яго альтэрнатывай. А па-другое, Лукашэнку яўна імпанавала аграрнае мінулае Андрэйчанкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG